У лепельчан — диплом за самоотверженный труд

img_9801Першае і адзінае месца працы. Такія адносіны да сваёй справы былі вельмі распаўсюджаныя, асабліва ў савецкі час. Зараз жа нярэдка людзі мяняюць месцы працы, шукаючы для сябе лепшага: большых заробкаў, камфортных умоў і прэстыжу. А таму вялікую павагу выклікаюць людзі, якія знайшлі справу свайго жыцця.

Напярэдадні свята аўтар гэтых радкоў сустрэўся з Людмілай Паўлаўнай, калі ёй уручылі чарговую ўзнагароду – дыплом абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу за перамогу ў вытворчых спаборніцтвах. На працягу месяца жанчына надаіла ад сваіх кароў найбольшую коль­касць малака ва ўсёй вобласці. Для таго, каб павіншаваць калегу і сяброўку, сабраўся амаль увесь працоўны калектыў фермы. У адрас Людмілы Паўлаўны былі выказаны шчырыя словы падзякі і глыбокай павагі.
– Раскажыце, калі ласка як пачынаўся ваш шлях да прафесіі, – звяртаюся да перадавой работніцы.
– Нарадзілася я ў вёсцы Саламахі Лепельскага раёна. Калі была маленькая, бацькі пераехалі ў Велеўшчыну. У гэтай жа вёсцы я і пайшла ў школу. З таго часу з Велеўшчынай звязана ўсё маё жыццё.
– А калі вы прыйшлі працаваць на ферму?
– У 1992 годзе, амаль адразу пасля заканчэння школы. У мяне фактычна іншага выбару не было. З таго часу тут і працую. Былі толькі перапынкі, калі ішла ў водпуск па доглядзе дзіцяці.
– Распавядзіце крыху пра час, калі вы пачыналі працаваць.
– У 1992 годзе яшчэ дзейнічаў калгас «Радзіма». Аднак больш правільна было б сказаць «існаваў», бо тады пачаўся заняпад гаспадаркі. Кіраваў калгасам Аляксандр Хейлік. Прызнацца, ад яго мала што залежыла: з сярэ­дзіны 1980-х гадоў старшыні калгасаў мяняліся, а справы усё роўна не паляпшаліся, пакуль «Радзіма», нарэшце, не была далучана да «Пражэктара».
Калі была пабудавана велеўшчынская ферма, яна лічылася дасканалай для свайго часу: малако надойвалася ў бачкі, у хлявы можна было заехаць на трактары, а не толькі на кані і калёсах, гной выдаляўся транспарцёрам. Падчас далейшых мадэрнізацый даенне ў бачок змянілася на даенне ў малакаправод…
– Людміла Паўлаўна, раскажыце, калі ласка, пра дзень сённяшні.
– Працуем зменамі на працягу 4 дзён, пяты – выхадны. Я даглядаю за групай з 55 кароў. Збірала іх некалькі гадоў. 30 кароў зараз у запуску, пасля Новага года чакаецца перыяд масавага расцёлу.
– Калі не сакрэт, які зараз у вас заробак?
– Зімой, калі шмат кароў у запуску і малака адносна мала, мой заробак складае каля 500-530 рублёў за месяц. З іх 400 атрымліваю на рукі, астатняе ж пералічваецца ў краму, дзе можна набыць неабходныя тавары. Затое ў перыяд вялікага малака, які, дарэчы, у хуткім часе пачнецца, заробкі могуць дасягаць 800 рублёў.
УП «Пражэктар-Агра» па праве з’яўляецца адной з перадавых гаспадарак раёна. Грунтуючыся на трывалай вытворчай базе, там падтрымліваюць сваіх працаўнікоў. Так, да Новага года кожнаму работніку былі ўручаны харчовыя наборы, а сем’ям, дзе выхоўваюцца дзеці, – салодкія падарункі. Прадпрыемства па праве ганарыцца адданымі гаспадарцы працаўнікамі, такімі, як Людміла Шыдлоўская.
– Людміла Паўлаўна, ці думалі вы калі-небудзь змяніць месца працы?
– Можа калісьці такія думкі і былі, – сціпла адказала жанчына. – І ўсё ж, як бачыце, працую на ферме і мяняць яе не збіраюся.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.