Для известного художника Владимира Прокопцова Лепельщина родная

img_9109У раённым краязнаўчым музеі працуе выстава жывапісных работ мастака, дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Пракапцова. На адкрыцці прысутнічалі старшыня райвыканкама Міхаіл Кісялевіч, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ігар Урбан, намеснік старшыні райвыканкама Віктар Азаронак і іншыя адказныя асобы. Пабачыць творы мастака пажадала таксама шмат яго сяброў і знаёмых, з якімі звязаны ўспаміны пра першыя крокі ў творчым жыцці.
Пасля заканчэння мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педагагічнага інстытута ў 1975 годзе Уладзімір Іванавіч быў накіраваны на працу другім сакратаром у Лепельскі раённы камітэт камсамола.
– Гэта былі шчаслівыя часы, – успамінае творца. – Мы былі маладыя, мелі творчы запал і адгукаліся на ўсе смелыя заклікі і ідэі. Памятаю, нам асабліва падабалася працаваць на ўборцы камянёў на калгасных палетках у Пышне і прылеглых вёсках. Сёння мне асабліва прыемна бачыць сярод гасцей камсамольскую актывістку Ларысу Скавародку, сакратара камсамольскай арганізацыі Бярэзінскага запаведніка Міхаіла Кудзіна. Дарэчы, камсамольская арганізацыя запаведніка была адной з самых шматлікіх у раёне – тут налічвалася больш за 100 ­удзельнікаў.
Адкрыццё выставы невыпадкова адбылося напярэдадні Дня камсамола – свята, якое шырока адзначалася ў савецкі час.
Пасля шчырых віншаванняў гасцей Уладзімір Іванавіч падрабязна расказаў пра свае работы:
– Многія мае карціны створаны на пленэрах, калі я бачыў прыгожыя, непаўторныя краявіды. Напрыклад, ёсць карціна з адлюстраваннем зімовага возера ля Астрашыцкага Гарадка. Наступны твор – замерзлая пад вадой лодка, якая праглядваецца праз акенца лёду. «Самотнасць» – такую назву атрымала карціна, прысвечаная Максіму Багдановічу. Космас, зямля-стол і на ёй – аркуш паперы, на якім зморшчынамі вымалёўваецца крыж. Паэт нясе свой крыж па жыцці… Наступную карціну я б назваў парафраз. Ёсць знакамітая карціна Марка Шагала «Прагулка над горадам», дзе мастак разам са сваёй музай Бэлай плыве над Віцебскам. Мяне мая муза занесла ажно на месяц. На ім мы ляцім, а пад намі – і Віцебск, і Эйфелева вежа Парыжа. Гэта Полацк, краявід Сафійскага сабора прыдуманы. Далей прадстаўлена адна з маіх першых карцін. «Мамін пачастунак» – студэнцкая работа. Я знайшоў яе на гарышчы, адрэстаўраваў – і вось яна на выставе. А на творы побач – мой бацькоўскі дом, дзе і зараз жыве мая мама. «Вытокі» – філасофская работа. Я хацеў паказаць вытокі нашай Радзімы. З ручая пачынаюцца рэкі, у мурах праглядваюцца абрысы жанчыны. З гэтага і пачынаецца Радзіма Беларусь. У наступным творы адлюстравана возера Святое ў Лепелі: вада знутры свеціцца купаламі, званы нібыта гучаць…
Мастак мог яшчэ яшчэ больш распавядаць пра карціны і вобразы, якія яго натхнялі. Аднак лепш за ўсё прыйсці і пабачыць жывапісныя работы.
Я ж папрасіў падзяліцца сваімі ўражаннямі ад выставы вядомага ў раёне мастака Аляксандра Саўчанку:
– Ужо шмат гадоў Уладзімір Іванавіч працуе дырэктарам Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Няцяжка ўя­віць сабе, які вялікі аб’ём працы ён выконвае штодзень. Часта мастакі на падобных пасадах вымушаны прыпыняць творчую дзейнасць, каб паспяхова выконваць абавязкі адміністратара. І таму я здзіўляюся, што Уладзімір Іванавіч пры такой вялікай загружанасці знаходзіць сілы для таго, каб займацца непасрэдна мастацтвам, пісаць карціны. Ды якія!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.