Успех детей — главный результат работы педагога

Кожны пагадзіцца з тым, што быць педагогам — гэта сапраўднае мастацтва і цяжкая праца. Аднак можна з упэўненасцю сказаць, што на Лепельшчыне настаўнікі выконваюць сваю работу на высокім прафесійным узроўні і ўмеюць знайсці індывідуальны падыход да кожнага дзіцяці.

У гэтую нядзелю, 3 кастрычніка, сваё прафесійнае свята адзначаць работнікі галіны адукацыі. Пра дасягненні, асаблівасці і важнасць педагагічнай працы напярэдадні свята расказала ў інтэрв’ю намеснiк начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Аксана Лясун.

— Аксана Міхайлаўна, скажыце, калі ласка, колькі ў раёне функцыянуе ўстаноў адукацыі?

— Сёлета сустрэлі школьнікаў 34 установы адукацыі: адна гімназія, шэсць сярэдніх школ, чатыры базавыя, дзве пачатковыя школы, а таксама 17 ясляў-садоў, раённы цэнтр дзяцей і моладзі, Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання, сацыяльна-педагагічны цэнтр і Цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі.

Вядома, што прафесія настаўніка — гэта прызванне…

— Цалкам згодна з гэтым. Адзначу, што калектыў педагогаў Лепельшчыны — гэта шчырыя, добрасумленныя, адданыя сваёй справе людзі, якія прысвяцілі сябе самай высакароднай і мірнай прафесіі. У кожнай установе створана надзейная і прафесійная каманда, атмасфера творчага пошуку, адказнасці, якія спрыяюць дасягненню поспеху. З упэўненасцю можна сказаць, што адукацыйны працэс ажыццяўляюць вопытныя спецыялісты, тыя, хто любіць дзяцей і сваю справу: выхавальнікі, настаўнікі-дэфектолагі, музычныя кіраўнікі і кіраўнікі фізічнага выхавання.

Нашы педагогі пастаянна працуюць над павышэннем свайго прафесіяналізму. У цяперашні час у раёне 82 працэнты педагогаў маюць вышэйшую адукацыю, 71 працэнт педагогаў — першую і вышэйшую кваліфікацыйныя катэгорыі.

Якім, на ваш погляд, павінен быць сучасны настаўнік?

— Я не буду пералічваць якасці сучаснага педагога, а лепш назаву тых, хто, на мой погляд, з’яўляецца прыкладам у належным выхаванні і навучанні дзяцей. Так, напрыклад, у 2021 годзе ў сістэме адукацыі раёна яшчэ аднаму педагогу прысвоена кваліфікацыйная катэгорыя «настаўнік-метадыст». Гэта настаўнік англійскай мовы гімназіі імя І.М. Ерашова Кацярына Заяц, якая паспяхова здала кваліфікацыйны экзамен у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі і прайшла атэстацыю ў аддзеле па адукацыі. Нагадаю, раней такая катэгорыя была прысвоена настаўніку пачатковых класаў сярэдняй школы №1 Марыі Асоўскай.

Акрамя таго, па выніках удзелу педагогаў раёна ў абласным этапе XIX рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры і педагагічнай творчасці дыпломам I ступені ўзнагароджана праца настаўніка Слабадской ясляў-сада – сярэдняй школы Валерыя Тухты, дыпломам II ступені — праца намесніка дырэктара Старалядненскай ясляў-сада — базавай школы Жанны Карусевіч, дыпломамі III ступені — работы намесніка дырэктара сярэдняй школы №1 Таццяны Грыгаровіч, намесніка дырэктара Старалепельскай базавай школы Наталлі Лобкіс і настаўніка гэтай жа ўстановы Наталлі Харанекі.

Пра рост прафесіяналізму педагогаў сведчыць і іх удзел у традыцыйным конкурсе «Камп’ютар. Інтэрнэт. Адукацыя». Па яго выніках у 2020 годзе дыпломам I ступені ўзнагароджаны педагог дадатковай адукацыі цэнтра дзяцей і моладзі Віктар Радзько, дыпломамі III ступені — настаўнікі пачатковых класаў сярэдняй школы №1 Алена Мазго і Марыя Асоўская, настаўнік англійскай мовы СШ №3 Таццяна Кажарская, а таксама настаўнік матэматыкі Стайскай сярэдняй школы Людміла Кавалеўская.

Немагчыма пералічыць усе дасягненні нашых педагогаў. Адно дакладна можна сказаць: найважнейшай рысай педагагічнага калектыву з’яўляюцца згуртаванасць, вернасць сваёй справе, цярпенне і вытрымка, а таксама разуменне задач сённяшняга і заўтрашняга дня.

Аднак самы галоўны вынік працы ўсёй сістэмы адукацыі нашага раёна ў 2020-2021 навучальным годзе — 1-е месца ў абласным рэйтынгу па выніках цэнтралізаванага тэставання. Акрамя гэтага, па выніках ЦТ выпускнік СШ №3 Іван Юшкевіч стаў уладальнікам 100-бальнага сертыфіката па хіміі. Выпускнік гімназіі імя І.М. Ерашова Сяргей Лапёнак, які стаў пераможцам трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды, таксама атрымаў 100-бальны сертыфікат па біялогіі. Гэта вынікі, да якіх педагогі мэтанакіравана ішлі на працягу ўсяго навучальнага года.

Дзякуючы сістэмнай рабоце ўстаноў адукацыі па забеспячэнні якасці адукацыі, паказчык паступлення выпускнікоў школ у 2021 годзе ва ўстановы вышэйшай адукацыі склаў 76 працэнтаў.

— Прафесійнае свята настаўнікаў — гэта выдатная нагода расказаць пра дасягненні вучняў.

— У 2020-2021 навучальным годзе школьнікі раёна заваявалі 3 дыпломы на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Так, напрыклад, дыплом I ступені па біялогіі атрымаў навучэнец 11 класа гімназіі імя І.М. Ерашова Сяргей Лапёнак, дыплом II ступені па астраноміі — навучэнец 11 класа гэтай жа ўстановы Аляксандр Максімаў, а дыплом III ступені па беларускай мове — навучэнка 11 класа Слабадской ясляў-сада — сярэдняй школы Ганна Кліманская.

У мінулым навучальным годзе ў Віцебскай вобласці ўпершыню прайшла алімпіяда па асобных вучэбных прадметах сярод вучняў сярэдніх класаў. Па выніках алімпіяды дыплом у скарбонку раёна прынёс навучэнец 7 класа сярэдняй школы №3 Арцём Аладка.

Вучні Лепельшчыны штогод актыўна ўдзельнічаюць у розных спартыўных мерапрыемствах раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў.

Так, у абласным этапе спартыўна-масавага мерапрыемства «300 талентаў для Каралевы» фіналісткай стала навучэнка 3 класа гімназіі імя І.М. Ерашова Ганна Стэльмах.

На абласных спаборніцтвах сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне «Снежны снайпер» у спрынтарскай гонцы на 3 кіламетры навучэнец Бароўскай сярэдняй школы Іван Барысенка заняў 3 месца і прыняў удзел у складзе зборнай каманды вобласці ў рэспубліканскіх спаборніцтвах. І гэта, зноў жа паўтаруся, толькі маленькая частка з вялікай скарбонкі дасягненняў юных жыхароў раёна.

— Аксана Міхайлаўна, што вам хацелася б пажадаць калегам напярэдадні Дня настаўніка?

— Хочацца ад усёй душы павіншаваць з прафесійным святам дарагіх кіраўнікоў устаноў адукацыі, настаўнікаў, выхавальнікаў — усіх, хто падымае якасць адукацыі на высокі ўзровень, хто забяспечвае арганізацыю навучальнага працэсу, клапоціцца пра развіццё, здароўе і дабрабыт нашых дзяцей! Жадаю ім шчасця, творчасці і поспехаў у далейшай працы.

Упэўнена, што нашы педагогі заўсёды будуць на вышыні — і з пункту гледжання прафесійнага майстэрства, і з грамадзянскай пазіцыі. Сведчаннем таму з’яўляюцца высокія дасягненні вучняў.

Няхай у сем’ях работнікаў адукацыі  заўсёды пануюць мір і згода, а іх блізкія і вучні часцей радуюць і прыемна здзіўляюць шматлікімі поспехамі.

*   *   *

Мы далучаемся да гэтых шчырых пажаданняў і таксама віншуем усіх работнікаў, ветэранаў галіны адукацыі з прафесійным святам. Няхай любімая работа ім заўсёды прыносіць радасць!

Наталля ХРАПАВІЦКАЯ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.