У лепельскай Мядзвёдаўцы душа жыве

ШутоваНіна Пятроўна, хутка ўскінуўшы накідку, мокла пад дажджом, чакала скупшчыка, каб забраў лісічкі. Дождж мацнеў. Такой мы яе і ўбачылі ў роднай Мядзвёдаўцы, бліскучай пад летнім цёплым дажджом, заўсёды незадаволенай сабой, самаахвярнай.

Такая яна і ў жыцці — бліскучая ў неаднастайнасці, катэгарычная, змоклая да ніткі ў творчым дажджы лёсу. Паэтэса, гаспадыня, маці і… слабая, як усе жанчыны, перад жыццёвымі нягодамі.
Хіба можна пра яе распавядаць традыцыйна, як пра іншых: нарадзілася, выйшла замуж, пайшла на пенсію!? Па-першае, паэты на пенсію не выходзяць. Паэзія і старасць — гэта нонсэнс. Па-другое, Ніна Пятроўна не можа нікуды “выйсці”, бо ёй не ўласціва марудлівасць. Таму яна можа толькі “выскачыць”.
Выскачыла замуж. Як сама пасля зразумела, не вельмі абачліва. Ніна, урэшце, вярнулася на радзіму, а муж растаў, як красавіцкі снег пад цёплым сонейкам. Няўдалае замужжа, але ж не бывае ліха без дабра: засталося тры дачкі — самая каштоўная яе жыццёвая трыяда — Ірына, Зося і Вікторыя. І дзякуючы ім у Ніны Пятроўны ёсць шасцёра ўнукаў і праўнук, двухгадовы Максімка. Не чэзнуць дрэва карані, галіны цягнуцца да сонца.
Выскачыла жанчына на пенсію гэтак жа імкліва, як уварвалася ў працоўнае жыццё. Пачынала брыгадзірам у калгасе на Браслаўшчыне, заканчвала — бібліятэкарам у Поплаўках. І ўсё жыццё спрабавала, пачынала, зноў захаплялася чымсьці новым, нязведаным, цікавым…
Калі я зараз пералічу, куды Ніна Пятроўна паступала і на якіх пасадах працавала, чытачу стане сумна. І ён, баюся, зробіць памылковыя высновы наконт непастаянства яе характару. Таму скажу карацей: быць старшынёй гарсавета ці кіраўніком калгаса для яе таксама цікава і творча, як і быць бібліятэкарам ці пісаць вершы. Яна ніколі не бралася за справу, калі гэтая справа ёй не падабалася. Яе творчае шчасце — унутраная свабода. І колькі б ні казалі класікі камунізму, што жыць у грамадстве і быць вольным ад грамадства немагчыма, камуністка Ніна Шутава заўсёды адчувала гэтую ўнутраную разняволенасць, мабыць, таму падоўгу і не затрымлівалася на розных пасадах.
Выпусціла паэтэса кніжку. Няхай не ў выдавецтве, а проста самвыдатам: на камп’ютары сабрала ўсе свае лепшыя вершы пад адной вокладкай. Усё роўна ж “напісанае застаецца”. А зборнік назвала “Мая душа — у вянку Беларусі”.
Скажу больш канкрэтна: душа яе зараз не ў вянку Беларусі, а ў акружанай вяночкам лесу Мядзвёдаўцы, дзе паэтэса жыве на дачы вось ужо сем месяцаў. Збірае лісічкі і баравікі, дзеля чаго ў свае семдзесят пяць — а яна ніколі не хавала свайго ўзросту, ды людзі ніколі не верылі яе ўзросту — амаль штодня “выскоквае” ў лясок. Як тут не выскачыць, дажджы пайшлі — не празяваць бы баравічкоў! Гадуе козачку і казляня. Зусім не для малака. Сама кажа: “Малако казінае карыснае, калі хтосьці на казу працуе, а ты п’еш. Не для малака — для ўпрыгажэння жыцця. Каб не запасаць корму на зіму — гэта было б ужо занадта для немаладога ды і не вясковага (жыве ж у Бароўцы) чалавека, — казу трэба ўвосень здаць на мяса. А каб такога гвалту над жывёлай не рабіць, трэба прыстроіць яе на зіму “ў добрыя рукі”. Не сумнявайцеся, Ніна Пятроўна абавязкова прыстроіць, як, зрэшты, і розныя нарыхтоўкі — засолкі, варэнне, сухую садавіну і ягады, што, як вавёрачка, запасае ўсё лета на дачы дзецям, унукам, проста добрым людзям на добрую памяць. Яна шчодрая.
На радзіме душа адпачывае. Радзіма для жанчыны — Мядзвёдаўка, хоць нарадзілася ў далёкаўсходнім горадзе Краскіна. Ды што яна там бачыла? Ведае пра Далёкі Усход толькі па ўспамінах маці. Бацькі пераехалі, калі ёй не было і шасці месяцаў. Ды якое там бацькі! Пераехала маці, бацька-энкавэдэшнік знік. Быў непрыкметна рэпрэсаваны, ды так, што нават маці настойліва параілі змяніць прозвішча. Дзеля гэтага “сасваталі” другога мужа, айчыма Ніны. Вось табе і з’ездзіла маці ў ліку трох медсясцёр-камсамолак на Далёкі Усход па прызыве Хітагуравай (гэта быў камсамольскі прызыў трыццатых гадоў).
Вярнулася маці адна з Далёкага Усходу. Багаж павінен быў ісці следам. Паехалі з бабуляй па багаж на станцыю, шкада было губляць — там і футра, і іншыя каштоўнасці. У Прымор’і людзі някепска жылі. Паехалі на станцыю, а тут — вайна. Які там багаж — паварочвай назад!
У 1942-43 гадах разбамбілі вёску і ўсіх развезлі па лагерах. Хто загінуў, як, напрыклад, шаснаццацігадовая прыгажуня Соня Барадзёнак, пад бомбамі. Трапілі ў сячкарню вайны і дзядзькі Ніны Пётр і Клім. Пятра вызвалілі з турмы добрыя людзі, якім у свой час дапамаглі яго сваякі. Клім трапіў у Германію і не вярнуўся. У Нямеччыне ледзьве не апынулася і маці Ніны. На золаку пастроілі жанчын ля копанкі і пачалі адбор. А маці маладая. Бывае ж! Сказала, што дакументы дома засталіся — і ёй паверылі, адпусцілі. Прыбегла дахаты, дакументы схавала ў жыта, а сама ў сажы вымазалася, хустку завязала і сядзіць, ледзь дыхаючы. На шчасце, пранесла.
Пасля вайны выжылі на чаях з бруснічнікам… Такое вось жыццё.
Ніна Шутава пра свой лёс піша:
Па жыцці я прайшла,
быццам бы галалёдам,
Хлеба я не знайшла,
што намазаны мёдам.
Сівізна валасоў
галаву аздабляе,
Не чутно галасоў тых,
душу хто натхняе…
Вершы пачала пісаць яшчэ ў чацвёртым класе. Тады ж пачала, ды так і не скончыла п’есу. Ды маці ўсё не верыла: то ў Лермантава спісала, то ў Пушкіна.
Куміраў у Ніны і сапраўды хапала. У дзяцінстве дзесяць тамоў М. Горкага перачытала. Любіла паэзію Маякоўскага, а асабліва — Максіма Танка. Як тут не любіць: “Заўтра пойдуць дзяўчаты чэрпаць вёдрамі золак…”
А бярэ жыццёвыя эпізоды Ніна Шутава заўсёды ў самой сябе — шмат прыйшлося перажыць. За плячыма — багаты падзеямі творчы лёс. Гады бягуць, жыццё ідзе… Ды ўсё лепшае яшчэ наперадзе і ўсё галоўнае яшчэ не напісана.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Ніна Шутава з дачкою пад час прэзентацыі кнігі ў чытальнай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.