Удостоены орденов Славы

orden-slavy-1-2-3-stepeniГераічнымі старонкамі мінулага нашага раёна сталі подзвігі ваеннаслужачых, працаўнікоў, падпольшчыкаў і партызанаў, якія за самаадданую барацьбу супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў былі ўдастоены высокіх узнагарод. Мы працягваем расказваць пра ўдзельнікаў вайны, прызваных Лепельскім раённым ваенным камісарыятам і ўзнагароджаных ордэнам Славы.
Васіль Філімонавіч Адзянец нарадзіўся ў 1922 годзе ў вёсцы Азерцы Валосавіцкага сельсавета Лепельскага раёна. Ён быў прызваны ў дзеючую армію раённым ваенным камісарыятам 16 ліпеня 1944 года. Баявы шлях прайшоў у складзе 417 стралковага палка 156 стралковай дывізіі. Подзвіг, удастоены ордэна Славы III ступені, згодна з загадам ад 13 лістапада 1944 года Васіль Філімонавіч учыніў другога лістапада 1944 года ля вёскі Бамбулі Латвійскай ССР. Прыкрываючы таварышаў, ён знішчыў варожага кулямётчыка, выхапіў у яго нямецкі кулямёт MG-34 і шквальным агнём падавіў атаку пяхоты праціўніка, знішчыў каля пятнаццаці салдатаў. Вайну завяршыў 12 мая 1945 года ў Руцаўскім краі Латвійскай ССР.
Аляксей Іванавіч Клавовіч, 1913 года нараджэння, — карэнны лепяльчанін. У войска быў прызваны першага ліпеня 1944 года Лепельскім райваенкаматам. Свой доўгі баявы шлях ён прайшоў у складзе 110 стралковага палка 325 стралковай дывізіі. З дзясятага па 28 чэрвеня 1944 года Аляксей Іванавіч удзельнічаў у баях за Латвійскую ССР. Да жніўня 1944 года яго ў складзе палка накіравалі на Усход Польшчы, дзе франтавік удзельнічаў у наступленні на Варшаву. У кастрычніку 1944 года браў удзел у баях за горад Смалінінкай Літоўскай ССР. У студзені 1945 года прымаў удзел у наступленні на горад-крэпасць Кёнігсберг (Калінінград). Ордэна Славы III ступені загадам ад 18 лютага 1945 года Аляксей Іванавіч удастоены за смеласць і адвагу, праяўленыя ў баі 21 студзеня 1945 года, калі непадалёк ад населенага пункта Лабагінен (Усходняя Прусія) ён кіраваў разлікам зброі, што прамой наводкай знішчыла тры варожыя кулямётныя батарэі, дзве падводы праціўніка з боепрыпасамі і да адзінаццаці салдатаў ворага. У канцы студзеня — пачатку лютага 1945 года Аляксей Іванавіч удзельнічаў у баях за вызваленне берагавой лініі ля Кёнігсберга, на поўначы і захадзе ад горада. Да пачатку мая 1945 года франтавік удзельнічаў у баях на поўначы Германіі. З 19 па 31 мая 1945 года ён у складзе палка дыслакаваўся ў горадзе Пінноў (Германія). У жніўні 1945 года ўдзельнічаў у баявых аперацыях на Далёкім Усходзе, у прыватнасці, у баях ля горада Сі-Уджымчын-Ці (Кітай). Завяршыў вайну 17 жніўня 1945 года ў званні яфрэйтара.
Іосіф Сігізмундавіч Кунцэвіч нарадзіўся ў вёсцы Камень Лепельскага раёна ў 1917 годзе. У армію быў прызваны фактычна з самага пачатку вайны — 26 чэрвеня 1941 года Лепельскім раённым ваенным камісарыятам. Быў залічаны ў 1349-ты стралковы полк 225 стралковай дывізіі. У 1942 годзе стаў членам УЛКСМ. Да верасня 1943 года воін быў перадыслакаваны пад Вялікі Ноўгарад. Удзельнічаў у цяжкіх баях пад населеным пунктам Нованікалаеўскае. З 14 па 17 студзеня 1944 года Іосіф Сігізмундавіч браў штурмам вышыню “Мысавая”. Подзвіг учыніў 17 студзеня 1944 года. Забяспечыўшы падтрымку наступлення таварышаў, ён падавіў агнём варожую доўгачасовую земляную агнявую кропку, якая была абсталявана кулямётнай батарэяй і з’яўлялася сур’ёзнай перашкодай для наступлення нашых войскаў. Ацаніўшы становішча, Іосіф Сігізмундавіч прыняў рашэнне пад агнём прабівацца да доўгачасовай земляной агнявой кропкі. Падабраўшыся, з дапамогай гранат і ўзрыўчаткі падарваў і цалкам вывеў са строю ДЗАК і ліквідаваў варожы асабісты склад агнявой кропкі. Пасля гэтага, забяспечыўшы праходжанне таварышаў агнём са свайго аўтамата, знішчыў да сямі варожых салдатаў. За праяўленыя гераізм і адвагу Іосіф Кунцэвіч узнагароджаны ордэнам Славы III ступені загадам ад 14 лютага 1944 года. Іосіф Сігізмундавіч — удзельнік вызвалення горада Вялікі Ноўгарад. З 24 ліпеня па першага кастрычніка 1944 года ўдзельнічаў у вызваленні Латвійскай ССР, у лістападзе–снежні 1944-га ўдзельнічаў у баях пад Каўнасам. Да канца 1944 года франтавік быў накіраваны на поўдзень Польшчы, непадалёк ад горада Жэшуў. 23 — 26 студзеня 1945 года ўдзельнічаў у штурме горада Катовіцэ. 12 мая быў перапраўлены пад населены пункт Бароўніцы (Чэхаславакія). Вайну франтавік завяршыў 17 мая 1945 года непадалёк ад польскага горада Яновіцэ-Вельке.
Вячаслаў Іосіфавіч Сакалоўскі нарадзіўся ў вёсцы Кастрыца Ляхавіцкага сельсавета Лепельскага раёна ў 1924 годзе. Быў прызваны ў войска дзясятага ліпеня 1944 года Лепельскім раённым ваенным камісарыятам і залічаны ў 403 стралковы полк 145 стралковай дывізіі Першага стралковага корпуса 51-й арміі Першага Прыбалтыйскага фронту. Са жніўня па лістапад 1944 года Вячаслаў Сакалоўскі ўдзельнічаў у баях за Латвійскую ССР. Свой подзвіг ён учыніў 21 снежня 1944 года ля населенага пункта Пусары Латвійскай ССР. У баі ён заўважыў групу варожых салдатаў, якія рухаліся ў размяшчэнні яго таварышаў. Аператыўна адрэагаваўшы, Вячаслаў Сакалоўскі развярнуў свой станкавы кулямёт і шквальным агнём знішчыў атрад фашыстаў. Мабільна мяняючы пазіцыю, франтавік выявіў новы атрад ворага і аператыўна арганізаваў засаду. Атака была раптоўнай — агнём са сваёй зброі ён забіў шэсць салдатаў і ўзяў у палон траіх. У жорсткай барацьбе Вячаслаў Іосіфавіч быў паранены, але цалкам выканаў сваю баявую задачу. За адвагу і гераізм быў удастоены ордэна Славы III ступені загадам ад чацвёртага лютага 1945 года. З пачатку 1945 года ён быў удзельнікам баявых дзеянняў на тэрыторыі Чэхаславакіі. Вайну завяршыў у горадзе Лужна ў званні яфрэйтара.
Іван Мацвеевіч Бародзіч нарадзіўся ў вёсцы Таронкавічы Лепельскага раёна ў 1912 годзе. У дзеючую армію быў прызваны 11 лістапада 1944 года. Свой баявы шлях пачаў у першыя дні студзеня 1945 года ў складзе 597-га стралковага палка 207-й стралковай дывізіі. Нёс службу Іван Бародзіч непадалёк ад польскага горада Міньск-Мазавецкі. У лютым удзельнічаў у баях за горад Венцбарк. У пачатку красавіка яго полк дыслакаваўся ў раёне Заходнемарскога ваяводства Польшчы. Іван Бародзіч быў удзельнікам штурма Берліна. У жорсткіх баях на вуліцах сталіцы Германіі з першага па другога мая 1945 года Іван Мацвеевіч дакладнай наводкай з прылады падавіў тры кулямётныя агнявыя і тры снайперскія кропкі праціўніка. Праз сквер па таварышах адкрылі агонь з умацаванага будынка. Іван Мацвеевіч развярнуў прыладу і шквальным агнём вымусіў гітлераўцаў спыніць агонь і здацца. У тым баі ён узяў у палон 43 нямецкія салдаты. За гэта і быў узнагароджаны ордэнам Славы III ступені загадам ад 23 мая 1945 года. Акрамя гэтага, як удзельнік штурму германскай сталіцы Іван Бародзіч быў узнагароджаны медалём “За ўзяцце Берліна” загадам ад 13 лістапада 1945 года. Вайну ён скончыў 17 чэрвеня 1945 года паблізу горада Бад-Вільснак у званні радавога.
Іван ХІРЭВІЧ,
старшы навуковы супрацоўнік
установы культуры
“Лепельскі раённы
краязнаўчы музей”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.