В центре внимания должен быть человек

bykov

Ад дэпутацкага корпуса на VI Усебеларускі народны сход абраны Аляксандр Быкаў, дырэктар сельскагаспадарчага вытворчага філіяла «Заазер’е» адкрытага акцыянернага таварыства «Віцебскі мясакамбінат».

Адразу трэба адзначыць, што гэта сельгаспрадпрыемства — адна з найбуйнейшых гаспадарак на Лепельшчыне, дзе працуюць добрасумленныя аграрыі, перадавікі вытворчасці.

Аляксандр Пятровіч родам з аграгарадка Стаі Лепельскага раёна. Тут жа прайшло і яго дзяцінства. Бацькі спачатку працавалі ў сельскай гаспадарцы. Пазней бацька стаў вайскоўцам, таму сям’я вымушана была за мужам і бацькам накіравацца з аднаго ваеннага гарадка ў другі.

Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Лесаінжынерная справа» Аляксандр  9 гадоў працаваў у лясной гаспадарцы і 10 — у сельскай.

Жонка таксама родам са Стай, працуе галоўнай медсястрой у дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры «Жамчужына».

У Аляксандра Пятровіча выраслі 2 дачкі. Старэйшая працуе ў Барысаве, малодшая ж вучыцца ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце.

— Пасля 2016 года ў нашу гаспадарку паступіла шмат энерганасычанай тэхнікі. Стала прасцей і хутчэй апрацоўваць глебу, усе работы выконваем у патрэбны тэрмін. Ніякіх прамаруджанняў з нарыхтоўкай кармоў і пасяўной няма, — адзначае Аляксандр Пятровіч.

Акрамя эканамічнай задачы, у сельгаспрадпрыемства ёсць і сацыяльныя: затрымаць моладзь у вёсцы, працаўладкаваць яе, каб захаваць вытворчасць. Вельмі прыемна, што маладыя спецыялісты застаюцца працаваць у гаспадарцы.

У СВФ «Заазер’е» ААТ «Віцебскі мясакамбінат» заняты 140 маладых людзей да 30 гадоў, якія добра зарэкамендавалі сябе ў ў розных сферах сельскай гаспадаркі. Гэта вельмі важна для дасягнення пастаўленых мэтаў і планаў. Работнікі ўдзельнічаюць у розных раённых спаборніцтвах, турыстычным злёце, атрымліваюць шмат узнагарод.

На 2 робатызаваных комплексах і 4 малочнатаварных фермах утрымліваецца 1966 галоў дойнага статка, усяго ж у гаспадарцы — 5820 галоў буйной рагатай жывёлы. Сярэдні надой ад каровы штодня па гаспадарцы складае 17-18 кілаграмаў малака.

Нягледзячы на ​​складаны год і эпідэміялагічнае становішча, хлебаробы сельгаспрадпрыемства дасягнулі рэкорднага намалоту збожжавых і зернебабовых культур — 13,6 тысячы тон (пры ўраджайнасці 34 цэнтнера з гектара), што склала 107 працэнтаў да ўзроўню папярэдняга года.

Сёлета асабліва парадавала гібрыднае жыта, вырошчваннем якога  філіял займаюцца ўжо некалькі гадоў. Яго ўраджайнасць склала 55-60 цэнтнераў з гектара. Удалося дасягнуць значных паказчыкаў і ў вырошчванні азімай пшаніцы.

Сярэднямесячная зарплата на прадпрыемстве за 2020 год склала 837 рублёў.

— VI Усебаларускі народны сход — гэта вельмі важная падзея для краіны. Вядома, вельмі хацелася б, каб працягвалася выкананне праграмы будаўніцтва жылля ў сельскіх населеных пунктах для маладых сем’яў, маладых спецыялістаў. Гэта ў значнай ступені будзе садзейнічаць замацаванню кадраў у вёсцы.

Немалаважным фактарам, на мой погляд, з’яўляецца і арганізацыя вольнага часу моладзі. У Лепельскім раёне вядзецца значная работа з юным пакаленнем — у гэтым накірунку трэба развівацца і далей.

Лічу, што ў цэнтры ўвагі заўсёды павінны быць чалавек і паляпшэнне якасці яго жыцця.

Наталля ХРАПАВІЦКАЯ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.