Улица Коммунальная города Лепеля в фактах и лицах

— Ці ведаеце вы хаця б прыблізна, у якім раёне г.Лепеля знаходзіцца вуліца Камунальная? — з такім пытаннем звярнуўся да 8 выпадковых прахожых, і толькі ў 2 выпадках атрымаў станоўчы адказ.

— Ведаю толькі цэнтральныя, галоўныя вуліцы кшталту Максіма Горкага ці Чуйкова, а меншыя — не, — часцей за ўсё адкажа суразмоўца.

Чым жа мяне зацікавіла вуліца Камунальная? Літаральна некалькі дзён таму праглядаў чарговы раз карту Лепеля, і раптам гэта вуліца яна патрапілася мне на вочы: невялічкая, пралягае паралельна вуліцам Савецкай і Войкава, на адрэзку ад стадыёна да вул.Барысаўскі тракт. Агульная яе працягласць — каля паўкіламетра. Вырашана — зроблена. Вылучыўшы бліжэйшы свабодны дзень, прайшоў па ёй.

 

Гістарычныя крыніцы

Калі была ўтворана, нанесена на карту горада вуліца Камунальная? Спачатку меркаваў, што яна — адна са старых вуліц, забудаваных у пачатку ХХ стагоддзя. Магчыма, і раней, бо побач знаходзяцца такія старыя вуліцы, як Барысаўскі тракт, Будзённага і Савецкая (да рэвалюцыі вядомая, як Новачашніцкая). Аднак старажылы вуліцы мяне спачатку крыху збянтэжылі.

Вось што сказала Надзея Марозава, якая жыве на вуліцы Камунальнай з 1971 года:

— Вуліца адносна новая, большасць дамоў пасляваенных гадоў пабудовы. Самы стары будынак, наколькі ведаю, на павароце з вуліцы Будзённага на вуліцу Камунальную, драўляны 2-павярховы. Другі паверх маленькі, выглядае з-пад самага даху. Старыя людзі распавядалі, што ў час вайны і акупацыі там знаходзілася пральня, дзе мылі вопратку і бялізну для немцаў, што лячыліся ў шпіталі. Ён працаваў у будынку сярэдняй школы №1. Канчаткова ж унесці яснасць у пытанне дапамагла жыхарка дома №2 (ён жа вуглавы з боку вуліцы Барысаўскі тракт, 35) Таццяна Старынская:

— Са старых часоў лепяльчане пры сваіх дамах мелі прысядзібныя ўчасткі, на якіх вырошчвалі гародніну. Гэтым у асноўным і харчаваліся. Некаторыя ўчасткі па плошчы даходзілі да 60 сотак. Напрыклад, да нашага дома прылягаў прыблізна такі пляц, даходзіў да знакамітага генеральскага дома на вуліцы Барысаўскі тракт. Большасць участкаў на сучаснай вуліцы Камунальная адносіліся да вуліцы Войкава. Гэта значыць, што дом стаяў на вул.Войкава, а ўчастак за ім працягваўся і прымыкаў да такога ж участка ад вуліцы Савецкай. Прыблізна ў сярэдзіне 1960-ых гадоў гарадской уладай праводзілася ўшчыльненне. Для абслугоўвання дамоў пакідалі па 6-10 сотак, участкі драбніліся, і такім чынам зяўлялася магчымасць будаваць дамы больш густа.

Гэтую версію пацвердзіла і жыхарка дома №17 Валянціна Шасцітка:

— Мне распавядалі старажылы, што першапачаткова быў забудаваны толькі адзін бок вуліцы Камунальнай, той, што ідзе ад вул.Войкава. На адным баку былі дамы, а насупраць — іх агароды. І толькі пазней стаў забудоўвацца бок, які прылягае да вул.Савецкая. Дарэчы, на адным баку вуліцы сустракаюцца і цотныя, і няцотныя дамы. Можна і заблытацца, але паколькі вуліца невялікая, разабрацца будзе вельмі проста.

Працяг чытайце ў наступным нумары.

 

“Жылі мы весела, дружна…”

Надзея Іванаўна Марозава разам з мужам Васілём Сяргеевічам пасялілася на Камунальнай яшчэ ў 1970-ым годзе, уехалі ў новы, толькі што пабудаваны дом. Жанчына распавяла пра ранейшых насельнікаў вуліцы:

— На нашай вуліцы жылі вельмі паважаныя людзі Лепеля. Напрыклад, старэйшыя лепяльчане памятаюць Вячаслава Мікалаевіча Радомскага, які працаваў урачом-стаматолагам, і яго жонку Валянціну Піліпаўну, фармацэўта, яна працавала ў цэнтральнай аптэцы. У доме насупраць жыла пара з прозвішчам Крывец, абодва былі франтавікамі, пазнаёміліся і пабраліся шлюбам на вайне. Мужа я не добра памятаю, а жонку звалі Юлія Пятроўна, таксам была медыкам. З 1950-ых гадоў на нашай вуліцы жылі Лобкісы. Валодзя Лобкіс быў першым вадзіцелем аўтобуса ў Лепелі, ён абслугоўваў як гарадскія, так і прыгарадныя маршруты, ездзіў, куды прызначаць. А ўвогуле жылі мы вельмі дружна, асабліва сябравалі нашы дзеці. Хлопчыкі і дзяўчынкі разам вучыліся ў школе, бегалі на гурткі і секцыі. Быў час, калі дзеці самі развучвалі вершы, песні і наладжвалі для нас, дарослых, цэлыя пастаноўкі. На іх канцэрты збіралася амаль уся вуліцы, дарослыя выходзілі са сваімі табурэтамі, рассаджваліся ў некалькі шэрагаў. На вялікі жаль, мы не сфатаграфавалі тыя дзіцячыя канцэрты, каб хаця б адна фотакартка засталася…

Ушчыльненне 1960-ых гадоў прывяло да таго, што вялікія, абшырныя ўчасткі плошчай часам да 50-60 сотак, скараціліся да стандартных савецкіх нарматыўных дзесяці, а часам і да шасці. Што, аднак, не замінае сучасным жыхарам Камунальнай жыць у сваё задавальненне. Той, хто хоча, мае магчымасць развесці невялікі агародзік, кветнік.

Праўда, са старых часоў назіраецца праблема пераўвільготненасці глебы, асабліва на баку, які прылягае да вуліцы Войкава. Людзі расказвалі, як выкапаныя неглыбокія ямы у хуткім часе запаўняюцца вадой. І нават цяперашнім вельмі сухім летам сітуацыя кардынальна не памянялася.

Другая важная абставіна жыцця на Камунальнай — грунтовая дарога. Вуліца ад самага свайго заснавання ніколі не мела асфальтавага пакрыцця. Хаця аб ім марылі яшчэ самыя першыя жыхары.

Напрыклад, з Валянцінай Васільеўнай Шасціткай пазнаёміўся ў той момант, калі жанчына разраўноўвала пясок перад выездам са свайго гаража. За гады перад ім выбіўся грунт, утварылася лужына. Якраз у гэты дзень суседзі займаліся землянымі работамі, пракладвалі падземныя камунікацыі, выбраны грунт па просьбе Валянціны Васільеўны высыпалі ў яму.

Перыядычна па вуліцы робяць падсыпку, грэйдзіраванне, аднак радыкальна змяніць справу не ўдаецца. На вялікі жаль, такая праблема востра стаіць не толькі па Камунальнай, няма асфальтавага пакрыцця на вуліцах Лабанка, Палявой, Усходніх, Сянных і шмат якіх іншых. Застаецца спадзявацца, што ў бліжэйшыя гады справа ўсё ж такі зрушыцца.

 

“У цэнтры, як у вёсцы”

Час і яго законы няўмольныя, на змену старым пакаленням прыходзіць моладзь, і часта бывае, што ў яе ўжо свае, новыя правілы жыцця і паняцці. Для параўнання вырашыў выбраць трох жыхароў.

Першай суразмоўцай стала ўпамянёная ўжо жыхарка дома №2 Таццяна Мікалаеўна Старынская, ёй дом дастаўся ў спадчыну ад мамы Кацярыны Сяргееўны Крыловай. Вось што распавядала Таццяна Мікалаеўна:

— Жылі мы ў гэтым доме, колькі сябе памятаю. Даўней у нас быў вялікі агарод, але пасля ўшчыльнення застаўся невялікі ўчастак, якога, аднак, мне цалкам хапае. Дом наш 1923 года пабудовы, але вельмі моцны, з трывалымі сценамі і дахам. Мама пражыла ў ім усё жыццё, праўда тады не было камунальных выгод, усе зручнасці на вуліцы, ваду штодня прыносілі з калодзежа, палілі печы, пра каналізацыю і гаворкі не было. У канцы 1990-ых гадоў я, параіўшыся з мамай, распачала рамонт дома. Меркавалі, што калісьці, магчыма, будзем яго прадаваць, то добраўпарадкаваны і адрамантаваны будзе каштаваць даражэй. Правялі ваду, падключыліся да каналізацыі, правялі газ, замяніліл вокны і дзверы — атрымалася жыллё з усімі выгодамі. Мама нават са слязамі на вачах казала, што ў такім доме толькі жыць і жыць. Памерла яна ў 86 гадоў. Я доўгі час жыла ў Мінску, але, як сама выйшла на пенсію, вярнулася ў Лепель. Спачатку даглядала маму, а цяпер і ўвогуле не хачу вяртацца ў сталіцу. Дачка Інга Дзмітрыеўна Воюш перыядычна наведваецца да мяне, з ахвотай жыве тут, са шкадаваннем вымушана вяртацца на працу.

Я сустрэў Таццяну Мікалаеўну ў агародзе, жанчына наводзіла парадак на ўчастку перад надыходам зімы. Звярнуў увагу на ідэальны парадак і прыгажосць:

— Акуратна абстаўленыя грады, зялёныя нават у сярэдзіне восені газоны — такое не часта сустрэнеш.

— Вы яшчэ не бачылі парадак, які наводзіла тут мама! — адказала гаспадыня. — Яна ж была прафесарам агародніцтва, вырошчвала любую гародніну ад прывычнага нам бурака ці бульбы да розных экзотаў кшталту кавуноў. І на ўсё ў яе хапала часу, сіл, жадання і энтузіязму.

Другім адметным прадстаўніком Камунальнай вуліцы стаў Ігар Міхайлавіч Кукса. Ураджэнец Севастопаля, 35 год аджыў у Мурманску, хадзіў на рыбалавецкіх суднах. На поўначы пазнаёміўся з ураджэнкай Лепельшчыны Наталляй Антонаўнай Скібскай, ажаніўся з ёй і, выйшаўшы на пенсію, вырашыў стала жыць на Беларусі. Нагледзелі ўчастак са старым домам, выкупілі, знеслі старыя пабудовы і з нуля ўзвялі дом, гараж, кладоўку, лазню.

Перад пабудовай зрабілі насыпку грунту, каб падняць участак, хоць крыху пазбавіцца сырасці. Пры пабудове паўстала пытанне, ладзіць аўтаномную каналізацыю, ці падключацца да цэнтралізаванай.

— Вырашылі падключацца, — кажа Ігар Міхайлавіч. — Першапачаткова гэты варыянт быў даражэйшы, але, падумаўшы, прынялі менавіта яго. Аўтаномную каналізацыю трэба было б у далейшым з-за высокіх грунтовых вод адпампоўвайь занадта часта, а гэта — дадатковыя расходы. Таму мы, трое суседзяў, сабраліся і разам правялі каналізацыю.

Я сустрэў гаспадара дома, калі да яго прыехалі працаўнікі водаканалу, каб падключыць дом да цэнтральнага водазабесячэння. Так, наперадзе ў дбайнага гаспадара яшчэ вельмі шмат працы, аднак прагрэс, развіццё, і канчатковая мэта — рэальна бачныя.

Трэцім суразмоўцам стаў прадстаўнік новага пакалення жыхароў вуліцы Камунальнай Аляксей Банько. Малады мужчына ў той час разам са сваім бацькам Мікалаем Анатольевічам займаўся рамонтам легкавога аўтамабіля, мяняў рэмень ГРМ. Маладая сямя жыве ў сваім доме трэці год. Перад пакупкай агледзелі некалькі варыянтаў, вагаліся.

— І ўсё ж такі вырашылі сяліцца на Камунальнай, — успамінае Аляксей, — таму што вуліца амаль у цэнтры горада, тут побач школа, універмаг, базар, аптэка, але раам з тым вуліца ціхая, нібы ў вёсцы, бывае, што за дзень толькі адна-дзве машыны праедуць.

Так і пасяліліся. Жонка Іна працуе ў прыватным прадпрыемстве ЦСК, а дочка Дана ходзіць у чацвёрты клас сярэдняй школы №1. Домам і ўчасткам усе давольныя, хапае месца для жыцця, галава сямі для сябе абсталяваў невялікі гараж-майстэрню.

* * *

Вось і адкрыта для мяне і чытачоў яшчэ адна вуліца нашага горада. Яна размяшчаецца амаль у цэнтры, але пры гэтым ціхая, спакойная. Праходзячы па ёй, неаднаразова лавіў сябе на адчуванні, нібыта праходжу па вёсцы. І разам з тым ёсць гаспадары, якія не сядзяць, склаўшы рукі, праяўляюць актыўнасць, ствараюць для сябе і сваіх семяў гарадскія зручнасці і камфорт.

Васіль МАТЫРКА.

На здымках: вось так выглядае вуліца Камунальная з боку гарадскога стадыёна; работнікі водаканала Андрэй Жарнасек, Сяргей Воюш, Віктар Захаранка, Мікалай Хамічэнка і жыхар Камунальнай Ігар Кукса пасля паключэння дома да водаправоду; бацька і сын Аляксей і Мікалай Банько; прагожую брусельскую капусту вырасціла сёлета Таццяна Мікалаеўна Старынская.

Фота аўтара.

One thought on “Улица Коммунальная города Лепеля в фактах и лицах

  • 05.11.2021 в 8:24 пп
    Permalink

    Спасибо вам за статью, за вниманию к улице моего детства. Комментарий можно и не публиковать. Просто подправьте, пожалуйста, первую букву имени -моего дедушку звали Мячеслав Николаевич Радомский (не Вячеслав). Благодарю

    Рейтинг комментария:Vote +1+1Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.