У пяць гадзін раніцы з КУВП ЖКГ “Лепель” на вуліцы выязджае падмятальная машына імпартнай вытворчасці Scarab Minor

IMG_1548Калі горад яшчэ спіць, у пяць гадзін раніцы з КУВП ЖКГ “Лепель” на вуліцы выязджае падмятальная машына імпартнай вытворчасці Scarab Minor.
— Да наступлення летняй спёкі зручней працаваць, бо ў гэты час яшчэ не сышла начная прахалода, — адзначыў кіроўца Канстанцін Шартух. — Ды і легкавікі, іншы транспарт у гэты перыяд менш ездзяць, не перашкаджаюць выкананню работ.
— Чым займаецеся?
— Перш за ўсё ўборкай праезнай часткі вуліц шляхам падмятання і ўсмоктвання смецця, ачысткай калодзежаў ліўневай каналізацыі. Пры дапамозе ўсмоктвальнага рукава нават магу збіраць смецце, сухое лісце і траву па-за межамі праезнай часткі. Спецыяльнай устаноўкай высокага ціску мыю агароджы і іншыя прыдарожныя збудаванні. У выпадку неабходнасці падвожу ваду для паліву кветак, іншых зялёных насаджэнняў. Наогул, гэтая машына шматфункцыянальная. Можа нават збіраць фрэзеровачны асфальт пасля правядзення дарожных работ.
— Якія асноўныя тэхнічныя магчымасці машыны?
— Аб’ём бункера — да двух кубічных метраў, вадзянога бака — больш за 1,4 кубічнага метра. Шырыня падмятання — да 2,4 метра. Рабочая хуткасць руху машыны — да 20 кіламетраў за гадзіну.
— Каб упраўляцца з гэтым складаным тэхнічным сродкам, патрэбны належная адукацыя і практычны вопыт…
— Я вырас у аграгарадку Старое Лядна. З маленства прызвычаіўся да нялёгкай сялянскай працы, ды і зараз працягваю дапамагаць бацькам спраўляцца з асабістай падсобнай гаспадаркай. У 2012 годзе закончыў Лепепельскі дзяржаўны прафесійны ліцэй па спецыяльнасці “Тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчай вытворчасці”. Магу працаваць трактарыстам, вадзіцелем-прафесіяналам, слесарам на выкананні рамонтных работ. Да гэтага адслужыў тэрміновую службу ў арміі, працаваў па спецыяльнасці ў філіяле “Лепельскі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” і філіяле “Лепельскае ДРБУ №202” КУП “Віцебскаблдарбуд”.
— Як абстаяць справы ў асабістым жыцці?
— Жонка знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці — сыну Глебу ўжо споўнілася два з паловай гады. Абуладкоўваем двухпакаёвую кватэру з усімі зручнасцямі па вуліцы Калініна ў шматпавярховым жылым доме, мяркуем у хуткім часе пераехаць у яе для пастаяннага пражывання.
Мікалай
ГАРБАЧОЎ.
На здымку: Канстанцін Шартух за рулём падмятальнай машыны Scarab Minor.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.