Узаемавыгадны дыялог

Сёлета “прамыя тэлефонныя лініі” з кіруючымі работнікамі райвыканкама, яго аддзелаў і ўпраўленняў праводзяцца па суботах. Гэта дазваляе жыхарам горада і раёна аператыўна звяртацца да службовых асоб, каб своечасова паведаміць аб тым, што іх турбуе і, магчыма, патрабуе свайго тэрміновага вырашэння.

— Штоквартальна распара­джэннем старшыні райвыканкама Барыса Яфрэмава вызначаецца, хто і калі, па якім нумары стацыянарнага тэлефона бу­дзе весці дыялог з людзьмі, аб чым загадзя змяшчаюцца паведамленні ў раённай газеце “Лепельскі край”, — адзначыла начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Людміла Герасімовіч. — Звычайна дыялог доўжыцца з 9 да 12 гадзін. Па пытаннях, якія па пэўных прычынах немагчыма вырашыць, адразу інфармуюцца заяўнікі. Аднак многія праблемы ўсё ж знаходзяць сваё вырашэнне, аб гэтым таксама гаворыцца таму, хто тэлефануе.

Пад час “прамой тэлефоннай лініі”, якую 14 сакавіка 2015 года праводзіў старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Місюра, бежанец з Данбаса (Украіна) Мікалай Несцераў папрасіў дапамогі ў працаўладкаванні ў якасці механізатара ў адной з гаспадарак раёна з адначасовым прадастаўленнем жылля яго сям’і з чатырох чалавек. Неабходнае садзеянне ў вырашэнні праблемы было аказана.

А Ніна Карабань з аграгарадка Вялікі Поўсвіж паскардзілася, што кіраўніцтва ЛКУВП ЖКГ “Лепель” папярэдзіла жыхароў двухпавярховых дамоў, каб яны не апрацоўвалі паблізу зямлю, не вырошчвалі гародніну, не ставілі парнікі. Заяўніцы было пісьмова паведамлена, што сёлета ЛКУВП ЖКГ “Лепель” не плануе праводзіць работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі каля жылых двухпавярховых дамоў у Вялікім Поўсвіжы і таму “агароднікам” гэтага населенага пункта пакуль нічога не пагражае. Што ж тычыцца звароту лепяльчаніна Георгія Агафонава, які жыве ў доме сядзібнага тыпу па вуліцы Будзённага, наконт затаплення ў моцны дождж яго двара і калодзежа, то ён быў праінфармаваны: у гэтым месцы вуліцы сёлета плануецца пабудаваць ліўневую каналізацыю.

Жыхар вёскі За­відзічы Міхаіл Бельскі ў ходзе “прамой тэлефоннай лініі” з першым намеснікам старшыні райвыканкама А. Быкавым звярнуў яго ўвагу на тое, што каля населенага пункта і зусім непадалёк ад возера маецца не апрацаванае поле, якое зарасло пустазеллем. Заяўніку было пісьмова паведамлена, што зямельны ўчастак, аб якім вядзецца гаворка, адносіцца да зямель населенага пункта Завідзічы Лепельскага сельсавета і ў цяперашні час рыхтуюцца матэрыялы па перадачы гэтых угоддзяў ААТ “Лядна” для ўцягнення іх у севазварот.

М. АЗЁРНЫ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.