В маленькой Карсащине, у Веселова, прошло ее детство

img_5207 Пяцігадовы Мікіта вельмі любіць гасціць у бабулі ў Лепелі. Хлопчык жыве ў Полацку. Калі едуць да бабулі, аж загараюцца вочкі ў малога. Як жа, там ёсць любімы дворык, дзе ў прыбудове да хлеўчука чакае яго веласіпед. Хоць сябар і трохколавы, затое надзейны — не перакулішся, не паб’еш нос. Мікітка разганяецца па сцежачцы, як яму здаецца, з касмічнай хуткасцю, а бабуля Рэгіна толькі ўсміхаецца.

А яшчэ яны з бабуляй часам гуляюць па парку, дзе вялікае возера і шмат прыгожых дрэў. Там сапраўднае раздолле, не тое, што на вузенькай сцежачцы ў двары — за баракамі. Мікітка таксама шчыра прызнаўся мне, што ў бабулі аб’ядаецца пельменямі і любімым гарохавым супам. Адным словам, рай яму ў Лепелі.
— Іншыя здзіўляюцца: як вы жывяце тут, у гэтых камунальных бараках, — расказвае Рэгіна Леанідаўна, — а для мяне тут дом. І лепей за гэтага барака няма і не трэба.
Што ж, у кожнага свой дом. Ёсць нешчаслівыя ў палацах і вельмі шчаслівыя ў буданах… Зрэшты, гэта толькі знадворку пабудова, дзе некалі, дарэчы, размяшчаўся раённы камітэт партыі, зараз выглядае не вельмі прэзентабельна. А ўсярэдзіне — усё па-іншаму. Там некалькі кватэр, і ў кожнай жывуць па-рознаму.
Не паверыце, у пенсіянеркі Рэгіны Васюковіч хата — як цукерачка. Прыемна зайсці і не сорамна гасцей прыняць. Гаспадыня пастаралася прыгладзіць-прылашчыць сваю хатку. Было нялёгка, яшчэ на пенсіі працавала, яшчэ і зараз без працы не сядзіць. Затое ў яе і вокны новыя, сучасныя, і дзверы модныя, і цалкам адрамантавана ў кватэры. А калі да ўсяго яшчэ правяла ваду і газ, то можна сказаць, што камфортную старасць сабе забяспечыла.
У маленькай Карсашчыне, ля Весялова, прайшло яе маленства. Бацька быў настаўнікам у мясцовай пачатковай школе і, можна сказаць, адзіным у вёсцы адукаваным чалавекам. Праўда, бухгалтарскую адукацыю мела і маці, аднак працаваць ёй па спецыяльнасці не выпадала, хіба што прыбірала ў той самай школе. А “загадвала сямейным дзіцячым садзікам”, бо пяць сваіх дзяцей — хіба ж не садзік?
-2-
Пяцёра дачок было ў Скарупаў. І раслі дзеці разам. І былі надзвычай дружнымі. Рэдка сустрэнеш такую дружную сям’ю.
— У мяне няма блізкіх сябровак, — прызнаецца Рэгіна Леанідаўна. — Напэўна, таму што мае блізкія сяброўкі — сёстры.
І ў радасці, і ў горы, і за цікавай бяседай, і ў працы — заўсёды яны разам. Калі ў Рэгіны здарылася няшчасце — утапіўся васьмігадовы Вадзімка, — ужо ўвечары ў хаце сабралася ўся сям’я…
Людміла — у Віцебску, працавала інжынерам, Марыя — медсястра ў раённай бальніцы. Станіслава была выхавальніцай у дзіцячым садзіку — рана памерла. Самая малодшая — Лілія, на дзесяць гадоў маладзей за старэйшую сястру, цяпер выкладае ў БНТУ.
Калі ў Карсашчыне школу закрылі, бацька працаваў у іншых, пасля сям’я пабудавалася ў Лепелі. Я добра памятаю яе бацьку. Нейкі час Леанід Станіслававіч працаваў у нас у Чэрцах настаўнікам і ў групе падоўжанага дня. Добра памятаю, як мы, васьмікласнікі, разам з ім залівалі падмурак пад новую школьную сталовую, зрубам для якой стала ці не тая самая пачатковая школа з Карсашчыны? Леанід Станіслававіч перавёз з тых краёў адзін з будынкаў. Гэта быў надзвычай тактоўны чалавек, спакойны, ураўнаважаны і разам з тым з добрым пачуццём гумару. Мы, дзеці, яго вельмі любілі і паважалі.
-3-
У Карсашчыне жылі католікі, людзі былі надзвычай дружныя. Леанід Скарупа добра ведаў польскую мову. Агарод, аднак, у настаўніка быў па тым часе маленькім, усяго дваццаць пяць сотак. Нарыхтаваць сена на карову было праблемай, бо “адыходнікам”, якія не працавалі ў калгасе, надзелы давалі неахвотна, дзесьці па кустах ці на балоце. Адзіная перавага — не было праблемы з пашпартам. У той час калгасніку атрымаць пашпарт і выехаць у горад было практычна немагчыма.
Пасля дзесяці класаў паспрабавала Рэгіна паступіць у медвучылішча — не атрымалася. Аднак дзяўчынка была ўпартая, сама сабе дарогу прабівала. Пайшла ў райкам камсамола і там параілі працу ў Сушанскім клубе.
Тым часам працаваць культработнікам спадабалася. Ёй было цікава на сцэне, цікава быць рэжысёрам розных самадзейных пастановак, спектакляў. Папрацавала год і пайшла далей вучыцца па гэтай спецыяльнасці. Паступіла ў Гродзенскае культпрасветвучылішча на аддзяленне кіраўнікоў драматычных калектываў. І гэта затым ёй спатрэбілася ў жыцці. Працавала на розных пасадах — дырэктарам РДК, метадыстам аддзела культуры. Не меней як дваццаць гадоў прысвяціла рабоце ў загсе, спачатку загадчыцай — у раённым, а пасля аб’яднання раённага і гарадскога — спецыялістам, пад кіраўніцтвам Аляксандры Цобанавай.
— Дзе ж вам спатрэбілася ваша рэжысёрскае майстэрства? Пад час цырымоній у загсе? — пытаюся ў Рэгіны Леанідаўны.
— Цырымоній практычна не праводзіла. Гэта болей Аляксандра Іванаўна, а я пераважна працавала з дакументамі.
— Ды гэта ж, напэўна, замаркоцішся — два дзесяцігоддзі з дакументамі.
— О, вы проста не ведаеце працы ў загсе. Там не замаркоцішся. Гэта праца з людзьмі, і ўсё трэба зрабіць своечасова, якасна і без памылак.
— Шампанскае хоць прапаноўвалі?
— Ведаеце, была прынцыповая дамоўленасць ні ў якім разе не ўдзельнічаць у фуршэтах. Спакуса можа быць вялікай, а чым потым усё гэта скончыцца? І вось аднойчы адзін не надта тактоўны чалавек абразіў. Як заўсёды, прапанавалі з маладымі падняць бакалы. А ён гукнуў: “Піць трэба меней”. Пасля гэтага зачынілася ў кабінеце і праплакала. Вельмі было крыўдна. Пасля прабачэння прасіў…
-4-
Акрамя шлюбаў былі ж яшчэ разводы і рэгістрацыі смерці. Першы развод Рэгіна востра перажывала разам з той жанчынай, якую разводзіла. Што ўжо казаць пра рэгістрацыю смерці, асабліва пасля таго, як загінуў сын. Так, няпростым атрымалася і сваё жыццё. Мусілі развесціся з мужам. І калі б ні дзеці, ні ўнукі, ці можна было б казаць пра яе сённяшняе шчасце! Аднак шчасце ёсць. Яно прыязджае разам з сынам, з дачкой у госці. Яно цешыцца і гамоніць разам з любімымі ўнукамі Мікіткам і трохгадовым Арцёмкам. Яно спее на невялічкім агародзіку на клубнічных, памідорных, агурочных градках і на кустах парэчак, чарнаплоднай рабіны, і квітнее на клумбах сярод любімых яе кветак. Шчасце запякаецца ў духоўцы разам з пірагамі з павідлам і сквірчыць на патэльні з дранікамі. Як шмат і як мала трэба для шчасця чалавеку! А жыццё пражыць — не поле перайсці…
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Рэгіна Васюковіч з унукам Мікіткам.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.