В центре внимания — забота о пожилых людях

Адным з прыярытэтных накірункаў дзейнасці мясцовай улады з’яўляюцца догляд і ўсебаковая падтрымка пажылых грамадзян. Людзі, якія не адзін дзясятак год аддалі працы ў арганізацыях, на прадпрыемствах, шчыравалі ў сельскай гаспадарцы, заслугоўваюць асаблівай пашаны і павагі. Гэта тэма ўсебакова і грунтоўна была абмеркавана на чарговым пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў. Аб тым, якая дапамога аказваецца пажылым людзям і, у прыватнасці, жыхарам Лепельскага сельсавета, сацыяльнай службай нашага раёна, пойдзе размова ў інтэрв’ю з намеснікам дырэктара дзяржаўнай установы “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Лепельскага раёна” Таццянай Міснік .
— Таццяна Міхайлаўна, скажыце, калі ласка, колькі чалавек у нашым раёне з’яўляюцца пенсіянерамі?
— Ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама знаходзіцца на ўліку дзевяць тысяч 78 атрымальнікаў пенсій, з іх чатыры тысячы 151 пажылы грамадзянін, які адзінока пражывае, і 418 адзінокіх пажылых грамадзян.
На тэрыторыі Лепельскага сельскага выканаўчага камітэта жыве 25 адзінокіх пажылых грамадзян і 349 пажылых грамадзян, якія адзінока пражываюць. У аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту “Святліца”, што знаходзіцца ў аграгарадку Камень, пражывае 34 чалавекі, з іх васьмёра грамадзян пажылога ўзросту з Лепельскага сельсавета.
Дапамогу па доглядзе інваліда I групы і грамадзян, якія старэй за 80-гадовы ўзрост, атрымліваюць 197 чалавек, сярод якіх 15 грамадзян, якія пражываюць на тэрыторыі Лепельскага сельвыканкама.
— Як вядома, значны пласт работы сацыяльнай службы вядзецца аддзяленнем сацыяльнай дапамогі на даму тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва…
— Так. У цяперашні час у аддзяленні сацыяльнай дапамогі на даму ТЦСАН знаходзіцца на абслугоўванні 509 чалавек, з іх шасцёра атрымліваюць дапамогу бясплатна, 129 — на ўмовах частковай аплаты і 374 — за поўны кошт.
У Лепельскім сельсавеце васьмі грамадзянам аказваюцца паслугі ў форме сацыяльнага абслугоўвання на даму. Усім грамадзянам, сярод якіх тры інваліды II групы, вядзецца дапамога за поўны кошт.
Сацыяльным абслугоўваннем са штатнай колькасцю работнікаў у пяць чалавек ахоплены пяць населеных пунктаў Лепельскага сельвыканкама. У вёсцы Старое Лядна абслугоўваецца два чалавекі, столькі ж — у Залучыне і вёсцы Новае Лядна, па адным чалавеку атрымліваюць дапамогу сацыяльных работнікаў у вёсках Чэрцы і Забалацце.
— Таццяна Міхайлаўна, якім чынам выяўляюцца пажылыя грамадзяне, што апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі?
— Работнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва цесна ўзаемадзейнічаюць з сельскімі выканаўчымі камітэтамі з мэтай падтрымання ў актуальным стане банка даных асобных катэгорый грамадзян (адзінокіх, тых, якія адзінока пражываюць, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, шматдзетных, няпоўных сем’яў і іншых катэгорый грамадзян), а таксама са старэйшынамі вёсак для стварэння бяспечных умоў жыццядзейнасці адзінокіх грамадзян і тых, якія адзінока пражываюць. Так, з 24 старэйшынамі Лепельскага сельвыканкама вядзецца актыўная работа па прадастаўленні інфармацыі аб грамадзянах, што апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі і якім патрэбны разнастайныя віды дапамогі. У выпадку ўзнікнення сітуацый, якія аб’ектыўна парушаюць нармальную жыццядзейнасць пажылых людзей і інвалідаў, старэйшыны хутка паведамляюць аб гэтым у адпаведныя арганізацыі і службы раёна.
Супрацоўнікі сельвыканкама пры выяўленні грамадзян, якім патрэбна сацыяльная падтрымка, абследаванні іх жыллёва-бытавых умоў і матэрыяльнага становішча інфармуюць насельніцтва аб відах сацыяльнай дапамогі.
— Колькі ж сёлета пажылых жыхароў Лепельскага сельсавета атрымала матэрыяльную дапамогу?
— Матэрыяльная дапамога са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь аказана трынаццаці пенсіянерам і інвалідам, якія пражываюць на тэрыторыі Лепельскага сельвыканкама, на суму 355 рублёў, у тым ліку на набыццё аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў — дзевяці грамадзянам на суму 270 рублёў. Дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога прадастаўлена 15 грамадзянам на суму 6707, 91 рубля. Сямёра чалавек забяспечаны тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі.
— Аднак акрамя пажылых людзей дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога аказваецца і іншым катэгорыям грамадзян?
— У адпаведнасці з мерапрыемствамі індывідуальных планаў абароны правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, спецыялісты тэрытарыяльнага цэнтра наведалі тры сям’і, якім растлумачаны парадак па аказанні дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі ў выглядзе штомесячнай і аднаразовай сацыяльнай выплаты згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №41 ад 19 студзеня 2012 года. З бацькамі праведзены прафілактычныя гутаркі па фарміраванні здаровага ладу жыцця.
— Як вядома, дапамога адзінокім пажылым грамадзянам аказваецца і з боку шэрага іншых устаноў, у тым ліку нашых замежных сяброў?
— Так. На працягу дзесяці гадоў у рамках праекта “Цёплы дом” работнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва супрацоўнічаюць з маладзёжным лагерам пад кіраўніцтвам Ульрыке Егер (г. Бюндэ, Германія). Маладыя валанцёры, сярод якіх студэнты шэрага навучальных устаноў Беларусі і Германіі, аказваюць дапамогу адзінокім пажылым грамадзянам і ветэранам Вялікай Айчыннай вайны ў рамонце жылых памяшканняў і надворных пабудоў. Сёлета ў ліпені ў доме адзінокай пажылой грамадзянкі Ларысы Памалейкі, якая пражывае ў д. 31 па вуліцы Сонечная ў вёсцы Забаенне, адрамантавана печ — заменены калеснікі і ацяпляльна-варачная паверхня, паклеены шпалеры ў сенцах і прыхожай. Валанцёры таксама замянілі і пафарбавалі падлогу на кухні на агульную суму 650 рублёў.
Значная дапамога аказваецца пажылым людзям таксама і з боку КУП ДРАЦ “Жамчужына”. У верасні мінулага года па дагаворы прадастаўлення бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтрам аказана спонсарская дапамога на суму 351,84 рубля для набыцця дзесяці аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў і дзесяці апавяшчальнікаў. Яны набыты і ўстаноўлены ў домаўладаннях шматдзетных сем’яў, сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, адзінокіх пажылых грамадзян і інвалідаў, што пражываюць на тэрыторыі Лепельскага сельсавета. Работы па ўстаноўцы аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў выкананы Лепельскім раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях.
Спецыяльным рэйсам “Хуткая дапамога” ў маі бягучага года быў праведзены выезд у аддаленыя маланаселеныя пункты — вёскі Людчыцы і Двор Людчыцы Лепельскага сельвыканкама. У другім паўгоддзі згодна з графікам будзе ажыццяўляцца выезд у вёскі Экімань, Малое Жэжліна, Захоціна, Расцвет, Ірынполле і Зарыбіна.
Для аказання матэрыяльнай дапамогі сельвыканкам аказвае садзейнічанне па зборы неабходных даведак і дакументаў, паколькі сам чалавек, якому патрэбна дапамога, часта па аб’ектыўных прычынах не мае магчымасці самастойна сабраць дакументы, што патрабуюцца.
Інтэрв’ю правяла
Святлана ВАЗНЯК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.