Усе выхадныя Лепель гудзеў як раздражнёны вулей

3 Усе выхадныя Лепель гудзеў як раздражнёны вулей. Чуткі множыліся і з кожным пераказам прырасталі новымі “фактамі”. Маўляў, з’явілася цэлая банда, якая рабуе крамы, забівае прадаўцоў, крадзе выручку на дзясяткі мільёнаў рублёў. Да канца наступнага дня ўжо дагаварыліся да “чорнай кошкі”. Каб унесці яснасць і атрымаць кампэтэнтную інфармацыю, аўтар звярнуўся на начальніка РАУС падпалкоўніка міліцыі Аляксандра Дуранава.

У пятніцу, 29 красавіка, у 13.52 у дзяжурную часць патэлефанавала Алена Баравік, прадаўшчыца крамы №100 па вуліцы Віцебскай. Яна паведаміла, што ў 13.50 у магазін уварваліся двое ў масках і, пагражаючы зброяй, укралі буйную суму грошай.

Па трывозе быў падняты ўвесь асабовы склад РАУС, яшчэ ў чатырох суседніх раёнах быў уведзены ў дзеянне план “Сірэна”. На месцы следча-аператыўная група высветліла наступную карціну. Двое хлопцаў адважыліся на дзерзкі напад. Прадаўшчыца нават ахарактарызавала іх як падлеткаў, вельмі маладыя былі галасы. У аднаго на галаве была маска з цёмнай шкарпэткі, на другім – папяровая маска з прарэзамі для вачэй і рота. У аднаго ў руцэ быў нож, другі трымаў прадмет па выглядзе падобны на пісталет.

Зламыснікі забралі выручку -– каля чатырох мільёнаў рублёў, і збеглі ў невядомым накірунку. Гэты факт кваліфікаваны па частцы 2 артыкула 207 Крымінальнага кодэкса (разбой), якая прадугледжвае пазбаўленне волі ад шасці да пятнаццаці гадоў з канфіскцыяй маёмасці.

Аператыўна-вышуковыя дзеянні прывялі ва Ўшацкі раён і ў Віцебск. Ужо назаўтра, 30 красавіка, двое падазроных былі затрыманы. Імі аказаліся двое непаўналетніх, 2000 года нараджэння. Адзін быў жыхаром Ушацкага раёна, другі – Бешанковіцкага, абое – навучэнцы Лепельскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя.

Пра ход следства гутарым з часова выконваючым абавязкі раённага аддзела следчага камітэта падпалкоўнікам юстыцыі Сяргеем Булаем.

— Што стала матывам злачынства?

— Пакуль што цяжка сказаць. Паводле папярэдняй інфармацыі, хлопцы былі з сярэднім дастаткам, апраналіся, як і большасць іх аднагодкаў. Хутчэй за ўсё прага нажывы падштурхнула іх.

— Гэта злачынства было спантаннае ці спланаванае?

— Яно было няблага спланавана і падрыхтавана. Загадзя падрыхтавалі маскі, на справу пайшлі ў пальчатках, таму была праблема з выяўленнем і пошукам адбіткаў пальцаў.

— Што можаце сказаць пра зброю?

— Пры разбоі былі выкарыстаны нож і дзіцячая цацка – пластмасавы пісталет, вельмі падобны на сапраўдны. Апошні злачынцы, уцякаючы, кінулі недалёка ад крамы.

— Ці пацярпела прадавец?

— Цялесных пашкоджанняў прадаўцу не нанесена, але жанчына перажыла вельмі моцны стрэс. Далей будзем праводзіць следчыя дзеянні для устанаўлення ступені і меры віны, высвятлення матываў учынення злачынства, а таксама іншых абставінаў.

Васіль МАТЫРКА.

 На здымку: дзверы магазіна апрацаваны матэрыялам для збору адбіткаў пальцаў; частку грошай зламыснікі не вынеслі; пластмасавы пісталет – зброя злачынцаў.

Фота прадастаўлена раённым аддзелам следчага камітэта.

2 1

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.