Учитель в профессии

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

З Мікалаем Крыўцом я пазнаёміўся ў 2005 годзе, калі ўладкаваўся на працу ў раённую газету “Лепельскі край” карэктарам. Паўнавартаснымі калегамі мы сталі ў 2007 годзе, калі я быў пераведзены на пасаду карэспандэнта.
Мікалай Сямёнавіч аказаўся чалавекам з багатым прафесійны досведам і праверанай гадамі, выпрацаванай жыццёвай пазіцыяй. Пры гэтым мне імпанавала яго асаблівая якасць, што ён нікому не навязваў сваё бачанне свету, уласную пазіцыю. Напрыклад, да канца жыцця старэйшы таварыш заставаўся перакананым камуністам, уваходзіў у Лепельскую раённую арганізацыю Камуністычнай партыі Беларусі, прымаў актыўны ўдзел у пасяджэннях камуністычнай суполкі. Мы часта дыскутавалі з ім на палітычныя тэмы, бо я прытрымліваюся іншых поглядаў, але ніколі ён не даводзілі спрэчку да канфлікту. Мы тактоўна пераходзілі да абмеркавання іншай тэмы.
Вернасць і адданасць камуністычным ідэям перадалася Мікалаю Сямёнавічу ад бацькі, які яшчэ да вайны быў прызначаны старшынёй калгаса.
Тэрміновую вайсковую службу Мікалай Сямёнавіч праходзіў ажно на Кубе. Пра тыя гады ён пранёс самыя цёплыя ўспаміны праз усё жыццё.
— Наша вайсковая часць размяшчалася непадалёк ад сталіцы Кубы Гаваны, я быў снайперам, — расказваў Мікалай Сямёнавіч. — Нас адразу настройвалі, што мы знаходзімся на самым перадавым рубяжы супрацьстаяння СССР — ЗША, што ў выпадку рэальнай вайны нам адлічана толькі паўгадзіны жыцця. Пры гэтым мы ўсе — афіцэры і салдаты — былі рашуча гатовы аддаць свае жыцці дзеля вялікай справы — перамогі нашай Радзімы. І гэта не проста высокія словы, мы ў гэта шчыра верылі.
Потым да канца жыцця Мікалай Сямёнавіч марыў хоць раз пабываць на Кубе, але не ўдалося. Засталіся падборка ўспамінаў, якія ён апублікаваў у раённай газеце ў апошнія гады працы, ды расповяды, якія слухалі сябры за кубачкам гарбаты.
Пасля звальнення ў запас Мікалай Крывец змяніў некалькі месцаў працы. Раптам яму параілі праявіць свае здольнасці ў творчай справе — быць фотакарэспандэнтам раённай газеты “Ленінскі сцяг”. Гэта цяпер, з развіццём лічбавых тэхналогій фотаздымка ў тэхнічным плане стала нашмат прасцейшай: зрабіў некалькі дзясяткаў здымкаў на камеру ці мабільны тэлефон — і выбірай лепшы з іх, які ў далейшым можна дадаткова апрацаваць на камп’ютары. У 1970-я — 1990-ыя гады тэхналогія фотаздымка была прынцыпова іншай. Фотакарэспандэнт выязджаў з камерай, дзе была зараджана плёнка на 24 кадры, атрымаўшы заданне зняць, напрыклад, пяць чалавек, чытыры будынкі і сем адзінак тэхнікі, якія працуюць у полі. І тут ужо брак не дапускаўся — фатограф перш, чым націснуць на кнопку, старанна выбіраў кадр, ракурс. У Мікалая Сямёнавіча было адчуванне кадра, якое потым ён удасканаліў у час вучобы на факультэце журналістыкі Белдзяржуніверсітэта.
— Калі я ўпершыню прыйшоў у рэдакцыю, яна мне ўяўлялася храмам, — успамінаў Мікалай Сямёнавіч. — У значнай ступені гэта ўяўленне пацвердзілася. Тут працавалі апантаныя сваёй справай людзі. Асаблівае ўражанне пакінуў у маёй памяці першы галоўны рэдактар Іван Алексін, чалавек незвычайнай, нават энцыклапедычнай эрудыцыі. Здавалася, што ён меў веды па ўсіх галінах, быў вельмі начытаны.
А затым былі дзесяцігоддзі творчай, рознабаковай працы. Фатаграфаваў Мікалай Сямёнавіч і звычайных работнікаў — прыбіральшчыц, слесараў, калгаснікаў, і кіраўнікоў высокага ўзроўню, сакратароў Камуністычнай партыі, старшынь выканкамаў. Аднак найбольш Мікалай Сямёнавіч усё ж такі любіў працаваць менавіта з простымі людзьмі.
— Што начальнік? Важна звярнуць увагу на звычайнага працаўніка — з яго ж пачынаюцца ўвесь дабрабыт, усе працоўныя здабыткі, — часта казаў Мікалай Сямёнавіч. – Пра гэта я ўзгадваю кожны раз, выпраўляючыся на чарговае прадпрыемства ці ў арганізацыю.
А чаго варты ішыя вобразныя слоўцы-выражэнні! “Свет вялік – усякае бывае”, “Не грувасці, пішы прасцей”, — гэтыя і іншыя фразы так лёгка запаміналіся, часта на іх і арыентаваўся. І яшчэ ўзгадваецца:
— Не лянуйся ўзяць трубку і патэлефанаваць, каб праверыць факты, лічбы, прозвішчы. Для карэспандэнта гэта дробязь, а людзям прыемна будзе. Да таго ж усім: героям, пра якіх пішаш, бо тым самым выказваеш ім увагу, чытачам, якім даеш дакладную, правераную інфармацыю, сабе, бо такім чынам будзеш спакойны за матэрыял і яго падачу.
З часам, вядома, радыкальна змяніліся тэхналогіі, з’явіліся лічбавыя фотакамеры, з дапамогай якіх кожны карэспандэнт мог быць і фотаілюстратарам сваіх матэрыялаў. Мікалай Сямёнавіч асвоіў набор на камп’ютары і разам з ім прафесію карэспандэнта. Некалькі гадоў працавалі мы ў адным кабінеце, гутарылі, раіліся, часам спрачаліся. Вось тады і стаў Мікалай Сямёнавіч для мяне настаўнікам у прафесіі. На заслужаны адпачынак ён пайшоў у 2008 годзе.
Пасля таго мы некалькі гадоў неаднаразова сустракаліся ў горадзе, гутарылі, абменьваліся апошнімі навінамі. Мікалай Сямёнавіч вельмі даражыў сваёй сям’ёй, ганарыўся сынамі. 15 мая 2016 года мой настаўнік пакінуў жыццё…
І тым не менш, год таму мы з ім зноў нібыта сустрэліся. Аднойчы ўваходжу ў цырульню, што знаходзіцца на вул.Савецкая, насупраць сярэдняй школы №3, для таго, каб пастрыгчыся. Сядаю ў крэсла, гутару з жанчынай, якая акуратна, прафесійна робіць стрыжку. І раптам на століку перад люстрам краем вока чытаю: “Тэкст і фота М. КРЫЎЦА”. Што за дзіва! Адкуль?!
Гаспадыня дазволіла паглядзець. Перада мной была выразка з газеты “Ленінскі сцяг” 1989 года. У заметцы пісалася пра свята выхаднога дня, якое адзначалася ў калектыве камбіната бытавога абслугоўвання.
— Вось гэта на фотаздымку — я! — паказала жанчына.
А для мяне было большай знаходкай і ў некаторай ступені адкрыццём тое, што наша праца, нялёгкая работа ўсё ж такі пакідаюць след у жыцці, у памяці людзей. Гэта таксама адна з ісцін, якую даносіў Мікалай Крывец, карэспандэнт, што аддаў рабоце ў газеце 35 гадоў жыцця…
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.