В КУПСХП «Лепельское» кормозаготовительная кампании в самом разгаре


Корманарыхтоўчая кампанія ў КУВСГП “Лепельскае” ў поўным разгары. У першай жа зводцы з палёў прагучала імя трактарыста Аляксандр Назарава, які ў той момант прызнаны лепшым на адвозцы здробненай зялёнай масы ад корманарыхтоўчага камбайна да траншэі. У дзень прыезду карэспандэнта галоўная ўдарная сіла — корманарыхтоўчы камбайн КВК-800, якім кіраваў механізатар Юрый Ляўковіч, працаваў на полі каля Жарсцвянікаў.
Летась на гэтым палетку расло азімае жыта. У той жа год вясной па ім была пасеяна канюшына, як чыстая, так і ў сумесях з іншымі травамі: цімафееўкай і райграсам. Сёлета травастой атрымаўся даволі неблагі, канюшына паднялася вышэй за калена, а месцамі і па пояс. Хаця, варта заўважыць, трапляліся і лапікі з зусім дрэннай травой. У чым праблема, паспрабаваў растлумачыць Юрый:
— Крайне рэдка здараецца так, што па ўсім полі ў 100 гектараў усе расліны вырастаюць аднолькава ўдала. Абавязкова трапляюцца горшыя ўчасткі. На гэтым полі, напрыклад, частыя вымачкі, на якіх увогуле нічога не расце, акрамя пустазелля. Так, цяпер, пры сухім і сонечным надворі па ўсім полі можна праехаць, але звярніце ўвагу на вымачку. Летась на ёй амаль нічога не расло, а тэхніка, прабіваючыся, нарэзала каляін, якія і цяпер бачныя і адчуваюцца. Так што такія месцы трэба праязджаць вельмі асцярожна.
Мужчына спакойна, спрактыкавана вядзе сваю тэхніку круг за кругам. 2 праходы — кузаў прычэпа запоўнены. Трактар паехаў да траншэі, а наступны можа падязджаць. За корманарыхтоўчым камбайнам замацаваны 3 трактары з прычэпамі, якія ледзь паспяваюць адвозіць здробненую “зялёнку”, тэрмінова патрэбны чацвёрты трактар або аўтамабіль.
— Трактар было б няблага, — пагаджаецца трактарыст Дзмітрый Аўсянік, які таксама заняты на адвозцы зялёнай масы. — А вось машыну на гэтых работах выкарыстоўваць немэтазгодна.
— Чаму?
— На гэтым полі глеба яшчэ больш-менш устойлівая, а ёсць яшчэ шмат палеткаў, дзе глеба вільготная, грузавы аўтамабіль рызыкуе забуксаваць. Атрымліваецца, што ўзнікне патрэба, каб на полі яшчэ дзяжурыў трактар, каб выцягваць транспарт.
Тым часам для таго, каб праверыць, як ідзе праца на полі, прыехаў галоўны аграном КУВСГП “Лепельскае” Аляксандр Нікітчанка. Ён і распавёў пра агульную карціну:
— Сёлета нам трэба скасіць травы на плошчы каля 1 тысячы гектараў. Было яшчэ больш, але каля 100 гектараў сёлета вясной давялося пераараць.
— У чым прычына?
— У перыядзе моцнай засухі летась. Вясной мы падсеялі травы, і многія пасевы патрапілі пад сухмень, расліны не змаглі набраць сілы для перазімавання. Сёлетняй жа вясной мы ацанілі іх магчымасці, прынялі рашэнне заараць і засеяць яравымі 1-гадовымі культурамі: злакавымі і травасумесямі. На адным участку нават грэчку пасеялі.
Травы скошваюцца, адразу здрабняюцца і адвозяцца ў траншэю. Працэс падвяльвання выключаны. У выніку атрымліваецца не сянаж, а травяны сілас, корм, аналагічны сенажу і сіласу кукурузнаму, толькі пры меншым сабекошце.
Акрамя апісанага атрада, на полі ў той дзень працавалі яшчэ і касілкі. Скошаныя травы або высушваліся на сена, калі была магчымасць, або накіроўваліся на сянаж.
Галоўная праблема КУВСГП “Лепельскае” ў плане корманарыхтоўкі — недахоп тэхнікі. Напрыклад, значнага рамонту патрабуюць яшчэ 2 корманарыхтоўчых камбайны КВК-800, але падрадныя арганізацыі не спяшаюцца з рамонтам. Пры гэтым грошы як мінімум на рамонт 1 камбайна выплачаны. Кіраўніцтвам прадпрыемства робіцца ўсё магчымае для таго, каб прыспешыць працэс.
Нягледзячы ні на якія праблемы, кіраўніцтва “Лепельскага” працуе на далейшае развіццё.
— Сёлетняй вясной мы засеялі больш за 700 гектараў палёў канюшынай чыстай і ў сумесях з іншымі травамі, — кажа Аляксандр Нікітчанка. — Ураджай, сваю зялёную масу яны будуць даваць на наступныя гады. Такім чынам мы закладваем на будучае аснову для трывалай кармавой базы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.