В полночь на пульт дежурного поступило сообщение о пожаре в деревне Свядица

img_5268 У апошнія дні верасня істотна пахаладала. Многія адчуваюць сырасць і холад дома. У кватэрах, вядома, у любым выпадку даводзіцца чакаць, пакуль будзе ўключана цэнтралізаванае ацяпленне. А вось уладальнікі індывідуальных дамоў у больш выгодным становішчы, яны маюць магчымасць распаліць катлы і печы і прагрэць сваё жыллё. Разам з тым узрастае і рызыка ўзнікнення пажараў. Прычына загаранняў, як паказвае статыстыка, — няспраўнасці печаў і парушэнні ў правілах іх выкарыстання.

З пачатку бягучага года ў раёне адбылося шэсць загаранняў па названых вышэй прычынах, гарэлі чатыры лазні і два жылыя домы. Агульны ўрон перавысіў 15 тысяч рублёў.
Чацвёртага студзеня позна ўвечары гарэла лазня ў пансіянаце “Ладэ”. Моцна пашкоджаны сцены будынка, перакрыцці, маёмасць. Прычына — парушэнне правілаў эксплуатацыі пячнога ацяплення — печ перакалілі.
19 студзеня ў Лепелі ў Прыазёрным завулку гарэла лазня. Агняборцы прыбылі хутка, але агонь паспеў прынесці вельмі шмат шкоды, фактычна лазню трэба было будаваць нанава. Прычынай пажару стала расколіна ў дымаходзе. Праз яе іскра патрапіла на сцяну, у мох паміж бярвеннямі. І мох, і дрэва былі сухімі, таму ўспыхнулі амаль імгненна.
16 лютага амаль апоўначы на пульт дзяжурнага паступіла паведамленне аб пажары ў вёсцы Свядзіца Слабадскога сельсавета, гарэў жылы дом. Па прыездзе пажарнага разліку агонь ужо шугаў вышэй за дах. Знішчаны столь, дах, моцна абгарэлі сцены. Як паказала расследаванне, прычынай пажару стала парушэнне правілаў эксплуатацыі печы.
На вялікае шчасце, ва ўсіх выпадках удалося пазбегчы смерцяў і цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Гаспадары, як правіла, самі або з дапамогай суседзяў заўважалі загаранне, паспявалі самастойна выбрацца з ахопленых агнём будынкаў, выклікалі пажарных, прымалі ўдзел у тушэнні, выратаванні маёмасці.
Між тым прафілактыка падобных трагедый даволі простая — утрыманне печаў і катлоў у тэхнічна спраўным стане, своечасовы іх рамонт. Хаця, варта прызнаць, часта гэтыя аперацыі нашы людзі адкладаюць на самы апошні момант і замест таго, каб рамантаваць і перакладаць печ летам, калі цёпла, успамінаюць пра яе літаральна напярэдадні пачатку ацяпляльнага сезона.
Рэйдавыя групы раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях праводзяць абыходы і агляды, асаблівая ўвага звяртаецца на так званыя групы рызыкі: грамадзяне, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, злоўжываюць спіртным. Звяртаецца ўвага і на адзінокіх пенсіянераў, састарэлых, на жыллё шматдзетных сем’яў, інвалідаў. На працягу бліжэйшага часу інспектары РАНС абыходзяць сотні домаўладанняў.
Паводле нормаў і правілаў, печ павінна быць патынкавана і пабелена, прычым не толькі ўнутры жылога памяшкання, такім жа самым чынам павінен быць апрацаваны і дымаход на гарышчы. Як паказваюць абыходы, як правіла, уладальнікі печаў тынкуюць і беляць іх толькі ў кухнях і пакоях, на гарышчы з вядром тынкоўкі ці вапны рэдка хто падымаецца. Такіх звычайна адзін-два на вёсцы. Разам з тым у аднаго-двух вяскоўцаў печы ў жахлівым стане, пажару пакуль што не адбылося толькі нейкім цудам. Самыя распаўсюджаныя няспраўнасці — расколіны вакол дзверцы топкі. Бывалі выпадкі, калі вывальваліся цэлыя цагліны. Праз такія дзіркі выпасці можа не толькі іскра ці вугольчык, а і галавешка. Частыя і расколіны ў дымаходах.
Па выніках аглядаў інспектары выдаюць прадпісанні на выпраўленне выяўленых няспраўнасцяў і агаворваюць тэрмін. Замазаць расколіны, пабяліць печку, прыбіць перад топкай ліст жалеза — нескладаныя аперацыі, якія не патрабуюць шмат сіл, часу і грошай. Між тым, у большасці выпадкаў яны дазволяць засцерагчыся ад трагедыі.
Андрэй ЦІМАШКОЎ,  старшы інспектар дзяржпажнагляду,  старшы лейтэнант унутранай службы.
На здымку: згарэла хата ў Свядзіцы.
Фота з архіва РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.