У Велеўшчыне, што на Лепельшчыне, “Цярэшку жанілі”

IMG_2034 Больш за дваццаць гадоў Велеўшчынскі сельскі Дом культуры  з’яўляецца месцам правядзення абрадавай каляднай гульні “Жаніцьба Цярэшкі”. Раней “Цярэшку жанілі”  ў чыёйсьці хаце. Бывала, збіралася моладзь з усёй акругі. Старэйшага веку людзі прыгадваюць, як “жаніхі” прыходзілі аж з Барысаўскага раёна, за некалькі дзясяткаў кіламетраў.

Велеўшчына стала тым месцам, дзе калядны абрад “Жаніцьба Цярэшкі” захаваўся  ў жывой традыцыі да нашага часу. У апошнія гады ён набыў вялікую папулярнасць у культурным асяродку, яго пачалі  аднаўляць і ў іншых населеных пунктах Лепельшчыны.

Пакрысе падыходзіць моладзь –  дзяўчаткі, нясмела па адной альбо шумнай кампаніяй, хлопцы. Пад музыку баяна і скрыпкі пусціліся ў скокі самадзейныя артысты з “Кругаверці”, якіх адмыслова запрасілі паўдзельнічаць у “жаніцьбе”, павучыць мясцовую моладзь народным танцам.

А раней святочны настрой стваралі мясцовыя самадзейныя музыкі  Мікола і Лявон Шамшуры. Ва ўсёй акрузе нельга было знайсці больш таленавітых музыкаў. Нават сталічныя госці, удзельнікі розных фальклорных калектываў, якія таксама збіраюцца “жаніць Цярэшку” ў Цярэшках, запрашалі пайграць Лявона Шамшура.

Многія пытаюцца, хто такі Цярэшка і чаму яго абавязкова  трэба пажаніць?

Этнографы пакуль не даюць дакладнага вызначэння гэтаму  фальклорнаму персанажу. Некаторыя лічаць, што Цярэшка — імя казачнага драўлянага хлопчыка, які ажывае на радасць бяздзетным бацькам. Шэраг куплетаў-цярэшак, якія спяваюць падчас абраду, сведчаць, што Цярэшка асацыяваўся з падборам шлюбных пар. Цікава, што  песні-цярэшкі носяць эратычны характар.

Тым часам гульня працягваецца. Адны ўжо даўно вызначыліся, хто з кім “жэніцца”, найбольш шустрэйшыя таксама расхапалі сабе “бабулечак” і дзядулечак”. А каму не хапіла пары? Таксама не бяда. У такім разе за справу бяруцца  “бацька” і “маці” — асноўныя фігуры ў гульбішчы, якія адначасова з’яўляюцца і вядучымі ўсяго абраду.

Справа зроблена. “Бацькі” падабралі пары, сімвалічна “перакруцілі”, гэта значыць перажанілі, пад “Лявоніху”. Толькі цяпер пачынаецца самая цікавая частка каляднага ігрышча. Мала проста перажаніцца, трэба прайсці пэўныя выпрабаванні. Самым складаным з’яўляецца народная гульня “Вішанька”.  Не так ўжо і проста, падскочыўшы, пацалаваць  сваю абранніцу, якая стаіць на стуле.   Калі пры гэтым табе яшчэ замінаюць два здаровыя дзецюкі, якія склалі на плячах рукі, стварылі перашкоду, то абранніца становіцца амаль недасягальнай. Але  маладосць бярэ сваё.  Вось ужо чарговы кавалер, спрытна скокнуўшы, у палёце цалуе сваю “бабулечку…

Больш за дзве гадзіны доўжылася гульня. Напрыканцы закруцілася моладзь пад мелодыі  народных танцаў — кракавяк, падыспань, полька, няхай яшчэ не зусім зграбна і ўмела, аднак бачна было, што ім гэта падабаецца. А калі моладзь  імкнецца працягваць традыцыі  продкаў, то гэтыя традыцыі будуць  жыць  яшчэ не адно пакаленне.

Валерый ТУХТА.

На здымку: у Велеўшчыне “жэняць Цярэшку”.

DSC01189 IMG_2001 IMG_2002 IMG_2028

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.