В фестивале «Молодые таланты» получила Гран-при

img_3816На Міжнародны фэст “У госці да Лепельскага Цмока” другі раз завітала таленавітая спявачка Патрыцыя Гарэза. Маладая дзяўчына, нягледзячы на хваляванне, бліскуча выступіла на канцэрце. А пасля яго распавяла пра сябе.
— Прывяла маці ў народны ансамбль “Валошкі” ў пяцігадовым узросце, — кажа Патрыцыя. — Затым паступіла ў дзіцячую музычную школу мастацтваў №17 горада Мінска, якую закончыла па класе балалайкі, пазней перавялася на харавое аддзяленне. Стала салісткай дзіцячага фальклорнага ансамбля “ФолкРада”, зараз выконваю песні пад псеўданімам Патрыцыя Гарэза. Вельмі сур’ёзна вывучаю беларускі фальклор. Бываю ў экспедыцыях, слухаю і размаўляю з носьбітамі мовы. У мінулым годзе напісала навуковую работу па вывучэнні фальклору ў школах. Імкнуся актыўна займацца распаўсюджваннем ведаў пра фальклор і беларускія нацыянальныя абрады, удзельнічаю ў выпусках радыё і на Першым Беларускім нацыянальным тэлеканале.
— Чаму зацікавіліся менавіта беларускай мовай?
— Нездарма ЮНЕСКА прызнаў беларускую мову разам з італьянскай адной з самых мілагучных у свеце. Акрамя таго, яна мая родная. Прыгажосць і глыбіня музыкі хаваецца менавіта ў каранях, таму я спяваю ў арыгінальным выглядзе. У архаічным альбо ў варыянце з аранжыроўкамі, але абавязкова з захаваннем усіх дыялектычных асаблівасцей. Стараюся пісаць свае тэксты на беларускай мове. Увогуле, сорамна не ведаць сваіх каранёў і мовы. Да таго ж я лічу, што вывучэнне традыцыйных абрадаў дапамагае лепш пазнаваць літаратуру і мову.
Маю шмат узнагарод разнастайных конкурсаў, з’яўляюся шматразовым лаўрэатам “Маладых талентаў Беларусі”, “Кубка Еўропы”, міжнародных форумаў фальклору. У фестывалі “Маладыя таленты” атрымала Гран-пры. Кожны год выступаю на фестывалі “Камяніца” і ганаруся высокім званнем “Дзіця Камяніцы”. Збіраю старажытныя беларускія інструменты, захапляюся акарынай і басолямі.
— Раскажыце пра іх падрабязней.
— Акарына — гэта духавы музычны інструмент тыпу флейтавых. Стварылі яго ў Італіі. Мае гліняны корпус авальнай формы, свістковае прыстасаванне і восем-дзесяць ігравых адтулін. Басоля — народны струнны смычковы музычны інструмент нізкага рэгістра, падобны на віяланчэль. Вядомы на Беларусі з васямнаццатага стагоддзя. Выкарыстоўвалі ў некаторых раёнах Гродзенскай, Мінскай і Брэсцкай абласцей, пераважна ў буйных гарадах. Аднак зараз, на жаль, сустракаецца рэдка.
— Хто граў разам з вамі?
— На басолях — Андрэй Тамкевіч, Эдуард Радзівіловіч, Наста Ярошук, бубнач — Зміцер Алейнікаў. На жаль, не здолеў прыехаць дудар Сяржук Ярук. Зразумела, што склад будзе змяняцца і пашырацца, гэта толькі першыя крокі. Я вельмі ўдзячна, бо перад імі стаяць вельмі няпростыя задачы. Партыі, якія яны выконваюць, складаныя, патрабуюць віртуознага выканання. Песні я шукаю ў архівах, экспедыцыях. Іх яшчэ ніхто не выконваў. Іх даволі шмат, як і працы з імі. Хачу адзначыць нашага бубнача Зміцера, які па дарозе на фэст убачыў, што чалавек трапіў у цяжкую аварыю. Нягледзячы на тое, што мы спазняліся, ён выратаваў яго і аўтамашыну. Так, з-за спешкі не ўсё атрымалася, аднак, спадзяюся, гасцям фестывалю спадабалася. Такіх фэстаў я яшчэ не бачыла, таму буду рабіць усё магчымае, каб наведацца сюды не аднойчы.
Яўген МІКАЛАЕЎ.
На здымку: этна-праект “Патрыцыя Гарэза”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.