У Лісабоне пад музыку Чайкоўскага любуюцца лепельскімі пейзажамі

Копия _MG_7769 Калі «забіць» у пошукавіку імя мастачкі Наталлі Яскевіч, адкрыецца цэлая старонка файлаў. Чытаем адзін з іх:

 «Нарадзілася ў Беларусі. У 1999 годзе закончыла ўніверсітэт імя П.М. Машэрава, мастацка-графічны факультэт. З 2001 года жыве ў Партугаліі, дзе займаецца жывапісам і працягвае адукацыю ва універсітэце Алгарве, Партугалія. Удзельнік выстаў у Партугаліі, Польшчы, Германіі, Іспаніі. Прымала ўдзел у міжнародных пленэрах у Польшчы, Партугаліі, Іспаніі. Уладальнік 1-й і 3-й прэміі міжнародных конкурсаў гарадоў-пабрацімаў Аямонт (Іспанія) і Віла-Рэал-дэ-Санту-Антоніу (Партугалія). Суаўтар праекта «Жывапіс, музыка і мультымедыя» (па сюіце П.І. Чайкоўскага «Поры года». Яе працы знаходзяцца ў прыватных калекцыях Расіі, Беларусі, Партугаліі, Іспаніі, Англіі, Ірландыі, Францыі, Германіі, Венесуэлы і Паўднёвай Афрыкі. Займаецца педагагічнай дзейнасцю».

 ”Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць…” Гэтыя радкі таксама і пра Наталлю Яскевіч. Нядаўна выпадкова даведаўся, што яна родам з Лепельшчыны. І вось я ў Матырыне, на радзіме мастачкі. Прыгожы цагляны домік амаль на школьным двары. Дворык падаецца мне нейкім своеасаблівым, не зусім вясковым. Так і патыхае “еўрапейскасцю”. У засені разнастайнага травеньскага рознаквецця — столік, табурэткі, кветкі ў вазонах. Вольна гуляе між кветак гарэзлівая кошка Ларыска. Жанчына сярэдняга веку ды на выгляд нашмат маладзейшая, у амаль каўбойскім капелюшы, энергічна завіхаецца на падворку…

Наташа з дзяцінства была спакойнай, уседлівай дзяўчынкай. Любіла заставацца адна і маляваць ці ляпіць што-небудзь. Я вучыла дачку не толькі пісаць, але і шыць, вязаць, займацца рукадзеллем. Гэта ў Наташы атрымлівалася вельмі добра. На кожны школьны вечар яна прыходзіла ў абноўцы, зробленай сваімі рукамі”, — гэта ўспаміны той самай жанчыны ў капелюшы, – Наташынай маці Зоі Раманаўны Ковель, радкі з даследчай працы, якую пішуць у Матырынскай школе пра сваю славутую выпускніцу.

Аказваецца, у Матырыне мастачка не толькі вучылася, але і вучыла. Непрацяглы час Наталля Мікалаеўна працавала тут настаўніцай малявання, а ўрэшце падарыла роднай школе мастацкія роспісы, упрыгожыўшы альтанкі на школьным дворыку выявамі забаўных герояў вядомых казак і мультфільмаў. Тут і Канёк-Гарбунок, і Віні-Пух, і вожык з мядзведзікам, і Іванка…

Аднак у творчасці нашай зямлячкі пераважаюць не казачныя матывы. Яе натхняюць пейзажы. Прычым яе творчае ўяўленне як бы раздваілася, балансуючы на ўяўнай мяжы паміж роднай Беларуссю, паміж “Матырынам яе дзяцінства” і спякотным партугальскім Фаро, дзе зараз жыве.”Немагчыма адчуваць недахоп натхнення, калі цябе акружае дасканаласць прыроды – акіян, неба, фантастычныя сасновыя лясы, гіганцкія агавы, чырвоныя скалы”, — выказваецца ў сеціве сама мастачка. А ты чытаеш і думаеш пра іншае: як прыемна, калі ў якімсьці далёкім Лісабоне людзі пад музыку Чайкоўскага любуюцца пейзажамі тваёй роднай Лепельшчыны. Як гэта фантастычна!

Наталля піша матырынскія пейзажы не з натуры, а па памяці і фотаздымках, зробленых на Радзіме. Дзіцячая памяць учэпістая. Прыгадаўшы нашу зіму, яна стварыла карціну “Люты”, стойкі пах першацветаў натхніў яе напісаць “Пралескі”. Цэлы цыкл любімых пейзажаў аб’ядноўвае назва “Беларусь. Настальгія”. А яшчэ мастачка стварае партрэты і нацюрморты.

Настаўніца Надзея Галай прыгадвае, што Наташа вельмі любіла маляванне і працу, яе работы заўсёды адрозніваліся ад іншых, бо мелі сваю адметнасць і харызму. Аднойчы ў вёску прыехалі на практыку студэнты Мінскага тэатральна-мастацкага інстытута, жылі ў школьным інтэрнаце, малявалі прыроду, вясковыя падворкі. Дзесяцігадовая дзяўчынка ўвесь час вярцелася ля іх. Пасля таго і вырашыла, што стане мастаком.

DSC_0199=0Вучылася на мастацка-графічным факультэце. Працавала. Выйшла замуж. Муж паехаў на заробкі ў Партугалію, а неўзабаве падалася і яна. Там і засталіся жыць. На пачатку Наталля давала прыватныя ўрокі па выяўленчым мастацтве, рыхтавала дзяцей да паступлення ў мастацкія навучальныя ўстановы. А пасля адкрыла сваю мастацкую студыю “Арт-ідэя”, у якой займаюцца жывапісам і дзеці і дарослыя.

Зараз Наталля Яскевіч рыхтуецца да персанальнай выставы ў Мюнхене. А яшчэ, па словах маці, збіраецца прыехаць з сям’ёю пагасціць у Матырына. Вельмі хацелася б сустрэцца, каб з вуснаў творчага чалавека пачуць, якая яна – Партугалія…

Уладзімір МІХНО.

 На здымках: мастачка Наталля Яскевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.