В преддверии 580-летнего юбилея Лепеля открыт ряд новых объектов

dsc_0002Напярэдадні святкавання 580-гадовага юбілею г. Лепеля адбылося адкрыццё важных для нашага раёна аб’ектаў. З гэтай нагоды горад наведалі член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, рэктар Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Анатоль Шчасны, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Ігар Мартынаў, начальнік Галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама Юрый Дзеркач, дэпутат па Бароўскай выбарчай акрузе №13 Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, ваенны камісар Віцебскай вобласці палкоўнік Руслан Шкодзін, прадстаўнікі мясцовай улады на чале са старшынёй райвыканкама Міхаілам Кісялевічам і іншыя шаноўныя госці.
У цэнтральнай раённай бальніцы адкрыты дзверы перад першымі пацыентамі ў новым кабінеце ультрагукавога даследавання. На яго рамонт і аснашчэнне было накіравана прыкладна 66 тысяч рублёў. На сучасным абсталяванні можна праводзіць дыягностыку розных унутраных органаў. Працаваць на ім будуць некалькі спецыялістаў рознага накірунку. Штодзень абследаванне на апараце ультрагукавой дыягностыкі высокай якасці фірмы SonoScape, які валодае ўсімі сучаснымі функцыямі і параметрамі, змогуць праходзіць 30-40 пацыентаў. Такі кабінет дае магчымасць урачам працаваць максімальна эфектыўна.

dsc_0019У акушэрскім аддзяленні цэнтральнай раённай бальніцы за год нараджаецца прыкладна 250-280 немаўлят. Кожнаму нованароджанаму робіцца скрынінг сэрца, галаўнога мозга і пры неабходнасці — брушной поласці. Сучаснае абсталяванне дапаможа гэта рабіць маленькім пацыентам у больш камфортных умовах.
Раней у райбальніцы не даследавалі сасуды. Для гэтага трэба было ехаць у абласны цэнтр. Цяпер ёсць магчымасць праводзіць дыягностыку на месцы.
Апараты, на якіх працавалі спецыялісты да гэтага часу, працавалі каля дзесяці гадоў, таму, можна сказаць, састарэлі. Новае абсталяванне мае вялікія тэхнічныя магчымасці. На ім можна даследаваць і дзяцей, і дарослых.
Ва ўрачыстай абстаноўцы адбылося адкрыццё новага кабінета ультрагукавога даследавання. Была адзначана вялікая заслуга мясцовай улады у замацаванні спецыялістаў і дапамозе ў развіцці аховы здароўя насельніцтва раёна. Большасць медыцынскіх спецыялістаў з задавальненнем застаюцца ў нашым раёне, бо ім адразу прадастаўляецца жыллё. У наш час гэта мае вялікае значэнне, асабліва для маладой сям’і.
Таксама было адзначана, што зусім нядаўна ў цэнтральнай раённай бальніцы з’явіўся новы рэнтгенадыягнастычны комплекс “Уніэксперт 2 плюс ADANI». Сёлета былі набыты і тры аўтамабілі хуткай дапамогі.
Юрый Дзеркач расказаў пра міжраённыя і міжрэгіянальныя цэнтры, якія ўжо дзейнічаюць на тэрыторыі рэспублікі. Завяршыць іх развіццё плануецца ў бліжэйшыя некалькі гадоў. У тым ліку прадугледжаны мадэрнізацыя і пераабсталяванне бальніц у адзінаццаці буйных гарадах па прыкладзе Оршы. Гэта дазволіць зняць нагрузку на рэспубліканскія і абласныя цэнтры, дзе праводзіцца асноўная колькасць высокатэхналагічных даследаванняў.
Шаноўныя госці ацанілі работу раённай бальніцы, якасць медыцынскага абслугоўвання і ўзровень выканання пастаўленых задач.

dsc_0124У гэты ж дзень адбылося адкрыццё дзіцячага дому сямейнага тыпу. Ён створаны на базе былога службовага жылля ЖКГ, перададзенага на баланс аддзела па адукацыі райвыканкама. Адрамантаваны і ўладкаваны ўнутраныя памяшканні, набыты неабходны інвентар для дома і гаспадаркі. Прыгожы выгляд набыла і прылеглая тэрыторыя. З’явіўся яблыневы сад, які хутка будзе даваць ураджай, створана дзіцячая гульнявая пляцоўка з арэлямі і лаўкамі, ёсць зялёная зона. Усяго на гэтыя мэты зрасходавана каля 30 тысяч рублёў.
Наваселле адсвяткавала сям’я Петуховых. Бацькі выхоўваюць траіх сваіх дзяцей ва ўзросце ад трох да 12 гадоў і двух прыёмных хлопчыкаў (чатыры гады і немаўляці). Хутка да іх далучацца яшчэ трое дзетак, якія маюць патрэбу ў бацькоўскіх клопаце і ласцы. Стала добрай традыцыяй у нашым раёне дапамагаць дзецям, якім патрэбны матчын клопат. У цяперашні час у Лепелі існуюць тры дзіцячыя дамы сямейнага тыпу.
Аляксей і Ірына, гаспадары дома, падзякавалі ўсім, хто прыклаў намаганні ў абуладкаванні жылля, і паведамілі, што заўсёды будуць рады дарагім гасцям.
Са святам галоўных герояў дня павіншавалі прадстаўнікі мясцовай улады, Ігар Мартынаў, протаіерэй Сергій Ляшкевіч і іншыя ганаровыя госці, а таксама сем’і Шнітко і Міхайлавых, прыёмныя бацькі двух іншых дамоў сямейнага тыпу, якія прыехалі на свята з дзецьмі. Кожны з іх выказаў сям’і Петуховых шмат цёплых слоў і падрыхтаваў падарункі.
Святочную праграму для навасёлаў і іх гасцей падрыхтавалі работнікі раённага цэнтра дзяцей і моладзі і наведвальнікі аб’яднанняў па інтарэсах гэтай установы.
— Вельмі важна, каб дзеці раслі ў атмасферы бацькоўскай любові і клопату, таму сёння мы адзначаем знамянальную падзею, — падкрэсліў на цырымоніі адкрыцця ўстановы старшыня райвыканкама Міхаіл Кісялевіч. Ён выказаў словы асаблівай падзякі гаспадыні вялікай сям’і і яе мужу за добрыя сэрцы, пачуццё сацыяльнай адказнасці, падкрэсліў значнасць іх працы і духоўнага ўкладу ў жыццё канкрэтных дзяцей і ў цэлым для грамадства.
…Наш край багаты на традыцыі. Кажуць, што першым у дом павінен зайсці кот. Не пераразалі стужку пры ўваходзе ў дом, але маленькая чырвоная стужачка была павязана кацяняці, які першым і зайшоў у жыллё.
Шмат пажаданняў пачулі ў гэты дзень навасёлы ад гасцей. Няхай спраўдзяцца іх мары і жаданні ў гэтым дыхтоўным і ўтульным доме!
***
dsc_0047А вось у сярэдняй школе №1 шаноўных гасцей чакаў сюрпрыз. Як мы ўжо казалі ў мінулым нумары, школьнікі, што вывучаюць хімію, увайшлі ў новы кабінет. Ён набыў сучаснае аблічча і адпавядае ўсім патрабаванням часу. На бягучы рамонт зрасходавана 36 тысяч рублёў. У школе гэты прадмет вывучаецца на высокім узроўні, дзеці з цікавасцю робяць розныя вопыты. Шэсць выпускнікоў установы сёлета паступілі на бюджэтнае аддзяленне Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Дзякуючы новаму кабінету ў вучняў цяпер з’явіліся большыя магчымасці, каб рэалізоўваць даследчыя праекты і абараняць іх на навукова-практычных канферэнцыях, перамагаць на розных конкурсах і алімпіядах не толькі раённага, а і вышэйшых узроўняў.
Пасля таго, як дырэктар установы адукацыі Аксана Харлёнак і іншыя госці перарэзалі чырвоную стужку, усім было прапанавана адчуць сябе вучнямі і сесці за парты. Кожны з задавальненнем гэта зрабіў. Адчувалася, што ў гэты момант у многіх усплылі ўспаміны. Напэўна, некаторыя пазайздросцілі вучням, якія будуць вучыцца ў такім прыгожым кабінеце.
Да дошкі былі запрошаны Ігар Мартынаў і Міхаіл Кісялевіч, якім прапанавалася зрабіць вопыты. У падрыхтаваных прабірках і колбах знаходзіліся рэчывы, якія госці змешвалі і атрымлівалі цікавыя вынікі.
Ігару Феліксавічу трэба было пераўтварыць ваду ў іншую вадкасць. Атрымаліся малако і газіроўка, а таксама вадкасць ружовага колеру. З цікавасцю ўсе сачылі, як мяняецца склад рэчываў, і ўспаміналі свае школьныя гады.
А вось Міхаіл Леанідавіч зрабіў звычайны нож з металу “залатым” з дапамогай вадкасці блакітнага колеру і правёў вопыт “дым без вогнішча”. Нават самой захацелася папрысутнічаць на практычнай частцы хіміі.
Дырэктар школы Аксана Харлёнак падзякавала за ўвагу, якая ўдзяляецца ў нашым раёне развіццю адукацыі, і менавіта СШ №1. За хуткі час было зроблена шмат працы па рамонце кабінета. У знак падзякі Аксана Леанідаўна падарыла шаноўным гасцям прыгожыя аловачніцы, якія зрабіў настаўнік працы Ігар Будрэвіч. З аднаго боку адлюстравана стэла “Лепель”, а з другога — напісана: “580 гадоў Лепелю”.
Павіншаваў работнікаў школы з адкрыццём новага кабінета хіміі і рэктар Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Анатоль Шчасны:
— Хімія і біялогія — прадметы, з якіх пачынаецца вывучэнне медыцыны. Шмат абітурыентаў з Лепеля паступаюць менавіта ў Віцебскі дзяржаўны медуніверсітэт. Прапаную, каб выкладчыкі нашай установы таксама прымалі ўдзел у адукацыйным працэсе школы ў новым кабінеце хіміі альбо ў нашых аўдыторыях. Для іх будуць вельмі карысныя лекцыі прафесараў, заняткі ў лабараторыях, каб дзеці ведалі, як і ў якіх умовах праходзіць навучанне ва ўніверсітэце.
***
dsc_0091У гонар 580-годдзя Лепеля адбылося таксама адкрыццё міні-парку каля ясляў-сада №6 у г. Лепелі.
На дэкаратыўных мастках і лаўках вісяць паветраныя шары чырвонага, зялёнага і белага колеру — беларуская сімволіка. Пасаджаны дрэўцы — клёны чырвонага колеру, а на адным з іх вісяць жаданні дзетак.
Шаноўных гасцей сустрэлі выхаванцы ў касцюмах зайчыкаў, вавёрак, лісічак і іншых звяроў, якія пускалі мыльныя бурбалкі.
— У гонар юбілейнай даты горада мясцовай уладай нашай установе падораны гэты міні-парк. Гонарам і ўпрыгажэннем на банеры з’яўляюцца нашы выпускнікі. Думаю, што нашы выхаванцы таксама будуць на іх раўняцца. Вялікі дзякуй ад выхавальнікаў, дзяцей і іх бацькоў за такі падарунак. Гэты парк будзе не толькі ўпрыгажэннем горада, а і месцам адпачынку лепяльчан.
dsc_0087З віншавальным словам перад прысутнымі выступіў Ігар Мартынаў. Акрамя гэтага, дэпутат адзначыў вялікі ўклад у рэалізацыю сацыяльнай і эканамічнай палітыкі Рэспублікі Беларусь намесніка старшыні райвыканкама Віктара Азаронка і ўручыў яму Ганаровую грамату Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і нагрудны знак.
Цікавае прадстаўленне падрыхтавалі для гасцей выпускнікі сада і ўдзельнікі ўзорнага ансамбля танца “Лілея” РДК пад кіраўніцтвам Святланы Сухаміравай.
Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.