Уладзімір Брыль: «Настаўнік павінен любіць дзяцей і школу»…

451 Колькі разоў пераконваюся: каб настаўніка паважалі і слухаліся, ён сам у першую чаргу павінен паважаць і любіць дзяцей. У Новавалосавіцкую школу прыехаў новы настаўнік, малады спецыяліст Уладзімір Брыль. Англійскую мову выкладае Уладзімір Іванавіч… Не магу назваць гэтага дзевятнаццацігадовага хлопца, які не надта яшчэ і сам адышоў ад школьнага ўзросту, гэдак ужо афіцыйна. Хай ужо так завуць яго калегі па цэху, а ў нас, журналістаў, прасцей. Ды і, зрэшты, аўтарытэт трэба заваяваць, і гэта ўсё робіцца не адным днём. Уладзімір згодны са мною, а таму размаўляем папросту, без акадэмічнасці.

— Для цябе, выпускніка Мінскага лінгва-гуманітарнага каледжа, было нечаканасцю размеркаванне ў сельскую школу?

— Ніколькі. Я з Лепеля, не са сталіцы, жыву ў прыватным доме, хаця агарода мы не маем, толькі кветнікі, аднак ведаю, што такое зямля. І ў вёску да бабулі на Браслаўшчыну ездзім, і на рыбалцы з бацькам бываем. Так што сельская школа не навіна?

— Табе падабаецца ў Валосавічах?

— Нармальна. Праўда, я тут яшчэ толькі месяц, аднак паспеў заўважыць: калектыў добры, зычлівы, гатовы ў любы час руку дапамогі падаць.

— Табе патрэбная гэтая рука?

— Больш – у пытаннях тэарэтычных: разабрацца з паперамі, планамі. І асабліва ж класнае кіраўніцтва. Вядома, нас вучылі многаму і ў каледжы, быў на практыцы. Аднак практыка адно, а праца – іншае.

— А з дысцыплінаю на ўроках ў цябе ўсё нармальна? Для маладых гэта, звычайна, вострая праблема.

— Лічу, што нармальна. Дзеці адэкватныя, мяне слухаюць. Ім цікава – што яшчэ трэба?

— А табе цікава з імі?

— Так. Інакш не быў бы ў школе. Трэба любіць дзяцей. І я іх люблю. Гэта не азначае, што я заўсёды добранькі. Трэба – пастаўлю на месца любога. Аднак сур’ёзных канфліктаў пакуль не ўзнікала. Зрэшты, у мяне ўжо ёсць невялікі досвед працы з дзецьмі. Працаваў важатым у летніку на Міншчыне. Праўда, мне трапіўся самы малодшы атрад – шасці-сямігадовыя. Аднак падабаецца працаваць з дзецьмі любога ўзросту.

— Што цябе па першым часе здзівіла, магчыма, азадачыла, можа, узніклі складанасці…

— Неадпаведнасць паміж праграмай і ведамі вучняў. Калі табе, скажам, трэба даваць пэўную тэму, а ўзнікае праблема з пытаннем “Watсh is your name?” – міжволі губляешся.

— Чаму ты пайшоў на выкладчыка менавіта англійскай мовы?

— Падабаецца. Вывучаў яе ў СШ №3 і даволі паспяхова, пасля выбраў спецыяльнасць “англійская мова” ў каледжы. Праўда, спачатку хацеў пайсці на гіда-перакладчыка. А зараз паступіў на трэці курс лінгвістычнага ўніверсітэта па спецыяльнасці “замежная мова”.

— Гэта адкрывае іншыя магчымасці. Марыш пра больш шырокія перспектывы?

— Хто ж не марыць? Але пакуль трэба адпрацаваць па размеркаванні, і я ніколькі не засмучаны. Падабаецца школа, мае шасцікласнікі, у якіх я класны кіраўнік. Дзеці разумныя, дапытлівыя.

— На чым дабіраешся ў аддаленую вёску?

— Езджу на школьным аўтобусе.

— Акрамя школы маеш вольны час? І як яго праводзіш?

— Я ўжо казаў, што люблю пасядзець з вудачкай, і паходы, рамантыка начнога вогнішча – таксама маё.

— Ці сябруеш з камп’ютарам?

— Так, але гэта матываванае сяброўства і пазнавальнае. Калі казаць пра сацыяльныя сеткі, то я не вялікі аматар у іх сядзець. Заходжу ў інтэрнэт, каб сачыць за навінкамі інфармацыйных тэхналогій. Шмат гуляю ў інтэрнэце, вядома ж, не ў “кантру” і не ў “танкі”… Спрабаваў пачаць камп’ютарнае праграмаванне, але гэты працэс у мяне яшчэ вельмі сыры.

— А рэальных, не віртуальных сяброў маеш?

— Не так шмат, бо я не аматар масавага вулічнага адпачынку. Ёсць сябар і па школе, і па ліцэі. Нас аб’ядноўвае блізкасць поглядаў і захапленняў. Сябры таксама студэнты.

— Што, на твой погляд, галоўнае для настаўніка?

— Эрудыцыя, узаемапавага з вучнямі, што не азначае панібрацтва. Школу трэба любіць.

Гутарыў Уладзімір МІХНО.

 НА ЗДЫМКУ: малады спецыяліст-настаўнік Уладзімір Брыль.

 Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.