Утром на «газели» приезжает с базы на завод «асфальтовая команда»

img_5528 Прыемна заехаць на легкавушцы на асфальтавы заводзік. Размешчаны ён хоць і не ў далечыні ад горада, але ўсё ж па-за гарадскою рысаю. Хаваецца ў лагчынцы, між кустоўя. Напрасткі да горада рукой падаць, а дарогаю, па аршанцы, — кіламетры тры, а мо нават з гакам будзе. Дарожка — хоць каціся!

Ды і на тэрыторыі ўсё старанна выраўнена, заасфальтавана. Зразумела, дзе ж быць добраму асфальту, як не на прадпрыемстве па яго вырабе? Тут ужо не скажаш, што кравец без ботаў. Дарэчы, добрае дарожнае пакрыццё тут не раскоша, а неабходнасць. Машыны прыязджаюць буйнагабарытныя, выязджаюць жа адсюль цяжка нагружанымі. А мясцовасць балоцістая ля Залесся. Не хапала яшчэ прыгодаў у дарозе.
Ёсць на асфальтавым заводзіку ўстаноўка па вытворчасці бітумных каціённых эмульсій. Камандуе на ёй Васіль Маскаленчык. Зрэшты, які ён камандзір? Раней учатырох працавалі, а зараз ужо засталіся тут удвух з Генадзем Рамашкам. Васіль — аператар, Генадзь — памочнік, насамрэч жа робяць адну справу. Адзін вырабляе эмульсію, другі залівае бітум, запраўляе машыны і г.д. А каб дзень не прайшоў дарэмна ды ўжо з раніцы актыўна прыступіць да вытворчасці, яшчэ вечарам задаюць дзяжурным дамашняе заданне…
Убачыўшы звычайную школьную дошку з нейкімі формуламі, выведзенымі крэйдаю, нямала здзівіўся. Няўжо і тут праходзяць вучэбныя заняткі? Запытаўся ў Маскаленчыка. Васіль Рыгоравіч патлумачыў. Каб пачаць працоўны дзень, трэба быць да яго загадзя падрыхтаваным. Бітум награваецца некалькі гадзін. Ды і шляхі яго павінны быць прагрэтымі. Таму мы на дошцы штодня распісваем, што і як мусяць дзяжурныя зрабіць.
— А яны не проста дзяжурныя вартаўнікі, а спецыялісты?
— Зразумела, усе спецыялісты-бітумавары.
Раніцай на “газелі” прыязджае з базы на завод “асфальтавая каманда” і застаецца тут да позняга вечара, да канца змены. Нават на абед не ездзяць. Абедаюць на месцы, балазе ёсць для гэтага спецыяльны пакойчык — з халадзільнікам, з мікрахвалевай печчу. Яны тут лічацца як бы ў камандзіроўцы і нават камандзіровачныя атрымліваюць.
* * *
У лепшыя часы, калі ў прадпрыемстваў была большая пакупніцкая здольнасць, выраблялі пад заказ да пяцідзесяці тон эмульсіі за дзень. Зараз добра, калі тон трыццаць — сорак.
Васіль Маскаленчык — паляшук. Нарадзіўся ў Акцябрскім раёне на Гомельшчыне. Пасля школы з роднай Чырвонай Слабады падаўся ў машынабудаўнічы тэхнікум. Служыў у войску ў Падмаскоўі. У Лепель прыехаў па размеркаванні ў восемдзесят дзявятым. Працаваў майстрам, затым інжынерам па забеспячэнні на заводзе шасцерань. А калі на прадпрыемстве пачаліся фінансавыя праблемы, падаўся, шчыра кажучы, туды, дзе болей плацілі, бо ўжо была свая сям’я, якую трэба карміць. А ДРБУ-202, куды перайшоў на працу, у той час працавала дастаткова стабільна, тут нязменна павышалі зарплату. Так Васіль Рыгоравіч у дзве тысячы другім годзе прыйшоў эмульсаварам на асфальтавы завод. Зараз ён аператар пульта дыстанцыйнага кіравання. Вось ужо пятнаццаць гадоў, як на асфальтавым.
Васіль Маскаленчык з тых загартаваных у працы людзей, якія праз усё жыццё “запрагаюцца” і сумленна цягнуць свой працоўны лемех. Цягавітыя! Васіль, якому пад пяцьдзясят ужо, не ведае, што такое захапленні ў вольны час, бо і часу вольнага фактычна няма, і захапленні цалкам празаічныя. Ёсць дача ў Жарсцвяніках, якую хоць і купіў, ды дабудоўваў і, можна лічыць, пабудаваў сам. Там агарод, па дачных мерках не маленькі — сотак дваццаць. Зноў жа, жыццёвая патрэба. Дачка ўжо замужам, унук расце. Маладой сям’і дапамагаць трэба.
Ці даўно і самі з Людмілай станавіліся на ногі. Кватэру атрымалі ў доме па Інтэрнацыянальнай — былым тэхнікумаўскім інтэрнаце — пасля яго карэннай рэканструкцыі. Хоць і двухпакаёўка, аднак планіроўка добрая, таму плошчы хапае для ўсёй сям’і. Пакуль што маладыя жывуць з бацькамі.
Калі і здараецца вольная хвіліна, Васіль ці ў лес у грыбы збегае, ці корпаецца ва ўласным аўто. Свая машына патрабуе догляду і часу. Ці не ўвесь “савецкі аўтапарк” перабыў у яго гаражы. Пачынаў з “Запарожца”, затым — “Масквіч”, “Жыгулі”, пакуль не ўзбіўся на “Опель-Астру”.
Хораша ездзіць па добрых дарогах, а таму так важна, каб не канчаліся бітумныя рэкі з асфальтавымі берагамі…
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Васіль Маскаленчык на пульце эмульсійна-каціённай устаноўкі.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.