В клубе встретил старых знакомых — парней, которые были призваны из Лепельского района

img_5278У прывітальным слове камандзір 231-й брыгады падпалкоўнік Аляксей Хахлоў сказаў:
— Мінулы год для артылерыстаў 231-й брыгады склаўся вельмі ўдала. Мы падтрымліваем на стабільна высокім узроўні баявую вывучку, прафесійнае майстэрства. Гэта было неаднаразова прадэманстравана на вайсковых вучэннях, у тым ліку на апошніх стратэгічных “Захад-2017”, дзе брыгада атрымала цвёрдую аднаку “добра”. Па іх выніках камандзір рэактыўнага дывізіёна падпалкоўнік Дзмітрый Дружынін стаў лепшым сярод калег ва ўсіх Узброеных Сілах Беларусі. Таксама быў адзначаны шэраг ваеннаслужачых нашай брыгады. Дзеля ўмацавання традыцый баявога братэрства, з мэтай заахвочвання лепшых ваеннаслужачых рашэннем савета афіцэраў зацверджаны спецыяльны нагрудны знак 231-й артылерыйскай брыгады, які ўручаецца лепшым вайскоўцам за заслугі ў баявой падрыхтоўцы, высокія маральна-дзелавыя якасці. Яшчэ раз вітаю ўсіх з Днём ракетных войскаў і артылерыі, жадаю моцнага здароўя, надзейнага сямейнага тылу.
Пасля гэтага камандзір уручыў грашовыя прэміі, спецыяльныя нагрудныя знакі лепшым салдатам, сяржантам, прапаршчыкам і афіцэрам. Некалькі салдатаў былі адзначаны кароткатэрміновымі водпускамі.
Крыху пазней Аляксей Хахлоў адказаў на некалькі пытанняў карэспандэнта.
— Аляксей Міхайлавіч, вы амаль год таму прынялі камандаванне 231-й брыгадай.
— Так, я прыступіў да выканання абавязкаў камандзіра першага снежня мінулага года, хутка спаўняецца роўна год. Я прыняў зладжаны, спрацаваны баявы калектыў, з якім можна выконваць любыя задачы. І гэта было даказана неаднойчы. Толькі я прыступіў да камандавання — у студзені праводзіцца комплексная праверка часці. Вынік — цвёрдае “добра”. Далей — падрыхтоўка і правядзенне святкавання Дня рэспублікі, у святочным парадзе ў Мінску прымаюць удзел і нашы разлікі. Паралельна праходзіць шэраг вучэнняў, самым галоўным з якіх быў “Захад-2017” — зноў артылерысты 231-й брыгады на вышыні. У справе падтрымання высокай баяздольнасці брыгады маімі першымі памочнікамі сталі начальнік штаба падпалкоўнік Якаў Арлоў, намеснік па баявой падрыхтоўцы маёр Сяргей Чаркасаў.
— Вашай папярэдняй была пасада начальніка артылерыі ў мабільнай брыгадзе. Што змянілася пасля таго, як вы сталі самастойным камандзірам?
— Да пытанняў уласна баявой падрыхтоўкі дадаўся вялікі пласт адміністрацыйна-гаспадарчай працы: забеспячэнне харчаваннем, вопраткай і рэчамі, палівам. Распачалі капітальны рамонт сталовай, медыцынскага пункта, цеплатрасы. Добра, што ў мяне ў гэтай справе таксама добры памочнік — намеснік па тыле падпалкоўнік Аляксандр Лях. Вось так, сумеснымі намаганнямі, умацоўваем абароназдольнасць краіны, стаім на варце мірнага неба Беларусі, як бы пафасна гэта, на першы погляд, ні гучала.
Сярод вайскоўцаў, адзначаных нагрудным знакам 231-й брыгады, — салдат тэрміновай службы Аляксандр Гуркоў.
— Аляксандр, адкуль вы, як доўга служыце?
— Нарадзіўся і вырас у Віцебску. На службу прызваны ў маі. Паколькі скончыў Смаленскі філіял Расійскага эканамічнага ўніверсітэта імя Пляханава, то прызваны толькі на год.
— Якая пасада?
— Вадзіцель КамАЗа. Да прызыву вучыўся ў аўташколе, меў вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі “В” — легкавыя машыны. Незадоўга да прызыву ў ваенкамаце мне прапанавалі за дзяржаўны кошт вывучыцца ў аўташколе ДТСААФ на вадзіцеля катэгорыі “С” — грузавыя машыны. Я быў не супраць. Зараз я кірую КамАЗам, за машыну чапляецца гармата. На апошніх вучэннях давялося шмат паездзіць, манеўравалі, мянялі пазіцыі. Рэгулярна мяне ставяць у нарад вадзіцелем дзяжурнай машыны.
— За якія заслугі ўручылі ганаровы знак?
— Не ведаю, проста служу, адказна стаўлюся да даручанай справы.
У клубе сустрэў старых знаёмых — хлопцаў, якія былі прызваны ў маі з Лепельскага раёна. У пачатку лета я прыязджаў да Аляксандра Крыўца, Аляксея Палеева, Арцёма Курбакі, Сяргея Палеткі і Мікіты Азаронка на прыняцце вайсковай прысягі. А зараз да іх далучыўся Павел Смажэўскі са Стай.
Амаль усе маладыя салдаты-лепяльчане атрымлівалі вайсковыя спецыяльнасці ў вучэбнай часці, таму ў вучэннях, палявых выхадах пакуль што не ўдзельнічалі. У іх усё наперадзе.
На здымку: салдаты з Лепельскага раёна.

Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.