У пасёлку Заслонава на Лепельшчыне вырошчваюць карысныя бактэрыі

421 Каму з нас не трапляліся на вочы колішнія жылыя плошчы, пакінутыя былымі гаспадарамі і не запатрабаваныя нікім. Што і казаць, гнятлівае гледзішча. Часцей яны сустракаюцца ў сельскай мясцовасці і, зразумела, не ўпрыгожваюць нашы вёскі. Хачу, аднак, расказаць пра іншы факт – прывесці прыклад рацыянальнага і разумнага выкарыстання падобных плошчаў.

 

У пасёлку Заслонава на вочы трапляюцца дзве армейскія казармы, абнесеныя не звыклай для ваенна-прамысловага комплексу жалезабетоннай сцяной, а сучаснай агароджаю з металапрофілю. Стала цікава, што ж за гэтаю агароджаю, якую не вартуе КПП. Такім шляхам я апынуўся ў «Біяфоне».

Што гэта? Таварыства з абмежаванай адказнасцю. Аказваецца, у Заслонаве наладжана вытворчасць лекавых сродкаў ветэрынарнай медыцыны, а таксама спецыялізаваных харчовых комплексаў.

Зрэшты, лепей пра гэта раскажа дырэктар таварыства Ганна Станевіч.

31 жніўня 001Па словах Ганны Васільеўны, першая фірма па вытворчасці падобных прэпаратаў была наладжана яшчэ ў 1992-м годзе, праўда, не тут, а ў сталіцы. Займаліся навукова-даследчай працай. Балазе Ганна Станевіч — кандыдат біялагічных навук, вірусолаг. Разам з  паплечніцай і калегай Вольгай Русак яны ўдзвюх фактычна і распрацавалі тэхналогію вытворчасці прэпаратаў, якія зараз выпускае фірма. Дык вось, у той першай фірме, што называлася «Біфіко», жанчыны распрацавалі чатыры прэпараты. Першы з іх, біфідафларын, уяўляе сабою жывую масу мікробных клетак, так званых біфідабактэрый. Другі – экваген – экстракт крыві буйнарагатай жывёлы, уздымае імунітэт у жывёл. Прымяняюць прэпарат у выглядзе ін’екцый, і аказвае ён супрацьзапаленчае дзеянне. Трэці – біяфон, гэта, па-сутнасці, харчаванне для мікраарганізмаў, што насяляюць страўнік. Ён падтрымлівае нармальную мікрафлору і стымулюе імунітэт. Чацвёрты прэпарат –- біфіліз N — падаўляе патагенную мікрафлору страўніка, стымулюе імунітэт і з’яўляецца крыніцаю амаль усяго спектру неабходных вітамінаў і мінеральных рэчываў. Акрамя таго, ён утрымлівае дрожджавыя клеткі, здольныя сарбіраваць і выводзіць з арганізма шкодныя рэчывы і мікраарганізмы.

Зрэшты, апошні прэпарат быў вынайдзены ўжо ў Заслонаве. А чаму да назвы яго прыстаўлена лацінскае “N”? Таму што сродак з падобнай назвай ужо існаваў, а дадзены прэпарат з’яўляецца мадэрнізаваным варыянтам і N азначае “новы”.

Чым прыглянулася біёлагам, былым супрацоўнікам НДІ, Заслонава? Магчымасцю набыць вытворчыя плошчы. У той час — а было гэта ў 2008-2009 гадах – у Заслонаве прадавалі армейскія казармы.

— Нам іх фактычна “падарылі”, — усміхаецца Ганна Васільеўна.

Толькі ж радасці было мала, бо разам з казармамі дастаўся “ў спадчыну” жанчынам, якія вырашылі заняцца падобным бізнэсам, і цэлы клубок бытавых праблем. Памяшканні трэба было пераабсталёўваць, пачынаючы з нуля. Пакуль той бізнэс, трэба было ўкласці немалы капітал, каб памяшканні сталі прыдатнымі для такой складанай вытворчасці. Мянялі цепласістэму, праводзілі электрычнасць, падводзілі ваду. Затрацілі на рэканструкцыю трыста семдзесят сем мільёнаў рублёў.І рэканструкцыя будынка працягваецца да гэтага часу. Практычна ўсё рабілі самі работнікі, працавалі сем’ямі, залазілі ў крэдыты. Дапамагалі і мясцовыя ўлады. У райвыканкаме, па словах жанчын, не адмовілі ім ні ў адной просьбе. Як бы там ні было, але ўжо літаральна праз паўгода была запушчана вытворчасць.

Вядома ж, бізнэс робіцца дзеля прыбытку. Аднак першапачатковыя затраты не так лёгка кампенсаваць прыбыткам і не так хутка, як гэта можа падацца. У камерцыі не прынята хваліцца прыбыткам, як і раскрываць тэхналогію вытворчасці. І мае суразмоўцы не сталі выключэннем, спаслаўшыся на камерцыйную тайну. Іх можна зразумець: пахваліся сёння тэхналогіяй вытворчасці — і заўтра яе падхопяць канкурэнты ды, злёгку мадэрнізаваўшы, пяройдуць табе дарогу на рынку збыту.

Аднак агульнавядома, напрыклад, што за мінулы год ТАА “Біяфон” рэалізаваў прадукцыі на суму 1 мільярд 579 мільёнаў рублёў, а сярэднямесячная рэалізацыя ў гэтым годзе складае прыкладна 135 мільёнаў рублёў. Згадзіцеся, лічба немалая для прадпрыемства, дзе занятыя ўсяго чатырнаццаць чалавек.

А якая карысць для раёна? Па-сутнасці, фірму трымаюць мінчане, прышлыя людзі.

— Падаткі плоцім, — адказвае Ганна Васільеўна. – Летась у дзяржбюджэт пералічылі 184 мільёны. Ну і працоўныя месцы для мясцовых стварылі. З чатырнаццаці дзевяць нашых супрацоўнікаў мясцовыя.

31 жніўня 014Апрануўшы бахілы ды ўскінуўшы беласнежную накідку, ідзём знаёміцца з вытворчасцю. А пачынаецца яна з таго самага пакоя, дзе мы толькі што гутарылі. Ён называецца пакоем для афармлення дакументаў. Тут перад пачаткам працы персанал праходзіць неабходны інструктаж і атрымлівае заданні, пасля чаго разыходзіцца па вытворчасці. На складзе для сыравіны і матэрыялаў работнікі атрымліваюць кампаненты для вытворчасці. Аснова – вытворчы цэх. Тут аўтаклавы, тэрмастаты, варачныя катлы, тут рыхтуюць інгрэдыенты гатовай прадукцыі, так званае сілкавальнае асяроддзе. У паветры прыемна пахне кухняю. Адчуванне, нібыта тут не лекі вырабляюць, а суп вараць. Ды густы, ды наварысты. Дырэктар усміхаецца:

— А як жа! Бактэрыі таксама супчык любяць.

Насамрэч гэта і ёсць сілкавальнае асяроддзе для бактэрый, якія тут клапатліва і скрупулёзна вырошчваюць.

Гатовую прадукцыю часткова захоўваюць у спецыяльным халадзільным пакоі – тую, якая патрабуе адпаведных умоў захоўвання. Астатнюю адпраўляюць на склад гатовай прадукцыі. Расфасоўка розная, часам і ў трохлітровых слоіках прэпараты захоўваюць, яны ж для жывёлы, дозы вялікія. А перад тым, як сысці на склад, прадукцыя праходзіць у лабараторыі кантроль на адпаведнасць тэхнічным умовам.

Не так проста трапіць у стэрыльны аддзел, дзе і вырошчваюцца мікраарганізмы. Тут шчыруюць два чалавекі – тэхнолаг і лабарант.

Вось такая вытворчасць. Зразумела, на гэтым невялікім прадпрыемстве ёсць кухня не толькі для бактэрый, але і для саміх супрацоўнікаў, многія з якіх іншагароднія, іншыя, мясцовыя, таксама могуць прынесці прадукты, прыгатаваць ды паабедаць. Гардэроб, пакой для адпачынку – на бытавыя ўмовы тут звяртаюць увагу, усё чысценька і акуратна, адчуваецца жаночая рука кіраўнікоў фірмы, дырэктара і галоўнага тэхнолага.

Прадукцыя ТАА “Біяфон” запатрабавана сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі, але ж яны пераважнай большасцю неплацежаздольныя. Як жа ўдаецца фірме быць на плыву і заставацца паспяховай?

— Здараецца ўсялякае, — кажа дырэктар, — і даўгі спаганяць, і атрымліваць плату прадукцыяй. Аднак карыстацца нашымі прэпаратамі змушае час. Справа ў тым, што яны прыгатаваныя з натуральнай сыравіны і фактычна з’яўляюцца альтэрнатывай антыбіётыкам, выкарыстанне якіх у сельгасвытворчасці жорстка кантралюецца санітарнымі нормамі. Вось і даводзіцца звяртацца да нас. Ну а нашы спецыялізаваныя харчавальныя комплексы “Бізон”, “Бізон-про” і пратэін малочна-сываратачны “Мядзведзь-85” прыйшоўся даспадобы спартсменам, людзям, занятым цяжкай фізічнай працай, пажылым людзям, бо ён садзейнічае збалансаванаму харчаванню, не дазваляе назапашваць тлушч.

— Аднак жа хіба парашок – ежа?

— Іх выкарыстоўваюць у выглядзе кактэйляў, у напітках, соках. Яны даволі прыемныя на смак.

Уладзімір МІХНО.

 На здымках: дырэктар ТАА “Біяфон” Ганна Станевіч знаёміць з вытворчасцю; апаратчык Рашыд Тазіеў рыхтуе бакі да працы; кухня і сталовая, дзе можна і прыгатаваць, і паабедаць.

 Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.