В народе верили, что в эту ночь реки светятся особым светом
У Балгарыі — Яноўдзень, у Італіі — Сан Джавані, у Іспаніі — Сан-Хуан, у Велікабрытаніі — Святы Джон, у Польшчы — Сабутка… У Беларусі — Купала, якое адзначаецца ў ноч з шостага на сёмага ліпеня. Адно з самых прыгажэйшых святаў адзначылі на Лепельшчыне, на беразе маляўнічага возера Святое.
Пэўна, кожны з вас ведае, колькі дзіўных легенд і паданняў звязана з Купаллем. У народзе верылі, што ў гэту ноч рэкі свецяцца асаблівым святлом. “На Купалу сонца грала” — спяваецца ў народных песнях. Купальская ноч — злучэнне, здавалася б, несумяшчальных стыхій — вады і агню. Ёсць вельмі прыгожая легенда, звязаная з Купаллем. Дзяўчына і хлопец пабраліся шлюбам, а потым даведаліся што яны брат і сястра. Не вытрымаўшы сораму, яны ператварыліся ў кветку з пялёсткамі сіняга і жоўтага колераў. Кветка на самой справе расце ў Беларусі, мае назву “брат-сястрыца”, квітнее летам і лічыцца адным з сімвалаў Купалля. Менавіта гэты міф згадаў пры ўваходзе на святочную пляцоўку. Там нас сустрэлі некалькі штучных фламінга. Гэта конкурс, падрыхтаваны работнікамі раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Задача, на першы погляд, няцяжкая — з некалькіх крокаў закінуць на галаву птушцы імправізаванае купальскае кола. Самых трапных чакаў прыз — марожанае ад філіяла “Лепельскі МКК” ААТ “Віцебскмясакамбінат”. У атракцыёне “Трапнае вока” — задача крыху іншая — кінуць мяккую цацку ў пластмасавы посуд.
Дзяўчаты з Полацка прывезлі конкурс “Лопні шарык!” Каб набыць галоўны прыз, трэба сем разоў трапіць у шарык дроцікамі. Давалася сем спроб. Цана — тры рублі. Справа нялёгкая, але дзяўчыны прызналіся, что па суседстве ад іх галоўны прыз ужо знайшоў свайго ўладальніка. Дарэчы, прыз знаходзіўся навідавоку — вялікі плюшавы мядзведзь. Паспрабаваў выйграць, але “пяць з сямі”. Шкада, а ў якасці суцяшэння — пластмасавы бранзалет, які свеціцца ўначы.
Было весела і на “Гульнёвым панадворку” Стайскага сельскага Дома культуры. Заплюшчваеш вочы, бярэш кацялок і з дапамогай чапялы ставіш яго ў печ. Прыз выбіраеш праз латарэю.
Можна было і парыбачыць. Выцягваеш некалькі пластмасавых рыбін — шакаладка ў падарунак.
У гэты чароўны вечар можна ўсё — вылечыцца ад хвароб, пазбавіцца ад бед і няшчасцяў, даведацца пра свой лёс, знайсці зачараваныя скарбы пры дапамозе папараць-кветкі, прызнацца ў сваіх пачуццях і надзець каханаму купальскі вянок. Гэта і зрабіла вядучая свята Юлія Кунчэўская. Вядучы Леанід Забабура, у сваю чаргу, падарыў дзяўчыне букецік палявых кветак.
Тэатралізаванае прадстаўленне народнага фальклорнага клуба “Кругаверць” “Ноч на Яна” адкрыла канцэртную праграму. Потым парадавалі гледачоў сваёй творчасцю вакальны гурт “Беразіначка” Домжарыцкага сельскага Дома культуры, Аляксандр Несан, Алена Пракаповіч, Таццяна Багуцкая і іншыя.
…Купаліш разам з Купалінкай абвясцілі са сцэны, што ў рамках Купалля пройдзе раённы конкурс прыгажосці сярод сельскіх клубных устаноў. А выбіралі самую абаяльную, яскравую і непаўторную “Міс Купалінку” гледачы. На працягу ўсяго вечара ў кожнага была магчымасць падысці да сцэны і прагаласаваць за ўдзельніцу, якая больш за ўсіх спадабалася. Дастаткова было апусціць у спецыяльную скрынку жэтон з нумарам удзельніцы, а спецыяльная камісія падводзіла падлік галасоў.
Час знаёміцца. На дэфіле-прадстаўленне грацыёзна выходзяць пяць удзельніц — Лізавета Жылко (Чарэйшчынскі сельскі Дом культуры), Дзіяна Караўчанкава (Старалядненскі СДК), Дар’я Марчанка (Юркоўшчынскі сельскі клуб-бібліятэка), Таццяна Драпеза (Поўсвіжскі сельскі Дом культуры) і Марыя Бондал (Баброўскі СДК). Прыгажуні-канкурсанткі павінны былі сябе прадставіць гледачам, а затым — праявіць свае творчыя здольнасці. Музычныя паўзы паміж выступленнямі рабілі Уладзіслаў Палачанін, Алеся Гайсёнак і Арцём Красноў. Па выніках конкурснай праграмы трэцяе месца заняла Дзіяна Караўчанкава, другое — Таццяна Драпеза. Перамогу і тытул “Міс Купалінка-2017” заваявала Марыя Бондал. Намеснік дырэктара раённага Дома культуры Таццяна Федарук уганаравала пераможцу, прызёраў каштоўнымі падарункамі і дыпломамі.
Тым часам звечарэла, і купальскае вогнішча ўзвілася ў вышыню. Між іншым, продкі верылі, што купальскія агні ўвасаблялі сонца, надзяляліся сілай даваць багаты ўраджай і праганяць смерць. Па ўсіх дварах раней збіралі старыя рэчы і палілі іх, у некаторых мясцінах у полымя кідалі старыя вуллі, каб пчолы былі здаровыя і прыносілі мёд. Пры агні гатавалі абрадавую вячэру — яечню, верашчаку, кулагу, варэнікі…
Праз вогнішча як скакалі, так і скачуць. Аднак гэты працэс у большасці страціў магічны сэнс і ўяўляе сабой проста вясёлую гульню. Пасля скокаў звычайна наступае час, мабыць, самы чароўны момант — пошук папараць-кветкі, якая распускаецца аднойчы за год. Яе ўладальнік пачынаў разумець шум дрэваў, размову птушак і жывёл. Аднак здабыць яе вельмі цяжка, бо сцерагуць расліну злыя сілы. У народзе папараць-кветку лічылі “Перуновай”. Паводле паданняў, на яе зыходзіў агонь Перуна. Звычайна завяршалася свята ля ракі.
З асвенчанай зеляніны дзяўчаты вілі вянкі і захоўвалі іх як сродак супраць злых сіл. Увогуле, варажба з вянкамі на воднай паверхні мела разнастайны сэнс і асаблівасці. Лічылася, што ў гэты дзень здзяйсняўся своеасаблівы пераварот — па зямлі пачыналі хадзіць духі і ведзьмы. Дзяўчаты і хлопцы станавіліся ў карагод, спявалі песні, у якіх усхвалялі вартасці адных і недахопы другіх. З карагоду выходзіла дзяўчына і закрывала твар чубром, кланялася ва ўсе бакі і выбірала хлопца, які здымаў з яе покрыва і павязваў сабе.
На жаль, па аб’ектыўных прычынах некаторыя сакральныя моманты свята паступова забываюцца. Аднак мы нарадзіліся на гэтай зямлі і захоўваць, адраджаць дзеі продкаў нейкім чынам павінны.
…Як згадвае Дунін-Марцінкевіч, на адным з купальскіх святаў ужывалі “смажанага парсючка, каўбасу, парсючковую шыйку”. Зрэшты, каўбас, шашлыку і іншых смачных страў хапала і на лепельскім фэсце. Вялікі выбар быў і дзіцячых ласункаў.
Канцэртную праграму на сцэне прадоўжыў народны ансамбль жартоўнай песні “Грымзолі” раённага Дома культуры. “Полька-рассыпуха”, “Дудалка”, “Ганак”, “Ці я ў мужа не жана”, “Там, за лесам”… Каля дваццаці песень выканалі артысты. Сапраўды, не толькі працаваць, а і адпачываць умеюць лепяльчане. Гледачы не толькі слухалі і пляскалі ў далоні, а танчылі разам з артыстамі Ганнай Шаркоўскай, Аляксандрам Міхно, Марынай Клачковай, Віталем Коневым. Канцэрт скончыўся, аднак свята працягвалі бадзёрыя рытмы дыскатэкі дыскатэкай.
Яўген МІКАЛАЕЎ
На здымках: эпізоды свята
Фота аўтара.