У лютым праведзена некалькі прамых тэлефонных ліній Лепельскага райвыканкама

ee0dff6ec71a2aef2096511067d00edbУ лютым праведзена некалькі прамых тэлефонных ліній райвыканкама. Адна з іх адбылася з удзелам намесніка старшыні раённага выканаўчага камітэта Віктара Азаронка.

Па ўзнятых у ходзе шчырага дыялогу разнастайных пытаннях, якія хвалююць людзей і патрабуюць свайго вырашэння або тлумачэння, былі дадзены даручэнні адказным выканаўцам. Пасля разгляду па-сутнасці справы праз пэўны час заяўнікам былі высланы пісьмовыя адказы. Прынамсі, лепяльчаніну Леаніду Хадатовічу было патлумачана, што жылая забудова па вуліцы Набярэжная Эсы, завулках Лясному і 1-му Садоваму склалася ў 50-70-х гадах дваццатага стагоддзя. Зямельныя ўчасткі, якія знаходзяцца ўздоўж возера Проша і ракі Эса, зарэгістраваны па фактычным карыстанні грамадзян і адмяніць гэтую рэгістрацыю для арганізацыі праходу да водных аб’ектаў без згоды ўласнікаў можна толькі ў судовым парадку. Пры абследаванні сітуацыі на месцы было ўстаноўлена, што праходы да ўказаных вадаёмаў маюцца.
Жыхарка вёскі Стары Лепель Лідзія Казлоўская паскардзілася, што пасля правядзення водаправода па вуліцы Перакоп па ёй нельга прайсці. Стайскі сельвыканкам паведаміў Лідзіі Паўлаўне, што дадзеная праблема вядомая органу мясцовай улады і работы па ўзнаўленні дарожнага палатна ўжо пачаты ў чацвёртым квартале 2015 года, аднак яны не былі завершаны з-за недахопу фінансавання. Сёлета сіламі КУВП ЖКГ “Лепель” яны будуць працягнуты ў летні перыяд.
Па патрабаванні лепяльчаніна Валерыя Бельскага супрацоўнікамі АДАІ Лепельскага РАУС была абследавана тэрыторыя вуліцы Войкава ў Лепелі каля магазіна “Дискаунтер”, а таксама дома №122 і дома №124. Было выяўлена, што стаянка каля дома №124 па вуліцы Войкава з’яўляецца гасцявой. Устаноўка знака 3.28 “Стаянка забаронена” не мэтазгодная. Ля ўказаных дамоў маецца тратуар, які забяспечвае бяспечны рух пешаходаў, у тым ліку і дзяцей.
Марыя Тухта з Бораўна звярнулася па пытанні атрымання бясплатнай санаторна-курортнай пуцёўкі. Ёй патлумачана, што інваліды І групы маюць права на першачарговае бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне пры наяўнасці медыцынскіх паказанняў. Марыі Іосіфаўне параілі звярнуцца да галоўнага спецыяліста прадстаўніцтва Віцебскага абласнога ўпраўлення па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні з заявай і медыцынскай даведкай аб стане здароўя з медыцынскімі паказаннямі да лячэння. Пры сабе трэба мець пасведчанне інваліда, пашпарт і працоўную кніжку. Пры неабходнасці суправаджэння інваліда І групы прадастаўляецца медыцынскае заключэнне ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі аб патрэбнасці суправаджэння для санаторна-курортнага лячэння. Пуцёўкі для такога інваліда і яго суправаджальніка выдзяляюцца бясплатна.
У лютым адбылася прамая тэлефонная лінія з першым намеснікам старшыні райвыканкама, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандрам Быкавым. Да яго звярнулася лепяльчанка Надзея Рагавенка, якая жыве па вуліцы Беразінская. Надзея Іванаўна паскардзілася, што могілкі ўздоўж вуліцы закрытыя, аднак гараджане сталі рабіць пахаванні на дарозе. Аляксандр Пятровіч даручыў адказным выканаўцам выехаць на месца і разабрацца ў сутнасці ўзнятай праблемы. Па выніках разгляду заяўніцы было патлумачана, што пахаванні робяцца ў межах тэрыторыі могілак на свабодных участках побач з пахаванымі родзічамі.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.