У раённым выканаўчым камітэце

Непрыкметна праляціць час і пачнуцца летнія канікулы. А лета не толькі адпачынак. Многія маладыя людзі захочуць зарабіць на кішэнныя выдаткі, набыццё патрэбных рэчаў. І раённая ўлада канкрэтна рэагуе на такія запыты падрастаючага пакалення.

На чарговым пасяджэнні райвыканкама вырашана арганізаваць у горадзе Лепелі і раёне ў 2014 годзе часовую працоўную занятасць студэнтаў і навучэнцаў ва ўзросце ад 14 гадоў і старэй у вольны ад вучобы час. Прадугледжваецца сфарміраваць часовыя працоўныя калектывы.

Нашы маладыя чытачы правамерна спытаюць: а што прапануе ўлада? Работа акурат па сілах. Рамонт памяшканняў (класаў, аўдыторый) устаноў адукацыі, інтэрнатаў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі; мэблі ва ўстановах адукацыі; добраўпарадкаванне і азеляненне горада і сельскіх населеных пунктаў, тэрыторый устаноў адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва; аднаўленне кніжнага фонду ўстаноў адукацыі і бібліятэк; удзел у рабоце студэнцкіх атрадаў і лагераў працы і адпачынку навучэнцаў; догляд пасеваў сельскагаспадарчых культур у сельгасарганізацыях і ўборка вырашчанага ўраджаю; пасадка дрэў і кустоў, лясоў і догляд лесанасаджэнняў; пашыў і выраб мяккага інвентару; добраўпарадкаванне месцаў воінскіх і грамадзянскіх пахаванняў. Як бачыце, поле дзейнасці шырокае, кожнаму знойдзецца месца ў агульнай стваральнай працы.
Плануецца накіраваць частку сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, выдзеленых у 2014 годзе з абласнога бюджэту ў суме 105 мільёнаў рублёў.
Упраўленню па працы, занятасці і сацыяльнай абароне неабходна размеркаваць выдзеленыя грашовыя сродкі паміж арганізатарамі ў адпаведнасці з каштарысамі; падрыхтаваць і заключыць з арганізатарамі дамовы аб парадку і ўмовах арганізацыі і фінансавання часовай працоўнай занятасці студэнцкай і навучэнцкай моладзі ў вольны ад вучобы час і падчас летніх канікулаў.

Калісьці мы гаварылі пра беспрацоўе. Была такая бяда. Цяпер колькасць вакансій перавышае колькасць тых, хто шукае працу. Праўда, некаторыя нашы землякі грэбуюць прапановамі аб працаўладкаванні, не спяшаюцца рэагаваць на прапановы наймальнікаў.

Між тым дзяржава не шкадуе сродкаў на стварэнне новых рабочых месцаў. Скажам, сёлета, напрыклад, выдаткоўваецца на гэтыя мэты 500 мільёнаў рублёў прыватнаму гандлёва-вытворчаму ўнітарнаму прадпрыемству “Кафэ “Сем вятроў” на адкрыццё пяці рабочых месцаў і 300 мільёнаў таварыству з абмежаванай адказнасцю “Біяфон” — трох.
У працяг закранутай тэмы паведамляем нашым чытачам і такую інфармацыю. У 2014 годзе арганізуюцца аплачваемыя грамадскія работы, зацверджаны іх пералік. Экалагічнае аздараўленне тэрыторый (добраўпарадкаванне і азеляненне, захаванне і развіццё лесапаркавай гаспадаркі, зон адпачынку і турызму) — 25 чалавека-дзён у сакавіку — чэрвені; рэкультывацыя зямель, меліярацыйныя і прыродаахоўныя работы, праца ў лясной гаспадарцы — 250 у красавіку—жніўні; сельгасработы — 2000 у студзені — снежні; падсобныя работы ў арганізацыях аграпрамысловага комплексу і гандлі — 200 у студзені — снежні; збор і перапрацоўка другаснай сыравіны і адходаў — 300 у студзені — снежні.

Кіраўнік сялянскай (фермерскай) гаспадаркі «ВалБік» добраахвотна адмовіўся ад 148,5 гектара зямельных участкаў. Зямельныя ўгоддзі перададзены адкрытаму акцыянернаму таварыству «Лепельскі малочнакансервавы камбінат», сялянскай (фермерскай) гаспадарцы «Азімка», адкрытаму акцыянернаму таварыству «Лепельаграсэрвіс» у пастаяннае карыстанне для вядзення сельскай гаспадаркі.

У двухмесячны тэрмін з дня прыняцця дадзенага рашэння названыя суб’екты гаспадарання ва ўстаноўленым парадку павінны звярнуцца ў даччынае ўнітарнае прадпрыемства «Праектны інстытут «Віцебскгіпразем» за ўсталяваннем межаў зямельных участкаў на мясцовасці; у Лепельскі філіял рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Віцебскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры» — для дзяржаўнай рэгістрацыі і атрымання правоў на іх.

 
Райвыканкам зацвердзіў палажэнне аб камісіі па прадастаўленні дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі.
Яна з’яўляецца пастаянна дзеючым калегiяльным органам.
Камісія прымае рашэнне аб прадастаўленні, памеры, выглядзе і форме або адмове ў прадастаўленні дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі на падставе дакументаў.
Калегіяльны орган можа правесці праверку разліку сярэднедушавога даходу і памеру сацыяльнай дапамогі, вызначыць неабходныя матэрыяльныя даброты для непаўналетніх дзяцей і непрацаздольных членаў сям’і заяўніка ў выпадку натуральнай формы адраснай сацыяльнай дапамогі, самастойна праверыць матэрыяльна-бытавыя ўмовы заяўніка і яго сям’і, запатрабаваць дадатковыя дакументы або заслухаць службовых асоб раёна для вызначэння патрэбнасці грамадзяніна ў сацыяльнай дапамозе.
Камісія мае права адмовіць у прадастаўленні дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі, калі ўстаноўлена, што грамадзянін (сям’я) па суб’ектыўных прычынах знаходзіцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі: за ўтойванне звестак, падачу недакладных звестак, ад якіх залежыць яе памер; за невыкананне распрацаванага камісіяй плана па самастойным паляпшэнні матэрыяльнага становішча для працаздольных членаў сям’і.
Набыццё і выдачу матэрыяльных сродкаў для мэтаў адраснай сацыяльнай дапамогі ў натуральнай форме ажыццяўляюць спецыялісты тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў адпаведнасці з заканадаўствам.
У выпадку наяўнасці запазычанасці па аплаце жыллёва-камунальных паслуг, плаце за карыстанне жылым памяшканнем дзяржаўнага жыллёвага фонду дапамога прадастаўляецца ў першачарговым парадку на аплату названых паслуг у памеры па ўзаемнай дамоўленасці з заяўнікам.
Уладзімір ШАЎЧЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.