У СВФ “Заазер’е” ААТ “Лепельскі МКК” два маладыя вадзіцелі Уладзімір Кашпар і Сярей Ганчарук перавезлі больш за тысячу тон збожжа кожны

Уборачная кампанія паспяхова завершана, збажына зжата і звезена з палёў на сушыльныя комплексы, а адтуль — у свірны, сховішчы, на прыёмныя пункты камбінатаў хлебапрадуктаў і камбікормавых заводаў. Лепшым работнікам жніва аддаецца належная пашана.

У СВФ “Заазер’е” ААТ “Лепельскі МКК” два маладыя вадзіцелі Уладзімір Кашпар і Сярей Ганчарук перавезлі больш за тысячу тон збожжа кожны.
Уладзімір у “Заазер’і” адносна нядаўна, у снежні будзе толькі тры гады. Па адукацыі ён увогуле будаўнік, заканчваў Новалукомльскае вучылішча, мае спецыяльнасць цесляра. Свае прафесійныя навыкі прымяняе пры рамонце дома, які разам з жонкай набылі ў Старым Лепелі. А вось вадзіцельскую прафесію асвойваў у Лепельскай аўташколе. Спачатку была катэгорыя “С” (грузавыя аўтамашыны), а потым адкрыў і катэгрыю “Е” (машыны з прычэпамі). Дарэчы, і жонка яго, Кацярына, працуе таксама ў “Заазер’і”, аператарам даення кароў на робатызаваным комплексе ў Юркоўшчыне. Адным словам, сям’я трывала звязала сваё жыццё з вёскай, сельскай гаспадаркай.
А вось Сяргей пакуль што нежанаты, працуе ў гаспадарцы толькі другі сезон. Распавядае:
— Адвучыўся ў Лепельскім дзяржпрафліцэі, у 2009 годзе атрымаў вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі “С”. Пасля вучобы быў прызваны ў армію, служыў у Полацку, ездзіў на машыне. Па вяртанні — аўташкола, катэгорыя “Е”. Тут таксама на аўто, так што мой лёс з машынамі звязаны.
МАЗ, на якім цяпер працуе Сяргей Ганчарук, самы стары ў гаспадарцы, дзесяць гадоў мае. Аднак хлопец так яго адрамантаваў, што на жніве не было сур’ёзных паломак. Сяргей перавёз ад камбайнаў больш за ўсіх збожжа — 1200 тон! Напарнікамі яго поспеху можна лічыць экіпаж камбайна. Звычайна вадзіцелі стараюцца працаваць з адным і тым жа экіпажам, так атрымліваецца своеасаблівы працоўны тандэм. На працягу ўборачнай кампаніі Сяргей у асноўным адвозіў збожжа ад прызнаных перадавікоў – Вадзіма Пыхціна і Аляксандра Канакова, а пад канец жніва — і ад экіпажа Сяргей Касцюковіч/ Вадзім Загорскі.
На момант прыезду Уладзімір загрузіўся камбікормам і збіраўся выязджаць з мехдвара, а Сяргей прыступаў да рамонту сваёй машыны, рыхтаваў яе да тэхагляду.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ігар Урбан уручыў падарункі:
— Для мяне вельмі вялікі гонар прыязджаць сюды, віншаваць вас з працоўнымі дасягненнямі. Удзячны вам за вашу цяжкую, але вельмі патрэбную працу.
Наступным пунктам стала КУВСГП “Лепельскае”, дзе адным з лепшых работнікаў стаў Юрый Ляўковіч. Малады механізатар з 2010 года працуе ў гаспадарцы. Сёлета на час жніва ён зноў заняў сваё месца за штурвалам камбайна КЗС-1218. Працаваў адзін, без памочніка, аднак гэта ніколькі не зашкодзіла маладому чалавеку стаць лепшым у гаспадарцы, намалаціць больш за 800 тон збожжа. На пытанне, у чым сакрэт паспяховай працы, ён адказаў:
— У гаспадарскім, беражлівым стаўленні да даверанай тэхнікі. Свой камбайн я атрымліваў новым у 2011 годзе, з таго часу працую толькі сам. Сам яго рамантую, раблю прафілактыку, мяняю зношаныя запчасткі і расходныя матэрыялы.
Па завяршэнні ўборкі зерневых культур праца ў сельскай гаспадарцы не спынілася. Юрый збіраўся ехаць у Новыя Валосавічы, дзе стаяў на начным захоўванні камбайн. Цяпер убірае яравы рапс, а ўвечары, калі дазваляе надвор’е, абмалочвае агароды вяскоўцаў.
Сям’я Юрыя Ляўковіча — жонка Валерыя і сыны-двайняты Марык і Ягор — таксама жыве ў вёсцы. Дзецям толькі нядаўна споўнілася паўгода. Асноўны цяжар догляду, вядома ж, ляжыць на плячах жонкі. Валерыя з разуменнем адносіцца да працы мужа, што ён дахаты вяртаецца позна ўвечары і моцна стомленым.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.