Ужо больш за месяц вядуцца рамонтныя работы на ўчастку вуліцы Валадарскага, што ў Лепелі

IMG_0343Ужо больш за месяц вядуцца рамонтныя работы на ўчастку вуліцы Валадарскага паміж скрыжаваннямі яе з вуліцамі Інтэрнацыянальнай і Пушкінскай.

На цяперашнім этапе работы вядзе КУВП ЖКГ “Лепель”. З-за рамонту праезд на гэтым участку вельмі абцяжараны, праезная частка звузілася, абапал насыпаны груды жвіру. Машынам, каб раз’ехацца, трэба манеўраваць і чакаць, пакуль праедуць сустрэчныя. Жыхарам прылеглых дамоў таксама нязручна, даводзіцца хадзіць літаральна па будаўнічай пляцоўцы.
Гутарым з майстрам КУВП ЖКГ “Лепель” Сяргеем Буйніцкім, які непасрэдна кіруе работамі.
— Здаецца, стан вуліцы Валадарскага на гэтым адрэзку не быў аварыйным, чаму ж было вырашана пачаць работы тут?
— Прадпрыемству прыйшоў загад, выдзелены грошы — мы пайшлі працаваць. Дадзены ўчастак вуліцы Валадарскага лічыцца часткай транзітнай дарогі, таму было прынята рашэнне аб яго капітальным рамонце.
— За кошт якіх сродкаў ён вядзецца?
— За кошт грошай з рэспубліканскага дарожнага фонду. Усе аўтамабілісты, калі праходзяць тэхагляд, уносяць пошліну за допуск транспартных сродкаў да ўдзелу ў дарожным руху. Гэтыя грошы акумулююцца ў дарожным фондзе, з якога і праводзіцца фінансаванне рамонту.
— Які агульны аб’ём фінансавання?
— Не магу ведаць, гэтае пытанне лепей задаць фінансавай службе райвыканкама, праз якую мы і атрымліваем аплату. Мы толькі набываем матэрыялы, праводзім работы, а потым здаём туды працэнтоўкі, па якіх атрымліваем аплату.
— Што канкрэтна плануецца зрабіць?
— Поўны капітальны рамонт. Памянялі дрэнажныя трубы ліўневай каналізацыі, якія праходзяць пад асфальтам. Яны ляжалі некалькі дзясяткаў гадоў, часткова заплылі глеем, таму скарысталіся выпадкам і заадно памянялі іх.
Зараз цалкам мяняем бардзюры з абодвух бакоў праезнай часткі. Старыя акуратна вымаем і адвозім на сваю базу, будзем іх выкарыстоўваць у рамонце іншых участкаў вуліц. Новыя бардзюры кладуцца на цэментны раствор. Гэта, несумненна, паспрыяе таму, што яны будуць стаяць роўна і доўга. У месцах заходу і заезду ў двары бардзюры будуць апускацца, даючы аўтамабілістам магчымасць выехаць з гаражоў, маці ўзысці на тратуар з каляскамі.
Потым уздоўж цотнага боку вуліцы будзем ладзіць тратуар ад існуючага ля цэнтра банкаўскіх паслуг ААТ “Белаграпрамбанк” да скрыжавання з вуліцай Інтэрнацыянальнай. Тратуар будзе выкладзены пліткай. Праезная частка пашырыцца прыблізна на метр.
Апошнім этапам будзе поўная замена асфальтавага пакрыцця. Слой асфальту ў пяць сантыметраў будзе зрэзаны, пасля чаго будзе ўкладзены новы.
— КУВП ЖКГ “Лепель” здаўна займаецца ўстаноўкай і рамонтам бардзюраў і тратуараў, укладкай пліткі. Аднак, наколькі ведаю, вы не займаліся ўкладкай асфальту, у прадпрыемства нават няма тэхнікі для зразання асфальту і яго ўкладкі.
— На гэты этап будзе абвешчаны тэндар, будуць запрошаны дарожна-будаўнічыя і дарожна-рамонтныя арганізацыі. Яны будуць працаваць на ўмовах субпадраду, асвояць таксама частку сродкаў.
— А што будзе з пешаходнай часткай на цотным баку вуліцы Валадарскага?
— На гэты конт няма ніякіх распараджэнняў. Ды і тэхналагічна там штосьці рабіць было б даволі праблематычна, там жа растуць дрэвы.
— На які час разлічаны работы, калі мяркуеце іх завяршыць?
— Калі ўсё будзе добра, не будзе зрываў, мяркуем завяршыць рамонт вуліцы ў пачатку верасня, да Дня горада. Пакуль што мы не выбіваемся з графіка, кожны дзень на аб’екце працуе да дзесяці чалавек, па некалькі адзінак тэхнікі. Старыя бардзюры, напрыклад, ужо ўсе зняты, укладка ідзе поўным ходам, прывозім і падсыпаем жвір пад будучы тратуар.
* * *
За інфармацыяй аб фінансаванні капітальнага рамонту аўтар гэтых радкоў звярнуўся ў фінансава-эканамічны аддзел райвыканкама. Яго начальнік Святлана Анышка паведаміла:
— Фінансаванне вядзецца за кошт субвенцый рэспубліканскага дарожнага фонду, які фарміруецца ад паступленняў дзяржаўнай пошліны за допуск транспартных сродкаў да ўдзелу ў дарожным руху. Усяго прадугледжана выдзяленне 50 тысяч (500 мільёнаў недэнамінаваных беларускіх рублёў). На першага жніўня ад галоўнага падрадчыка, КУВП ЖКГ “Лепель”, атрыманы працэнтоўкі на 26400 рублёў, усе яны своечасова аплачаны. Сродкі праз нас напрамую накіроўваюцца з абласнога бюджэту.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.