Учитель, садовод, ветеран труда: к юбилею Николая Калитухи

29 сакавіка бягучага года жыхару г.Лепеля Мікалаю Калітуху спаўняецца 90 гадоў. Свой адметны юбілей ветэран працы адзначае з зарадам жыццёвай энергіі і бадзёрым настроем. Гутару з ім — і нават не верыцца, што перада мной чалавек, за плячыма якога застаўся не адзін дзясятак год.

Нарадзіўся Мікалай у вёсцы Мацюшына Сцяна ў 1932 годзе ў сямі Кірыла Авярянавіча і Вольгі Сцяпанаўны Калітухаў. Вось як юбіляр узгадвалі сваіх бацькоў:

— Тата шмат часу аддаваў працы, усё прыгаворваў: “Без працы чалавек не можа жыць!”. Сямя жыла даволі заможна. У пачатку 1930-ых гадоў тату асудзілі на 3 гады зняволення як кулака. Яму паставілі ў віну тое, што ў гарачую пару жніва папрасіў аднавяскоўца дапамагчы. Адзін дзень папрацавалі — і 3 гады таты дома не было.

Аднак лёс злітасцівіўся, Кірыл Авярянавіч вярнуўся дахаты. Верагодна, каб бяды не паўтарылася зноў, сямя пераехала жыць у вёску Арашкі Арэхаўскага раёна. Цяпер гэта тэрыторыя Аршаншчыны. Там яны і перажывалі акупацыю. Мікалай Кірылавіч узгадвае, як часта дзяжурыў на дарозе, назіраючы, ці не паедуць акупанты, калі паблізу кватаравалі партызаны.

Пасля вызвалення тату, чалавека пажылога ўзросту, у армію не прызвалі, але прызначылі старшынёй мясцовага калгаса “Чырвоны сцяг”. А праз 3 гады сямя вярнулася ў вёску Мацюшына Сцяна. Пасля заканчэння Старалепельскай сямігодкі Мікалай паступіў у Лепельскае педагагічнае вучылішча, адкуль пасля заканчэння 2 курса ў 1951 годзе яго прызвалі на тэрміновую службу ў Савецкую Армію. Пасля вяртання ў 1954 годзе Мікалай Кірылавіч аднавіўся на вучобе.

Першым месцам працы сталі пачатковыя класы Зямцоўскай 7-гадовай школы. Адначасова з працай малады настаўнік паступіў на завочную вучобу на фізіка-матэматычны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута. Далей была праца ў Сушанскай, Свядскай школах. У 1962 годзе настаўнік быў пераведзена на працу ў Стайскую 8-гадовую школу настаўнікам фізікі і матэматыкі. Там Мікалай Кірылавіч знайшоў сваё прызванне, цалкам рэалізаваў сябе ў прафесіі настаўніка. Многія выпускнікі і ў цяперашні час успамінаюць яго як выдатнага спецыяліста, кампетэнтнага настаўніка і інтэлігентнага чалавека.

Аднак, акрамя педагогікі, юбіляра захапляўся і садоўніцтвам. Хаця і жыў у Лепелі, даглядаў бацькоўскую сядзібу ў вёсцы Мацюшына Сцяна, стварыў там вялікі сад. Як і тата-земляроб, Мікалай Кірылавіч пасадзіў шмат яблынь, груш і іншых дрэваў розных сартоў. Для Мікалая Кірылавіча не складана прышчапіць саджанец грушы так, каб на ім раслі адразу 4 сарты! Сацыяльны работнік Анжэла Цюкала, якая дапамагае ветэрану па гаспадарцы, так апісвае садовыя цуды:

— У дзяцінстве, памятаю, у бабулі расла груша. Салодкая была — натуральна мёд! Я потым доўга не магла сустрэць груш падобнага смаку, пакуль не стала працаваць у Мікалая Кірылавіча. У яго растуць некалькі сартоў, і толькі тут я са здзіўленнем і радасцю сустрэла зноў тыя самыя салодкія грушы, як у бабулі.

Пра садоўніцтва Мікалай Кірылавіч гатовы распавядаць гадзінамі, а мо і суткамі. Ён можа расказаць пра дзясяткі сартоў яблынь і груш, вішань і сліў, гатовы падзяліцца вопытам прышчэплівання, а таксама барацьбы супраць хвароб і шкоднікаў. А летась ветэран зрабіў проста шыкоўны падарунак, перадаў школам раёна 250 саджанцаў!

— Адно шкада — няма каму перадаць свае садоўніцкія веды і вопыт, — са скрухай кажа Мікалай Кірылавіч. — Дачка Ірына жыве і працуе ў г.Мінску, Людміла — у г.Дзюсельдорф (Германія), ім няма часу займацца гэтым. Паблізу таксама не бачна жадаючых. А садоўніцтвам нельга займацца проста так, час ад часу.

На развітанне ад душы жадаю суразмоўцу моцнага здароўя. Вельмі хацелася б сустрэцца з ім і на наступных юбілеях.

Тэкст і фота: Васіль МАТЫРКА.

На здымку: сацыяльны работнік Анжэла Цюкала завітала да Мікалая Кірылавіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.