В ремонтных мастерских открытых акционерных обществ «Лядно» и «Ладосно» Лепельского района эксплуатировалось газосварочное оборудование с неисправными манометрами

w_stroitelstveЧарговы рэйд па некаторых сельгасарганізацыях Лепельшчыны даў значную нагоду для аптымізму. У асноўным у іх выконваюцца нормы па ахове працы. У прыватнасці, удзельнікі рэйдавай брыгады адзначылі, што працаўнікі забяспечаны спецыяльнай рабочай вопраткай, сродкамі індывідуальнай абароны. Забяспечаны работнікі і інструментам, хаця ў некаторых выпадках і ўзнікалі пытанні. Адзначылі і забяспечанасць санітарна-бытавымі памяшканнямі, работнікі могуць памыць рукі, пераапрануцца.
Разам з тым быў выяўлены і шэраг парушэнняў. Так, у рамонтных майстэрнях адкрытых акцыянерных таварыстваў “Лядна” і “Ладасна” эксплуатавалася газазварачнае абсталяванне з няспраўнымі манометрамі. Калі гэты прыбор няспраўны, як зваршчык будзе кантраляваць наяўнасць газаў у балонах? Нават вопытны спецыяліст павінен трымаць сітуацыю пад кантролем.
У майстэрні “Лядна” на кабелях зварачнага апарата была пашкоджана ізаляцыя. Не варта казаць, якія пашкоджанні і траўмы можна атрымаць пры кароткім замыканні кабеляў. А ў ААТ “Ладасна” электразваршчык не быў своечасова забяспечаны, як гэта належыць, спецвопраткай і індывідуальнымі сродкамі абароны. Прасцей кажучы, працаваў у вопратцы, у якой прыйшоў з дому.
Калі колавая або гусенічная тэхніка становіцца на рамонт, яна ад выпадковага з’езду павінна быць зафіксаваная спецыяльнымі супрацьадкатнымі ўпорамі — такое строгае патрабаванне правілаў бяспекі. Аднак у майстэрнях ААТ “Чарэйшчына” і ААТ “Ладасна” іх праігнаравалі, тэхніку не падперлі. А ў апошняй арганізацыі ў дадатак замест металічнай падстаўкі пры раскочванні сельгасмашын выкарыстоўвалі драўляныя калодкі.
Каб напампаваць колы ў трактары, можна працаваць па старынцы: уздзець шланг ад кампрэсара на штуцар кола — і няхай сабе пампуе. Як праверыць ступень напампоўвання? Паляпаць нагой па пакрышцы. Аднак гэта тэхналогія мінулага стагоддзя. Хто б што ні казаў, а ў ХХІ стагоддзі трэба карыстацца адпаведнай тэхнікай і прыстасаваннямі, у дадзеным выпадку — дазатарам з манометрам. Якіх, дарэчы, не было на кампрэсарах у ААТ “Чарэйшчына” і “Ладасна”.
І апошні важны пункт — меры супрацьпажарнай бяспекі. Праехаўшы па трох адкрытых акцыянерных таварыствах, усюды выявілі парушэнні. Неўкамплектаваныя пажарныя стэнды, адсутнасць вёдраў, ламоў і іншага пажарнага рыштунку сталі амаль неад’емнай часткай дзейнасці сельгасарганізацый. А самае прыкрае — няспраўныя, непрацуючыя, пратэрмінаваныя вогнетушыцелі.
Зараз на палетках, дзе працуюць камбайны, дзяжураць пажарныя машыны. Гэта надзейны сродак, аднак успомнім старую прымаўку — на бога спадзявайся, а сам не паддавайся. Як механізатар будзе стрымліваць агонь, калі раптам ён успыхне, да пад’езду пажарнай машыны? Ідзём далей. Скончыцца жніво, пажарныя машыны паедуць у свае дэпо, земляробам на палях зноў застанецца спадзявацца толькі на сябе, на свае сілы і на вогнетушыцелі, а яны… незапраўленыя. Мяркую, многія могуць прыпомніць, якое страшнае відовішча ўяўляе сабой выгарэлы камбайн, трактар, іншая сельгастэхніка.
Жніво падыходзіць да завяршэння, але расслабляцца земляробам не выпадае, на падыходзе не менш адказныя і напружаныя кампаніі: уборка кукурузы, яравога рапсу, насенных траў, ворыва, падрыхтоўка глебы і правядзенне сяўбы азімых культур. І ўсюды вельмі важна правільна выконваць патрабаванні тэхналогіі і аховы працы ў поўным аб’ёме.
Рэйдавая група:
Аксана ЦЕРАШКОВА,
намеснік старшыні райвыканкама,
Ігар ГРЫГАРЭНКА,
інспектар нагляду і прафілактыкі РАНС,
старшы лейтэнант унутранай службы,
Наталля ТАРАСАВА,
спецыяліст па гігіене працы райЦГЭ,
Сяргей МАКАРСКІ,
спецыяліст па ахове працы райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.