У жніўні споўніцца год, як Мадлен Карапецян — медыцынская сястра ў неўралагічным аддзяленні Лепельскай ЦРБ

EOAckYxHkCwЯна працуе ва ўстанове аховы здароўя “Лепельская цэнтральная раённая бальніца”.

Імя і прозвішча — быццам лірычная французская песня з яркім армянскім каларытам.
— Ведаеце, як перакладаецца маё імя і прозвішча? — пытаецца дзяўчына пры сустрэчы. — Мадлен — маладая, Карапецян — уладар сонечных промняў.
Яна на самой справе сонечная. Усмешка не знікае з яе твару, нацыянальнага ўсходняга каларыту дадаюць тонкія палосы броваў. Адразу бачна: ёй лёгка з пацыентамі, а пацыентам лёгка з ёю. На правакацыйныя пытанні пра цяжкасць і няўдзячнасць працы, пра не вельмі вялікі заробак рэагуе з тыповай беларускай разважлівасцю. Пэўна, гэта рыса характару дасталася ёй ад маці, якая пазнаёмілася з будучым мужам Ігарам у кампаніі сяброў у Мінску. Потым сям’я Мадлен пераехала ў Лепель.
— Колькі людзей, столькі і характараў, — дзеліцца маладая медсястра. — Да кожнага трэба знайсці свой падыход, лячыць не толькі медыкаментамі, але і словам. Я не разумею, калі адказваюць: “Як плацяць, так і працую”. Не важна: медык ты, настаўнік альбо рабочы. Проста адбыць на працы, абстрагавацца ад праблем пацыентаў — не ў маім характары. На пачатку працоўнай змены я стараюся зайсці ў палату, павітацца з хворымі, сказаць колькі ласкавых слоў. Ад нас, ад маёй працы залежыць жыццё нашых пацыентаў. Хіба гэта можна перавесці на рублі? — задаецца рытарычным пытаннем Мадлен.
Пасля заканчэння сярэдняй школы №1 дзяўчына паступіла ў Мінскі дзяржаўны медыцынскі каледж. Два гады адпрацоўкі вырашыла правесці на Лепельшчыне.
Хворыя людзі — як дзеці. Ім таксама ўласцівы капрызы і часам не зусім адэкватныя паводзіны. Аднак нават нейкім хібам сваёй прафесіі яна стараецца даць адказ, згладзіць даволі вострыя вуглы.
— На практыцы назірала за адным мужчынам. Адна з медсясцёр наблытала з прэпаратамі — і мне прыйшлося некалькі разоў да яго бегаць і мяняць лекі. Раззлаваўшыся, ён даволі балюча ўдарыў мяне па руцэ. Я разумею, чалавеку было цяжка.
Чалавеку цяжка. А ці лёгка ўрачам і медыцынскім сёстрам? Кожны з нас ахвотна крытыкуе іх за недастатковае лячэнне, за недахоп медпрэпаратаў, за бясконцыя чэргі ў бальніцы. Аднак не кожны зможа іх па-чалавечы зразумець.
Няпроста бывае і Мадлен. Калі выпадае хвілінка, бярэ пэндзаль у рукі, малюе. І спявае. У медыцынскім каледжы заняла другое месца на конкурсе талентаў з песняй “Адажыо альбіоні”. Выступала і на канцэрце да дня медыцынскага работніка ў раённай бальніцы. Творчыя гены. Дзядзька Карэн Карапецян — знакаміты музыкант, удзельнік беларускага гурта “Харлі”, “залатая джазавая скрыпка Беларусі”.
Мары Мадлен — звычайныя для любой дзяўчыны. Падзялюся адной з іх — стаць урачом. Дапамагаць людзям — гэта не абавязак, гэта высакароднае прызванне.
Яўген МУДРЫ.
На здымку: Мадлен Карапецян на працы.
Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.