У лепельскі раённы суд нярэдка звяртаюцца грамадзяне з заявай аб вызначэнні заробку для налічэння пенсіі, бо, здараецца, у архіве не захаваліся пэўныя дакументы

Перыядычна ў суд звяртаюцца грамадзне з заявамі аб вызначэнні заробкаў за пэўны перыяд для налічэння працоўнай пенсіі. Справа ў тым, што па розных прычынах у архівах не захаваліся дакументы аб заработных платах. Прычыны таму могуць быць самыя розныя. Напрыклад, напрыканцы 2013 года да нас звярнуўся грамадзянін, які нара­дзіўся і доўгі час быў у сталіцы Азербайджанскай ССР горадзе Баку. У 1980-х гадах там пачаліся масавыя хваляванні, сям’я стала ўцекачамі. Праз больш як 20 гадоў, калі надышоў пенсійны ўзрост, быў зроблены запыт на Бакінскі радыёзавод, дзе чалавек працаваў з 1975 па 1988 год. Аднак там дакументы аб заработнай плаце не захаваліся. Як жа пацвердзіць факт заробку і яго памеры?
Адным з дакументаў, якія суд прыняў як доказ, стаў прафсаюзны білет. У савецкія часы кожны член прафсаюза плаціў узносы ў памеры аднаго працэнта ад фактычнага заробку, аб чым кожны месяц рабіўся запіс у прафсаюзным білеце. Такім чынам, калі, скажам, запісана, што за снежань 1979 года слесар-зборшчык радыёапаратуры заплаціў прафсаюзны ўзнос у памеры 1 рубель 78 капеек, гэта азначае, што яго поўны заробак быў 178 рублёў. Аднак не ўсюды прафсаюзныя білеты запаўняліся старанна і дакладна. У заяўніка ён быў запоўнены толькі да 1981 года ўключна, што і паслужыла прычынай для частковага задавальнення яго патрабаванняў. У стаж і базу для налічэння пенсіі быў уключаны толькі перыяд з 1775 года па 1981.
У другім выпадку ў суд за абаронай сваіх правоў звярнуўся былы работнік камерцыйнай структуры. Прыватная кампанія дзейнічала на ўсёй тэрыторыі рэспублікі, у многіх раёнах мела свае філіялы. У Лепельскім заяўнік працаваў інжынерам-камплектоўшчыкам з 1996 па 1999 год, аб чым быў запіс у працоўнай кніжцы. Потым работнік звольніўся, перайшоў на іншае месца, а ў 2014 го­дзе надышоў час выходзіць на пенсію.
Як потым высветлілася, з 2005 года фірма спыніла сваю дзейнасць, была ліквідавана, а дакументаў не знайшлося ні ў Лепелі, ні ў іншых архівах. Аднак заробак за чатыры гады быў даволі істотным і мог значна паўплываць на памер будучай пенсіі.
На шчасце, захаваліся дакументы аб дзейнасці філіяла гэтай камерцыйнай структуры ў Пінску. Там былі звесткі аб заработнай плаце інжынера-камплектоўшчыка. Яны і сталі падставай для прыняцця рашэння аб задавальненні патрабаванняў, чалавеку пералічылі памер пенсіі.
Зыходзячы з практыкі падобных спраў, доказамі могуць быць выпіскі са штатнага раскладу, укладыш у працоўнай кніжцы, партыйныя і камсамольскія білеты, калі ў іх унесены запісы аб уплаце членскіх узносаў. Як доказы могуць быць прыняты і разліковыя лісткі (кніжкі).
Таму рэкамендую працуючым грамадзянам вельмі ўважліва ставіцца да фіксацыі сваіх адлічэнняў у пенсійны фонд, вядзення фінансавай дакументацыі.
Наталля СУШКО,
суддзя суда
Лепельскага раёна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.