Уборка картофеля завершена

img_8575У ДСГУ «Лепельская сортавыпрабавальная станцыя» завяршаецца ўборка бульбы. Які сёлетні ўраджай і якія цяжкасці ўзнікаюць з яго вырошчваннем і рэалізацыяй, пойдзе размова ў наступным матэрыяле.

Лепельская сортавыпрабавальная станцыя – адна з 2 гаспадарак раёна, дзе сёлета вырошчвалася бульба. Пра пасадку гэтай культуры мы пісалі на старонках раённай газеты ў №40(11701) за 19 мая бягучага года. Пасля значнага перапынку карэспандэнт зноў скіраваўся ў бок вёскі Адамаўка, дзе і знаходзіцца цэнтральная сядзіба гаспадаркі.
Аднак спачатку я пабываў на полі за вёскай Чэрцы, дзе вясной бульба высаджвалася. Там па свежаўзрыхленай глебе было бачна, што бульба ўжо выкапана. Па тэлефоне мы даведаліся, што невялікі ўчастак бульбы застаўся каля вёскі Людчыцы. Туды мы і накіраваліся.
Трактарыст Мікалай Шапавалаў і яго калега Пётр Ерашэнка завіхаліся ля бульбакамбайна.
– Што здарылася? – пытаюся.
– Хвароба адна – узрост, – з усмешкай адказвае Мікалай Уладзіміравіч. – Гэтай жа тэхніцы больш за 10 гадоў. А калі ўлічыць, што кожны сезон яна выкопвае як мінімум 10 гектараў бульбы, а то і больш, калі прыняць пад увагу, што нашы палеткі перанасычаны камянямі, то застаецца толькі здзіўляцца, што камбайн яшчэ працуе.
– Якія былі цяжкасці з пад­рыхтоўкай тэхнікі да ўборачнага сезона?
– Самая галоўная цяж­касць – недахоп грошай. Паўплывала на падрыхтоўку тэхнікі таксама адсутнасць многіх запчастак і камплектуючых. Бульбакамбайны такой мадэлі ўжо даўно не выпускаюцца, праблемна знайсці і запчасткі да іх. Здаралася, дастаўляліся камплектуючыя, былыя ў карыстанні.
– Сёлета на палетках ДСГУ «Лепельская сортавыпрабавальная станцыя» высаджвалася бульба двух сартоў – брыз і маніфест. Які яны далі ўраджай?
– Маніфест сёлета ўрадзіў лепш, брыз – горш, і значна. З чым гэта звязана? Не ведаю, аграномы растлумачаць больш кампетэнтна. Я ж магу сказаць, што сёлета бульба вырошчвалася на 3 участках, што, на мой погляд, з’яўляецца правільным прыёмам. Калі на адным участку не ўродзіць, то ёсць верагоднасць, што на другім будзе ўраджай.
Поле бульбяное было невялікае, не больш за гектар. Падрамантаваўшы бульбакамбайн, Мікалай Шапавалаў скіраваўся капаць. Задача Пятра Ерашэнкі – адвозіць выкапаную бульбу, а пры патрэбе – дапамагчы калегу ў рамонце.
Ацаніў сітуацыю па вырошчванні бульбы намеснік дырэктара ДСГУ «Лепельская сортавыпрабавальная станцыя» Андрэй Тарасевіч:
– Сёлета, сапраўды, маніфест парадаваў неблагой ураджайнасцю. У сярэднім ён даў 260 цэнтнераў з гектара, на асобных участках нам удалося атрымаць значна больш. А вось у бульбы сорту брыз сёлета ўраджайнасць амаль удвая меншая.
– У чым прычына? Угнаенняў не хапіла ці фітафтора знішчыла частку ўраджаю?
– Не магу адказаць дакладна. Апрацоўку супраць фітафторы сёлета рабілі тройчы, займаўся ўсім цыклам догляду за бульбай Мікалай Шапавалаў. Ён механізатар адказны, працу сваю ведае і выконвае добра. Угнаенні былі дадзены ўсім пароўну. Шмат дзе чуў, што ў гаспадарках, дзе высаджваўся маніфест, быў атрыманы неблагі ўраджай, у адрозненне ад іншых сартоў.
– Наступныя этапы, як вядома, захаванне і рэалізацыя…
– У нас ёсць бульба­сховішчы, дзе прадукцыя і насенны матэрыял захоўваюцца да вясны. А вось з рэалізацыяй сітуацыя больш складаная. Для таго, каб пакрыць усе расходы і каб хоць крыху зарабіць, трэба прадаваць бульбу па 55-60 капеек за кілаграм. А ў Лепельскім філіяле «Віцебскае аблспажыўтаварыства» прапануецца набыццё за 35, максімум – за 40 капеек. Таму мы пакуль што не спяшаемся заключаць дагаворы з гэтай арганізацыяй, шукаем іншыя, больш выгадныя варыянты.
– Якія планы па вырошчванні бульбы на наступны год?
– Агучваць яшчэ рана. Думаю, што высаджваць будзем, пытанне толькі ў аптымальных аб’ёмах.
P.S. пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, прыйшло паведамленне, што ДСГУ «Лепельская сортавыпрабавальная станцыя» завяршыла ўборку бульбы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.