В Лепельской стоматологической поликлинике — новый руководитель

img_4707Зайшоў у раённую стаматалагічную паліклініку па талончык да ўрача — зубы разбалеліся — і нечакана даведаўся, што тут новы кіраўнік. Літаральна некалькі дзён таму да выканання абавязкаў загадчыцы прыступіла Ірына Гінэль. Заўсёды цікава, якія планы і намеры мае чалавек, узначаліўшы калектыў. Так і завязалася ў нас з Ірынай Аляксандраўнай нязмушаная “азнаямленчая размова”.
Першым чынам расказаў загадчыцы аб прычыне свайго візіту ў паліклініку і пачуў у адказ:
— Зубы не трэба запускаць, бо лягчэй хваробу папярэдзіць, чым яе лячыць.
— Ці не датычыць гэта і мікраклімату ў калектыве?
— Абсалютна з вамі згодная. Тое ж і з калектывам. Але мне пашанцавала, я ўзначаліла здаровы калектыў, які не патрабуе “хірургічнага ўмяшальніцтва”.
— Можа, таму так кажаце, што вы ўсё ж не хірург, а стаматолаг-тэрапеўт і хірургічныя маніпуляцыі, як кажуць, не ваш профіль?
— Ды не, — усміхаецца, — проста я ж не з іншай установы прыйшла, шмат гадоў працую ў гэтым калектыве і добра яго ведаю. Мікраклімат тут здаровы. Мы — адна сям’я. Ужо некалькі гадоў займаем першыя месцы, мы — на ўзроўні і лепшыя.
— Але ж ёсць і праблемы. Акрэсліце іх, калі ласка.
— Чэргі, недахоп урачоў. Трэба думаць, як вырашыць гэтыя праблемы, каб да нас прыязджала як мага болей маладых спецыялістаў і каб яны ў нас затрымліваліся. З жыллём праблемы няма, яго можна атрымаць і ў Бароўцы, і ў Лепелі.
— Маеце на ўвазе службовае жыллё?
— Вядома. Мы і самі сям’ёй жывём на службовай кватэры, будуем дом.
— Раскажыце крыху пра сябе, пра сям’ю. Вы прыезджыя?
— Я — мясцовая, з вёскі Пышна. А муж — з Дзятлава Гродзенскай вобласці. З Аляксандрам разам вучыліся ў Мінскім дзяржаўным медуніверсітэце, там і пазнаёміліся. Пажаніліся. Сюды прыехала па размеркаванні, трапіла ў стаматалагічную паліклініку на інтэрнатуру. Працавала дзіцячым стаматолагам-тэрапеўтам. Муж — хірург. У нас двое дзяцей, Ягор — другакласнік, Кацюшу вось аддалі ў дзіцячы сад.
— З чаго пачняце на новай пасадзе?
— Бліжэйшым часам збіраемся цалкам пераабсталяваць усе кабінеты ўрачоў. Рамонт неабходны і будынку. І дах хацелася б перакрыць, і вокны памяняць, і фасад адрамантаваць.
— Ці не зашмат чаго плануеце? Няўжо ўсё так кепска?
— Чаму ж, не. Мы маем зубапратэзнае абсталяванне і зубапратэзную лабараторыю. На месцы вырабляем артапедычныя канструкцыі. У платны кабінет набылі новае крэсла. Яшчэ адно чакаем бліжэйшым часам. Але мадэрнізацыя неабходная, і кіраўніцтва бальніцы нас падтрымлівае.
— Людзі наракаюць на тое, што часам цяжка трапіць на прыём да ўрача. Папярэдні запіс — ледзьве не на месяц наперад. Часам не задаволены і якасцю абслугоўвання.
— Урачоў не хапае, я ўжо казала. Будзем запрашаць маладых спецыялістаў: і стаматолагаў, і зубных урачоў. Усе тыя захады, пра якія сказала, накіраваны якраз на павышэнне якасці абслугоўвання. Як дзіцячы стаматолаг, мяркую, што няблага было б побач з бясплатным адкрыць і платны дзіцячы кабінет з больш якаснымі, сучаснымі матэрыяламі і абсталяваннем. У людзей павінен быць выбар. Што да запісу, патлумачу: дапусцім, да ўрача, умоўна кажучы, ёсць пятнаццаць талонаў. Палову аддаём у рэгістратуру для папярэдняга запісу, палову — урачу, каб ён меў магчымасць прызначаць паўторны прыём. Акрамя таго, з раніцы заўсёды ёсць талоны.
— Гэта для горада. А ці паспеюць вяскоўцы прыехаць да сямі раніцы, каб заказаць талончык?
— Па-першае, у сельскіх амбулаторыях ёсць свае стаматолагі. Па-другое, пасля васьмі гадзін раніцы можна заказаць талончыкі па тэлефоне, вядома, калі яны засталіся.
— Пытаюся, бо сам з вёскі і ведаю гэтыя праблемы. Часта лягчэй дабрацца да горада, чым да сельскай амбулаторыі на прыём.
— Маеце права абслугоўвацца ў любой паліклініцы.
— Цікава, а вас зараз што-небудзь з вёскай звязвае?
— Вядома, агарод, парнік у Пышне.
— У вас ёсць хобі?
— Вяжу. Навучыла яшчэ бабуля па бацькоўскай лініі.
— Кулінарыце? Што любіце прыгатаваць?
— Што запатрабуе сям’я. Мужу падабаецца мяса, дзецям — торцікі.
— Падарожнічаеце?
— Сёлета сям’ёю ляталі ў Турцыю.
— Вы дамасед альбо падарожніца?
— Хутчэй — дамасед. Не абавязкова наведваць Турцыю, добра адпачываецца і ў Пышне. Часта гуляем у гарадскім парку. Люблю ва ўсім парадак і да парадку прывучаю сям’ю.
— Спадзяюся, парадак будзе і ў вашым працоўным калектыве, які вы таксама назвалі сям’ёю. Поспехаў вам. Дзякуй за размову.
Гутарыў
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Ірына Гінэль на новай пасадзе.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.