В каждом ребенке — искорка творчества

dsc_0195Традыцыйна з мэтай зацікавіць дзяцей да заняткаў творчасцю, адкрыць новыя таленты, арганізаваць змястоўны адпачынак дзяцей, а таксама каб пазнаёміць школьнікаў і іх бацькоў з установамі дадатковай адукацыі і іх магчымасцямі, прайшоў рэспубліканскі тыдзень устаноў дадатковай адукацыі.У нашым раёне працуе вялікая колькасць гурткоў і аб’яднанняў
па інтарэсах рознай накіраванасці.

Цалкам згодна з думкай спецыялістаў, што вольны час дзіцяці павінен быць насычаным і цікавым. Магчыма, у далейшым хобі перарасце ў штосьці большае, чым проста занятак.
Раённы цэнтр дзяцей і моладзі г. Лепеля не застаўся ў баку ад важнай справы, а прыняў актыўны ўдзел у гэтым мерапрыемстве. На працягу ўсяго тыдня педагогі ўстановы наведвалі школы, расказвалі пра цэнтр, а таксама рабілі выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Дзеці разам з настаўнікамі, некаторыя — з бацькамі прыходзілі ва ўстанову, каб убачыць сваімі вачыма, чаму можна навучыцца ў аб’яднаннях па інтарэсах.
dsc_0197Асабліва цікава прайшоў апошні дзень адчыненых дзвярэй установы — так бы мовіць, выніковы, на якім давялося прыняць удзел і мне. Выдатную канцэртную праграму падрыхтавала педагог дадатковай адукацыі Марыя Шумель разам са сваімі выхаванцамі. Прыгожыя мелодыі ліліся па наваколлі, як быццам запрашаючы будучых наведвальнікаў цэнтра. Многія, паслухаўшы выступленні маладых артыстаў, выказалі жаданне наведаць менавіта гэта аб’яднанне.
А вось Святлана Міхно, якая кіруе танцавальным калектывам “Непаседы”, прапанавала ўдзельнікам свята патанцаваць. Здаецца, дзеці ўпершыню бачаць педагога, але згадзіліся паўтараць за ёй танцавальныя рухі. Атрымаўся сапраўдны флэшмоб, пасля якога дзеці пачалі даведвацца, як стаць навучэнцам цэнтра дзяцей і моладзі.
Асаблівую цікавасць заўважыла сярод дзяцей малодшых класаў, якія гатовыя былі запісацца ва ўсе гурткі адразу, зазірнуўшы на розныя “станцыі”, што разгарнуліся на тэрыторыі цэнтра.
Кожны педагог падрыхтаваў свой куток з прэзентацыяй дзейнасці ў аб’яднанні. Тут жа былі арганізаваны і майстар-класы.
Каб даказаць, што ўсё гэта магчыма зрабіць самому, былі падрыхтаваны выставы дзіцячай творчасці па розных напрамках дзейнасці. Таксама былі арганізаваны і іншыя мерапрыемствы, у рамках якіх прадастаўляюцца магчымасці для дэманстрацыі дасягненняў навучэнцаў.
Некалькі сціплых дзяўчат адразу накіраваліся да стала, дзе было расстаўлена шмат прыгожых рэчаў рознага колеру. Вырабы з цеста прывабілі сваёй арыгінальнасцю і прыгажосцю. Мне спачатку здалося, што школьніцы ўжо займаюцца ў цэнтры, бо ў іх так спрытна атрымліваліся ў руках розныя звярушкі, кветачкі і іншыя прадметы. Аднак аказалася, што проста дома любяць ляпіць з пластыліну. Лічу, такія таленты абавязкова трэба развіваць. Алена Амброс, педагог аб’яднання па інтарэсах “Цестапластыка”, прапанавала школьніцам наведваць яе заняткі.
Ніхто не мог прайсці міма казачных касцюмаў, розных капелюшоў, карон і іншага цікавага адзення. Многія, напэўна, адразу сябе адчулі каралямі, прынцамі і рознымі казачнымі героямі. А калі ў дадатак педагог дадатковай адукацыі Алёна Дабрыднева распавяла, якія тэатральныя прадстаўленні дзеці паказваюць, жадаючых займацца сцэнічным мастацтвам аказалася даволі шмат.
З вялікай цікавасцю дзеці спыняліся каля лялек і іншых цацак, зробленых сваімі рукамі. Вязанне сурвэтак, світараў — усяму гэтаму вучыць Алена Лебедзева на сваіх занятках аб’яднання па інтарэсах “Рукадзелле”.
Шмат можна расказваць пра прафесійных мастакоў цэнтра дзяцей і моладзі. Яны не толькі вучаць сваіх выхаванцаў пісаць карціны, а яшчэ і далучаюць да прыгожага, запрашаючы на выставы вядомых творцаў. Неаднаразова сустракаліся на такіх мерапрыемствах, дзе дзеці з задавальненнем разглядаюць і вывучаюць стылі, тэхніку аўтараў, захапляюцца іх творчасцю. Магчыма, любоў да мастацтва саміх педагогаў цэнтра і зацікаўленасць вучняў дасць нашаму гораду будучых вядомых мастакоў.
Кожны, напэўна, бачыў, як дорага каштуюць дрэўцы, зробленыя з бісеру. Сама спрабавала дома майстраваць, але гэта былі простыя вырабы. Таццяна Ільіна, педагог дадатковай адукацыі, ствараць гэтыя прыгожыя рэчы вучыць дзяцей. Працуючы з такім дробным матэрыялам, у маленькіх творцаў развіваюцца дробная маторыка, увага і, як вынік, — шэдэўры.
Не магу не ўзгадаць пра аб’яднанне па інтарэсах ігры на гітары “Лад”. Шмат падлеткаў мараць авалодаць гэтым музычным інструментам, каб потым прадэманстраваць сваё майстэрства ў кампаніі сяброў. Заўсёды вялікая чарга да педагога Аляксандра Астроўскага, які ўмее зацікавіць сваіх вучняў.
Дзеці даведаліся, што сваімі рукамі можна зрабіць шмат цікавых і карысных рэчаў. Напэўна, таму многія захацелі ўступіць у шэрагі майстрых і майстроў.
Назвала толькі частку аб’яднанняў па інтарэсах цэнтра дзяцей і моладзі. А ўвогуле тут можна знайсці занятак для дзіцяці на любы густ.
dsc_0183У гэты дзень прайшлі таксама забаўляльна-пазнавальныя і фізкультурна-спартыўныя праграмы на свежым паветры. Дзеці, прыйшоўшы са школьных заняткаў, імкнуліся пабегаць, паскакаць. І ім была прадастаўлена такая магчымасць. Змагаліся, хто мацнейшы ў класіках, імправізавана гралі ў гольф. Дзяўчаты паказвалі сваё майстэрства ў скоках на гумках. У маё дзяцінства гэта была любімая гульня ўсіх школьніц. Часам настаўнікі не дазвалялі скакаць у школе, таму шукалі любую магчымасць выбегчы на вуліцу на прыпынку. Педагог дадатковай адукацыі Таццяна Рудыка сабрала каля сябе шмат хлопцаў і дзяўчат. Некаторыя ўпершыню бачылі такую забаву. Танцавальны калектыў «STAR», якім кіруе Таццяна Юр’еўна, паказвае на канцэртах сучасныя танцы, якія асабліва падабаюцца падлеткам. Аматары маляваць паказалі сваё майстэрства на асфальце рознакаляровымі крэйдамі. Шмат цікавых гульняў арганізавалі педагогі цэнтра. А самыя актыўныя атрымлівалі жэтоны, якія потым можна было абменьваць на цукеркі і розныя сюрпрызы.
Усе ўдзельнікі арганізаванага работнікамі цэнтра дзяцей і моладзі свята атрымалі шмат пазітыву і задавальнення, а таксама адкрылі ў сабе крыніцу творчасці.
Дзеці, якія займаюцца ў аб’яднаннях па інтарэсах, дасягаюць высокіх вынікаў у шматлікіх конкурсах. Прафесійныя педагогі ведаюць, як знайсці падыход да кожнага дзіцяці, а цікавыя заняткі робяць працэс навучання максімальна выніковым.
Няхай жа поспехі ўстановы толькі памнажаюцца!
Наталля
ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.