В какие годы в Лепеле работала областная школа десятников-строителей?

Калі мы глядзім савецкія фільмы пра 1930 — 1950-я гады, нярэдка звяртаем увагу на тое, што ў герояў фільмаў ёсць незразумелая пасада — “дзясятнік”. Аднак нават у сетцы інтэрнэт не адразу можна знайсці адказ, што гэта такое. Тлумачаць гэта паняцце і яго адносіны да г. Лепеля слоўнікі Ушакова, Ожагава, энцыклапедыя Бракгауза і Яфрона, а таксама ўспаміны мясцовых жыхароў і архіўныя дакументы.
Дзясятнік — гэта асоба ніжэйшага тэхнічнага персаналу, старшы над групай рабочых (пераважна на будаўнічых работах).
Восенню 1949 года ў г. Лепелі, у раёне Бярэзінскай сістэмы (там, дзе зараз знаходзіцца Камсамольскі парк), з’явіліся маладыя людзі з розных раёнаў Віцебшчыны. Яны прыехалі вучыцца ў Лепельскай абласной школе дзясятнікаў-будаўнікоў. Савецкая краіна пасля вайны ўсё яшчэ была ў руінах, і прафесія будаўніка была вельмі запатрабаванай.
Пра гісторыю гэтай навучальнай установы ўзгадваў яе былы дырэктар Анатоль Ханяк: “У адпаведнасці з указаннямі ЦК КПБ і Савета народных камісараў рэпублікі Упраўленнем па справах сельскага і калгаснага будаўніцтва пры Савеце Міністраў БССР летам 1949 года было прынята рашэнне аб стварэнні ў рэспубліцы сеткі навучальных устаноў па падрыхтоўцы будаўнікоў у сельскай мясцовасці. У тым ліку была створана Віцебская абласная школа дзясятнікаў-будаўнікоў, якая была размешчана ў г. Лепелі. Школа была адкрыта ў верасні 1949 года і размяшчалася ў памяшканні былой канторы Бярэзінскай воднай сістэмы на беразе возера Лепельскага, ля вытоку ракі Ула (зараз у гэтым месцы знаходзіцца Камсамольскі парк). Першым дырэктарам гэтай навучальнай установы быў прызначаны Аляксандр Сілінскі, які раней працаваў за межамі Лепельскага раёна. Завучам школы быў Фелікс Забароўскі, які раней працаваў прарабам РБУ-6. Матэматыку ў школе выкладаў Мікалай Голікаў, арыфметыку — Пётр Барбарчык, а прадмет будаўнічыя матэрыялы — Васіль Жарнасек. На пасаду выкладчыка па палітадукацыі ў жніўні 1949 года быў прыняты Васіль Магілевец.
Распараджэннем вышэйстаячых органаў на працягу аднаго года было ўстаноўлена арганізаваць навучанне 100 слухачоў. Вучэбным планам было прадугледжана выкладанне асноўных прадметаў па падрыхтоўцы дзясятнікаў-будаўнікоў (нізавога звяна прарабаў будаўніцтва): будаўнічыя матэрыялы, тэхнармаванне і каштарыс, будаўнічыя механізмы і прыстасаванні, будаўнічая справа і канструкцыі. З агульнаадукацыйных прадметаў выкладаліся матэматыка і палітадукацыя.
З кнігі загадаў Лепельскай школы дзясятнікаў-будаўнікоў вядома, што пры школе працавалі курсы брыгадзіраў будаўнічых брыгад: “Ніжэй пералічаных таварышаў, якія былі накіраваны калгасамі раёнаў Віцебскай вобласці і падалі заявы аб залічэнні іх на курсы брыгадзіраў — залічыць слухачамі 3-месячных курсаў брыгадзіраў”.
Калі на курсы брыгадзіраў прымалі без уступных выпрабаванняў, то ў школу дзясятнікаў таксама прымалі без экзаменаў, але пры ўмове, што ў прэтэндэнта было пасведчанне аб заканчэнні няпоўнай сярэдняй школы (сямігодкі).
“Загад №11 ад 8 кастрычніка 1949 года. Ніжэй пералічаных таварышаў, якія падалі заявы на залічэнне слухачамі ў школу дзясятнікаў і прадаставілі пасведчанні аб заканчэнні няпоўнай сярэдняй школы (сямігодкі) — залічыць слухачамі школы дзясятнікаў без экзаменаў”.
Сярод слухачоў было шмат жыхароў Лепельскага раёна. У асноўным гэта былі дарослыя людзі. Многія з іх прайшлі службу ў арміі ва ўстаноўлены час, некаторыя ўжо раней працавалі на будаўнічых аб’ектах. Паступіць можна было і без заканчэння сямігодкі. Для гэтага трэба было здаць экзамены за 6 класаў. Аднак што было актуальным для моладзі, навучанне якой спыніла вайна?
Вось загад №10 ад 8 кастрычніка 1949 года. “Ніжэй пералічаных таварышаў, якія падалі заявы ў школу дзясятнікаў і вытрымалі прыёмныя экзамены ў аб’ёме 6 класаў, залічыць слухачамі школы дзясятнікаў: Цыконава Платона — Сіроцінскі раён; Іванова Яўгена — г. Лепель; Быкава Уладзіміра — Лепельскі раён…”
Слухачы атрымлівалі стыпендыю (120 рублёў за месяц), жыллё, грашовую кампенсацыю для яго аплаты, а таксама пасцельную бялізну. Школе было перададзена некалькі жылых дамоў былой Бярэзінскай воднай сістэмы.
Заняткі праводзілся 6 дзён на тыдзень па 8 гадзін (4 спараныя лекцыі) на працягу 8 месяцаў. Потым на працягу 2 месяцаў слухачы праходзілі практыку будаўнічых работ у калгасах і саўгасах вобласці: будавалі жылыя дамы ў Дубровенскім раёне, цагельныя заводы ў Лепельскім, Бешанковіцкім і Сенненскім раёнах. Пра гэта сведчыць загад №37 ад 31 мая 1950 года:
“Згодна з заключанымі дагаворамі і рашэннем педагагічнага савета школы слухачы Лепельскай школы дзясятнікаў-будаўнікоў накіроўваюца для праходжання вытворчай практыкі ў наступныя арганізацыі тэрмінам з 1.06. па 1.08. бягучага года:
1-я група ў колькасці 25 чал. — у калгас “Змагар Волі” Лепельскага сельсавета;
2-я група ў колькасці 27 чалавек — на будаўніцтва “Нарыхтзбожжа”;
4-я група ў колькасці 30 чалавек…
Кіраўніцтва практыкай 3-й і 4-й груп будзе ажыццяўляць выкладчык тав. Ушакова А.П.”.
На завяршальным этапе ўсе слухачы здавалі дзяржаўныя экзамены па 3-х прадметах: будаўнічая справа і канструкцыі, будаўнічыя матэрыялы, тэхнічнае нармаванне і каштарыс.
Экзаменацыйная камісія прызначалася загадам па ўпраўленні па справах сельскага і калгаснага будаўніцтва пры Савеце Міністраў БССР. Пасля паспяховай дзяржаўнай абароны слухачам выдаваліся пасведчанні дзяржаўнага ўзору і накіраванне на адпаведны ўчастак работы. Многія з выпускнікоў школы ў далейшым кіравалі буйнымі будоўлямі рэспублікі. Гэта А.М. Цанбярэвіч, М.І. Саладцоў, А.С. Мароз і іншыя. Архітэктарамі раёнаў працавалі М. Ельяшэвіч, П.А. Арлоў, А.М. Казлоўскі і г.д.
У жніўні 1951 года загадам начальніка ўпраўлення па справах сельскага і калгаснага будаўніцтва А.І. Сілінскі быў вызвалены ад пасады дырэктара школы. На яго месца прыйшоў А.С.Ханяк. Ф.А.Забароўскі пакінуў раён. Завучам школы быў прызначаны Ф.У. Чубанаў. Ён быў накіраваны ў школу пасля заканчэння Магілёўскага будаўнічага тэхнікума.
У час работы школа фінансавалася з рэспубліканскага бюджэту. На яе балансе меўся грузавы аўтамабіль ГАЗ-51. Абслуговы персанал складаўся з 8 чалавек: бухгалтара, сакратара-машыністкі, загадчыка складам, рабочага, кіроўцы і прыбіральшчыцы.
Адначасова з адкрыццём у г. Лепелі абласной школы дзясятнікаў-будаўнікоў у 1949 годзе ў г. Віцебску пачалося ўзвядзенне будаўнічага тэхнікума. Асноўныя работы былі завершаны летам 1952 года. У сувязі з гэтым школа дзясятнікаў-будаўнікоў у г. Лепелі ў кастрычніку 1952 года была ліквідавана, уся яе маёмасць перададзена Віцебскаму будаўнічаму тэхнікуму.
У сувязі з будаўніцтвам Лепельскай гідраэлектрастанцыі ў сярэдзіне 1950-х гадоў вада ў Лепельскім возеры паднялася на некалькі метраў і падтапіла прыбярэжную паласу. Амаль усе дамы па вуліцы Бярэзінская сістэма былі разабраны. Пэўныя будынкі былі перанесены на новае месца. У іх ліку быў і будынак сучаснага Лепельскага раённага краязнаўчага музея. У ім на беразе Лепельскага возера і размяшчалася абласная школа дзясятнікаў-будаўнікоў.
Аліна СТЭЛЬМАХ,
дырэктар Лепельскага
раённага краязнаўчага музея.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.