Улицы носят имена знаменитых земляков

konopkok-mat-ob-ulicaxУ гонар каго названыя лепельскія вуліцы? Зараз у Лепелі праводзіцца ўпарадкаванне найменняў вулічна-дарожнай сеткі горада, і ў сувязі з гэтым па прапанове чытачоў распавядзем пра тых людзей, чые імёны носяць вуліцы, па якіх мы з вамі ходзім. У гэтым нам дапамог Лепельскі краязнаўчы музей.

muxink-mat-ob-nazvax-vulicВ.Р. Мухін — заслужаны лётчык-выпрабавальнік СССР, Герой Савецкага Саюза, генерал-маёр авіяцыі. Нарадзіўся ў Лепелі. У 1953 — 1957 гг. быў лётчыкам-выпрабавальнікам Лётна-даследчыцкага інстытута. Падняў у неба і правёў выпрабаванні доследнага самалёта Е-50, знішчальнікаў МіГ-17СФ і МіГ-17ПФ на дынамічную столь. У 1957 — 1989 працаваў у доследна-канструктарскім бюро імя А.С. Якаўлева. Доўгі час быў старшым лётчыкам-выпрабавальнікам ВКБ. Падняў у неба і правёў поўныя выпрабаванні першага айчыннага самалёта вертыкальнага ўзлёту і пасадкі Як-36, рэактыўных баявых самалётаў Як-28І і Як-28Л, спартыўнага Як-30, самалёта вертыкальнага ўзлёту і пасадкі Як-38. Удзельнічаў у выпрабаваннях усіх самалётаў, распрацаваных і пабудаваных у ВКБ за гэты перыяд, выканаў шэраг рэкламных палётаў на пасажырскіх самалётах за мяжой. За мужнасць і гераізм пры выпрабаванні новай авіяцыйнай тэхнікі 22 ліпеня 1966 года палкоўніку В.Р. Мухіну прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медалі “Залатая Зорка”.
zankok-mat-ab-nazvax-vulicФ.П. Занько — поўны кавалер ордэна Славы, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Нарадзіўся 22 верасня 1921 года ў в. Занькі Лепельскага раёна. Скончыў школу паветраных стралкоў, удзельнік баёў пад Сталінградам, вызначыўся ў баях за вызваленне Крыма, Беларусі і Усходняй Прусіі. Ажыццявіў 234 баявыя вылеты на штурм жывой сілы і тэхнікі ворага, у паветраных баях збіў 3 варожыя самалёты. Узнагароджаны двума ардэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнам Айчыннай вайны, ордэнам Чырвонай Зоркі.
Ваня Кавалёў — удзельнік партызанскага руху на тэрыторыі Віцебскай вобласці ў час Вялікай Айчыннай вайны. У чатырнаццацігадовым узросце стаў партызанскім сувязным, потым разведчыкам партызанскага атрада К. Заслонава, выконваў заданні ў Оршы, Барысаве, Лепелі. Затрыманы карнікамі пры дастаўцы лістовак у в. Красналукі і г. Чашнікі. Знайшоўшы лістоўкі, прысвечаныя 25-й гадавіне Кастрычніка, гітлераўцы ў надзеі напасці на след партызан і падпольшчыкаў па-зверску катавалі юнага патрыёта. Перад расстрэлам каты яшчэ раз запатрабавалі прызнання, паабяцалі захаваць жыццё. «Я — піянер, а не здраднік, — адказаў Ваня. — Страляй!»
Тодар Тодаравіч Кляшторны — беларускі паэт, перакладчык. Нарадзіўся ў вёсцы Парэчча Лепельскага раёна. У 1931 годзе скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў на радыё, у рэспубліканскіх газетах і часопісах. Быў членам літаратурных аб’яднанняў «Маладняк», «Узвышша», БелАПП. Уваходзіў у нефармальнае аб’яднанне «ТАВІЗ». У канцы 1920 — пачатку 1930-х гг. пакой Т. Кляшторнага часта станавіўся месцам цёплых сяброўскіх сустрэч пісьменнікаў. Арыштаваны 3 лістапада 1936 г. у Мінску. Прыгавораны пазасудовым органам НКУС 29 кастрычніка 1937 г. як «член антысавецкай арганізацыі» да вышэйшай меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 8 чэрвеня 1957 г.
Д.В. Канопка — удзельнік Першай сусветнай вайны, поўны кавалер чатырох ступеней Георгіеўскага крыжа. Нарадзіўся ў Лепельскім раёне ў сям’і лесніка, дзе было 10 дзяцей. У 1907 годзе прызваны ў 6-ы Фінляндскі стралковы полк у горадзе Фрыдрыхзгам. Добрасумленна вывучаў ваенную справу і вельмі хутка стаў лепшым стралком у падраздзяленні. Стараннасць навабранца заўважылі, і неўзабаве Дамініка Канопку накіравалі ў вучэбную каманду, пасля чаго ён стаў камандзірам узвода. Потым ён быў адпраўлены ў школу падпрапаршчыкаў у Выбаргу. Праслужыў 5 гадоў, а ў 1912 дэмабілізаваўся па сямейных абставінах.
Пасля мабілізацыі прызваны на службу ў 116-й пяхотны Малаяраслаўскі полк. Удзельнічаў ва Усходне-Прускай аперацыі. У 1914 годзе быў паранены ў нагу, быў адпраўлены ў шпіталь. Узнагароджаны Георгіеўскім крыжам 4-й ступені. Пасля выздараўлення адпраўлены ў свой полк. Зімой 1915 года падчас баёў пад Гродна, у Аўгустоўскіх лясах, узвод на чале з Д. Канопкам трапіў у акружэнне. З цяжкасцю змог выйсці да сваіх, захаваў жыццё падначаленых. За мужнасць і вайсковую кемлівасць быў узнагароджаны Георгіеўскім крыжам 3-й ступені. А Георгіеўскім крыжам 2-й ступені Канопка быў уганараваны за разведку і зняцце непрыяцельскага паста: трох немцаў забілі, забраўшы іх зброю, яшчэ чацвярых узялі ў палон, з іх двое былі параненыя. Поўным Георгіеўскім кавалерам Дамінік Канопка стаў у пачатку 1917 года.
У баях пад Смаргонню яму было загадана выявіць каардынаты варожых мінамётных пазіцый. Каардынаты варожай батарэі былі перададзены нашай артылерыі, але праціўнік заўважыў дазор і пачаў артылерыйскі абстрэл, адзін са снарадаў разарваўся побач. Канопка быў паранены ў патыліцу і адпраўлены ў шпіталь. Георгіеўскі крыж I ступені прапаршчыку Канопку ўручыў генерал прама ў шпіталі. Пасля выздараўлення Дамінік Вікенцьевіч быў камісаваны з арміі.
Пражываў у розных населеных пунктах Лепельскага раёна БССР. Да Вялікай Айчыннай вайны працаваў вартаўніком на Лепельскім шпаларэзным заводзе. У гады вайны быў на акупаванай тэрыторыі, пасля яе заканчэння працаваў на складзе лесаматэрыялаў.
І.М. Ерашоў — лётчык, удзельнік баёў на Курскай дузе, вызвалення Украіны, Герой Савецкага Саюза. Нарадзіўся 26 верасня 1911 года ў горадзе Лепелі ў сям’і рабочага. Скончыў Лепельскі педагагічны тэхнікум. Працаваў настаўнікам у Полацку. У Савецкай арміі з 1933 года. У 1936 годзе скончыў Сталінградскае ваенна-авіяцыйнае вучылішча, а ў 1943 годзе — Ваенна-паветраную акадэмію. На фронце з мая 1943 года. Камандзір 672-га штурмавога авіяпалка (306-я штурмавая авіяцыйная дывізія, 9-ы змешаны авіяцыйны корпус, 17-я паветраная армія, 3-і Украінскі фронт) маёр Ерашоў да снежня 1943 г. зрабіў 94 баявыя вылеты, нанёс праціўніку істотны ўрон у жывой сіле і тэхніцы, у паветраных баях збіў 4 самалёты. У адным з вылетаў быў збіты, паранены, трапіў у палон, уцёк. Пасля ампутацыі нагі лятаў з пратэзам на баявыя заданні. Узнагароджаны ордэнам Леніна, двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, Ордэнам Аляксандра Неўскага, медалямі.
Б.Р. Пржэвальскі — хірург з энцыклапедычнымі ведамі, доктар медыцыны. Нарадзіўся ў 1862 годзе ў Лепелі ў сям’і служачага. У 1888 скончыў медыцынскі факультэт Харкаўскага ўніверсітэта, са студэнцкіх гадоў сур’ёзна займаўся навуковай працай. Працаваў ардынатарам у факультэцкай хірургічнай клініцы гэтага ж універсітэта, якой кіраваў знакаміты прафесар В.Ф. Грубе. У 1892 г. Б.Р. Пржэвальскі служыў 4 месяцы малодшым лекарам 28-га флоцкага экіпажа ў Севастопалі. Потым 4 канікулярныя месяцы быў першым заводскіх лекарам у Екацерынаслаўскай губерні (Данецкая вобласць) падчас будаўніцтва першых даменных печаў. Там кіраваў уладкаваннем першай бальніцы. У 1896 г. падрыхтаваў і паспяхова абараніў доктарскую дысертацыю, якая была прысвечана інервацыі прастаты. Працягваў вывучэнне анатоміі, распрацоўваў тэхніку новых аператыўных умяшанняў. Яго цікавілі пытанні ўплыву нервовай сістэмы на ўзнікненне і працяг хірургічных захворванняў. Вынікі працы былі апублікаваныя ў 1906 г. Удзельнік руска-японскай вайны. У дзеючай арміі ён прапанаваў здымную гіпсавую павязку, вывучаў спосабы абязбольвання хірургічных аперацый. Б.Р. Пржэвальскі — аўтар шматлікіх артыкулаў і кніг. Улічваючы дэфіцыт падручнікаў па хірургіі, у 1921 г. выдаў падручнік «Лекцыі па хірургічнай паталогіі і тэрапіі», у 1930 г. — кнігу «Элементарнага курса сучаснай агульнай хірургічнай паталогіі», у 1932 г. выйшла «Хірургічная клінічная прапедэўтыка».
І.Н. Коцараў — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, савецкі ваенны разведчык. Нарадзіўся ў Варонежскай вобласці, але большую частку жыцця правёў з сям’ёй у Лепелі. У кастрычніку 1941-га яго прызвалі ў шэрагі Чырвонай арміі, скончыў паскораныя курсы ў Варонежскай школе радыёспецыялістаў і адправіўся радыстам на Калінінскі фронт. А ў канцы сакавіка 1942 года яго закінулі ў распараджэнне начальніка сувязі 11-га кавалерыйскага корпуса, які дзейнічаў у тыле праціўніка на тэрыторыі Смаленскай вобласці. Трэба было наладзіць парушаную сувязь са штабам. Пры выкананні спецзадання быў паранены, трапіў у палон да фашыстаў, а потым у лагер для ваеннапалонных. З лагера яго адправілі пад Ржэў рамантаваць чыгунку, адкуль у сярэдзіне чэрвеня 1942 года ўцёк. Праўда, дабрацца да лініі фронту не ўдалося. Дзён праз дзесяць затрымалі гітлераўцы, адправілі ў Карманаўскі лагер. Адтуль збег, калі вялі над ракой, скочыў з абрыву ў ваду і стаіўся.
Аднак шанцавала нядоўга. Ужо наступнай ноччу Коцараў нарваўся на засаду. На гэты раз пакідаць у жывых уцекача не збіраліся, прымусілі капаць сабе магілу. Гітлераўскі афіцэр стаяў на краі ямы і здзекаваўся. Не вытрымаўшы, Іван кінуў рыдлёўку і палез на яго з кулакамі. Але гэта не згубіла яго, а, наадварот, выратавала жыццё. Як высветлілася, афіцэр быў супрацоўнікам германскай разведкі Фурманам. Фурман Юльюш, зондерфюрер, вербаваў і перакідваў агентуру з дня арганізацыі «Абверкаманды-103», з чэрвеня 1943 года ўзначальваў усю агентурную працу. Ён прапанаваў палоннаму: «Выбірай: або праца на нас, або зноў у магілу».
Хутка Іван Коцараў змяніў прозвішча на першы ў сваім жыцці псеўданім і стаў Дубянскім. Яго адправілі вучыцца ў Катынскую школу разведчыкаў пад Смаленскам, каб потым накіраваць у тыл Чырвонай арміі для разведработы. Ён адразу ж вырашыў пры першым зручным выпадку з’явіцца да сваіх. Гэтак жа думаў і яго напарнік па трэніроўках у радыёкласе Мікалай Паладый, які прывыкаў да новага прозвішча — Белазёраў.
Праз паўгода вучобы, у ноч з 2 на 3 мая Дубянскага і Белазёрава з самалёта выкінулі ў раёне вёскі Коркіна, каля станцыі Петушкі пад Масквой. З сабой у іх былі радыёстанцыя, зброя, камплекты розных дакументаў і 300 тысяч рублёў. Заданне германскай разведкі — прабрацца ў Горкі, асесці на пастаяннае жыхарства, збіраць і перадаваць па радыё ваенныя, эканамічныя, палітычныя звесткі. Аб усім гэтым двое маладых людзей ужо вельмі хутка распавядалі супрацоўнікам органаў НКУС у камеры ўнутранай турмы на Лубянцы. Яны расказалі пра заданне, пра Катынскую школу разведчыкаў, пра тое, што рыхтавалася або ўжо было закінута ў тыл Чырвонай арміі 50 агентаў.
Неўзабаве савецкая контрразведка вырашыла перавербаваць Дубянскага і Белазёрава. Коцараву прысвоілі новы псеўданім — Ліхачоў. Іх радыёстанцыю ўключылі ў радыёгульню «Сябры», каб дэзынфармаваць праціўніка. З мая 1943 года Ліхачоў і Белазёраў перадавалі германскай разведцы дэзынфармацыю, падрыхтаваную контрразведчыкамі. Радыёгульня працягвалася з 5 мая 1943 па 29 красавіка 1945 года. Коцараў быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені.
Адна з вуліц горада названа імем В.І. Чуйкова — савецкага военачальніка, маршала і двойчы Героя Савецкага Саюза. Чуйкоў удзельнічаў у вызваленні Лепеля ад белапалякаў 14 мая 1920 года.
За назвамі вуліц стаяць цікавыя гісторыі выдатных ураджэнцаў Лепеля, людзей, што жылі тут, або так ці інакш былі звязаныя з горадам. А вы ведаеце, адкуль пайшла назва вуліцы, на якой жывяце?
Падрыхтавала
Алена МАРЦІНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.