У войны не женское лицо

m-f-shatyrenokВялікая Айчынная вайна ў кожнай сям’і пакінула свой жахлівы след. Хтосьці вярнуўся паранены ці інвалідам, а да некаторых прыйшлі пахавальныя лісты, што родны чалавек загінуў у баі. Так і ў сям’і Марыі Шатыронак(прозвішча па мужу) бацька
не вярнуўся з вайны.
— Памятаю раніцу, калі тата адыходзіў на фронт. Я зрабіла выгляд, што сплю. Ён падышоў да ложка, пацалаваў і сказаў маме, каб берагла мяне, — з сумам у вачах кажа жанчына.
У пачатку 1942 года жонка і дачка атрымалі страшную вестку пра смерць Фёдара Сышчанкава. Пайшоў на фронт мужчына са Смаленска. Хоць у гэтым расійскім горадзе і адбываліся ваенныя дзеянні, у суседняй вёсцы, дзе засталіся дзве жанчыны, было ціха. Часам толькі чуліся далёкія стрэлы і выбухі.
Калі пачалася Вялікая Айчынная, Марыі Фёдараўне было 15 гадоў. Дзяўчына ўжо свядома разумела, што адбываецца ў свеце і як гэта ўсё страшна.
Да 1944 года жылі спакойна, калі можна так назваць той час, пакуль мая суразмоўца не трапіла ў шпіталь на працу. Зараз ужо не памятае, дзе ён размяшчаўся, але дзесьці недалёка ад Польшчы. Вось тут яна пазнала ўсё жахі, якія толькі можна было ўбачыць.
Увесь час праводзіла каля параненых салдатаў, дапамагала медыцынскім сёстрам пры перавязцы, карміла хворых, прыбірала ў палатах. Працы хапала ўсялякай. Калі было больш “зацішна”, займалася мыццём бінтоў. Не пужалі тады смерць і кроў, папросту не задумваліся, бо гэта было паўсюль. А вось цяпер не можа Марыя Фёдараўна глядзець “крывавыя” кінастужкі пра вайну, бо адразу ўспаміны ўсплываюць у памяці і трывожаць сэрца.
— Бачыла, як імкнуцца выкараскацца маладзенькія салдацікі. Кожны хацеў жыць, вярнуцца дадому, да родных, але многім не давялося пазнаць гэтага шчасця. Не хочацца лішні раз узгадваць тыя падзеі, за час знаходжання ў лячэбнай установе бачыла шмат смерцяў, — кажа Марыя Фёдараўна.
Калі скончылася вайна, увесь калектыў быў накіраваны ў Бароўку. Тут яшчэ ў пачатку 1940-х гадоў быў пабудаваны ваенны шпіталь. Зараз там — Лепельскі ваенны санаторый. У 1945 годзе вырашыла паехаць да маці ў Смаленск, бо яна была зусім адна. Аднак у 1949 годзе ўсё ж вярнулася на Лепельшчыну. За час знаходжання ў Расіі паспела скончыць двухгадовую школу бухгалтараў. Прапаноўвалі яшчэ абраць прафесію медсястры, але ні за што не згадзілася. За перыяд вайны такога нагледзелася дзяўчына, што жахаў хапіла на ўсё жыццё. Больш за 70 гадоў Марыя Фёдараўна з’яўляецца жыхаркай нашага раёна.
Усё працоўнае жыццё рупілася ў ваенным санаторыі. Спачатку на пасадзе бухгалтара, потым — начальнікам фінансавага аддзела. Мае 42 гады стажу, з’яўляецца ветэранам працы. Можа б і больш была ў родным калектыве, але хацелася і з унукамі пабыць ды пацешыцца. Чатыры ўнукі і ўнучка ўжо дарослыя. Малодшай Наташы — 26 гадоў.
Марыі Фёдараўне ўжо 94 гады. Пражывае жанчына на артбазе побач з Бароўкай, у кватэры з усімі зручнасцямі. Калі ішла да яе ў госці, захаплялася прыгажосцю тых мясцін: побач лес, свежае паветра. Жывуць людзі ў шматпавярховіках, якіх тут толькі чатыры ці пяць, а вакол сасновы бор, спяваюць птушкі, транспарту амаль няма. Чамусьці гэтае месца мне нагадала санаторый.
Як кажа мая суразмоўца, раней хадзіла за дарамі прыроды за паўкіламетра ад дома, трэба толькі праз балотца перайсці. Там ёсць і грыбы, і ягады. Асабліва грыбы любіў збіраць яе муж, які пайшоў з жыцця 24 гады таму. Даўней мелі і свой агарод, дзе вырошчвалі гародніну.
Муж Цімафей Васільевіч Шатыронак таксама быў удзельнікам тых страшных далёкіх падзей. Памяць пра мужа жанчына захоўвае ў здымках, якія стаяць на пачэсным месцы. Тут жа заўважаю і фота дзяцей і ўнукаў. Сыну Марыі Фёдараўны ўжо 60 гадоў, але ён не можа развітацца з прафесіяй марака. Моладзь не надта жадае праводзіць чатыры месяцы на судне. Мужчына ў свой час скончыў мараходнае вучылішча і большасць жыцця падарожнічае па Паўночным Ледавітым акіяне на атамным ледаколе ў якасці старшага механіка. З Мурманска на край свету накіроўваецца па воднай дарозе. Дачка жыве ў Мінску, працуе інжынерам-электрыкам.
На пытанне, ці карыстаецца паслугамі сацыяльнага работніка, жанчына адразу адказала: “Не, мне трэба больш рухацца. А калі да мяне будзе прыходзіць сацыяльны работнік, не застанецца ніякай працы. Я сама хаджу ў магазін, ён ад дома размешчаны зусім блізка, часам проста прагуляюся з прыпынкамі да самой Бароўкі. Жыццё — гэта рух. Заўсёды прашу Госпада, каб толькі магла на сваіх нагах хадзіць”.
Убачыла здымак Марыі Фёдараўны са школьнікамі. Жанчына, не чакаючы майго пытання, адразу адказала:
— Так, не забываюць мяне дзеці, наведваюць. І мясцовая ўлада заўсёды адклікаецца, віншуе са святамі. Вось і ў мінулым годзе медаль юбілейны ўручылі.
Скардзіцца мая суразмоўца, што многае не памятае, але падзеі 1940-х гадоў учэпіста трымаюцца ў сэрцы.
Збіраецца сям’я разам не так часта, бо ў кожнага свае справы і клопаты, але кожная сустрэча — гэта заўсёды вялікія радасць і шчасце.
— Летам, — кажа жанчына, — весялей. — Збіраемся на лавачцы з суседкамі, абменьваемся навінамі. Самы складаны час — цёмны зімовы, калі даводзіцца ўсё больш знаходзіцца ў кватэры.
Але і зімой мая суразмоўца стараецца не заставацца адна, хоць на некалькі хвілін выходзіць на вуліцу. Сказаць, што сядзіць без справы, нельга. У доме чысценька, прыбрана. Сама гатуе ежу, абслугоўвае сябе. Так і час праходзіць.
Узнагарод і медалёў у жанчыны шмат, але для яе галоўнае — каб дзеці і ўнукі былі здаровыя і шчаслівыя.
Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.