У параўнанні з мінулым годам на пяцьдзясят восем пуцёвак болей лепельчане атрымалі

7c1d3c6e26fd6f3877ce15770ef4b7f1Па традыцыі напрыканцы года мы з галоўным спецыялістам па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Надзеяй Шыкшнян падводзім вынікі аздараўленчага сезона.

— Надзея Уладзіміраўна, чым быў адметны сёлетні год у плане аздараўлення?
— Адпачынак быў арганізаваны ў штатным парадку, нічога асаблівага, акрамя хіба таго, што было выдзелена больш пуцёвак, прафінансаваных з бюджэту.
— Што менавіта вы маеце на ўвазе?
— Напрыклад, у параўнанні з мінулым годам на пяцьдзясят восем пуцёвак болей мы атрымалі за кошт сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання: усяго дзвесце шэсцьдзясят восем на суму 158797 рублёў.
— Гэта пуцёўкі для дарослых?
— Не толькі, і нават не столькі. У санаторыі для дарослых — шэсцьдзясят тры, у дзіцячыя — сто сорак дзевяць, пяцьдзясят шэсць — у санаторыі змешанага тыпу.
— Як былі забяспечаны пуцёўкамі сацыяльныя катэгорыі насельніцтва — інваліды, пенсіянеры?
— На дзевяць болей атрымалі і дзеці-інваліды. Ім было выдзелена дваццаць шэсць пуцёвак на суму 15690 рублёў для лячэння пятнаццаці чалавек з суправаджэннем. А вось пенсіянеры, якія не працуюць, атрымалі столькі ж пуцёвак, колькі і летась, — трыццаць восем агульным коштам 22866 рублёў.
— Ці выдзялялі пуцёўкі “сілавікам”?
— Восем штук. На адну меней, чым летась.
— У якіх санаторыях адпачывалі лепяльчане?
— У беларускіх — “Энергетык”, “Сасновы бор”, “Нёман”, “Світанак”, “Прыморскі”, “Сосны”, “Прыдняпроўскі”, “Надзея”, “Нарач”, “Крыніца”, “Зялёны бор”, “Парэчча”, “Нарачанскі бераг”, “Буг”, у дзіцячых — “Расінка”, “Волат”, праходзілі спелеалячэнне ў санаторыі “Зялёны бор”, дзеці-інваліды адпачывалі ў санаторыях і аддзяленнях дарослага і дзіцяці “Расінка”, “Парэчча”, “Алеся”, “Світанак”, “Сонейка”, “Нёман”, “Чэнкі”, “Залатыя пяскі”, “Чабарок”, а таксама Лепельскім ваенным санаторыі і дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры “Жамчужына”.
— Ці адпачывалі жыхары Лепельшчыны за мяжою?
— Іх чакалі беларускія санаторыі ў Туапсе, Друскінінкаі, Місхоры.
— Колькі сёлета каштавалі пуцёўкі?
— Ад чатырохсот пяцідзесяці да васьмісот рублёў. А за мяжой — ад тысячы рублёў да паўтары.
— Напэўна ж, былі зніжкі?
— Абавязкова. Кошт пуцёўкі для пенсіянераў складае пятнацаць — двацаць працэнтаў ад агульнага кошту. Для інвалідаў пуцёўкі бясплатныя. А ўвогуле, чым вышэй даходы, тым большая плата за пуцёўку. Дзіцячыя ж пуцёўкі бясплатныя таксама.

Уладзімір МІХНО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.