В воскресенье верующие католической конфессии празднуют Светлое Христово Воскресение


Сонейка ў небе, усмешкі на тварах, у руках галінкі вербачак з пухнатымі “коцікамі” — з пазітыўным настроем вернікі па календары каталіцкай канфесіі ў мінулыя выхадныя крочылі ў касцёл, каб адсвяткаваць Вербную нядзелю, альбо па-іншаму – Пальмавую.
У гэты дзень больш за 2 тысячы гадоў таму людзі, якія прыйшлі на свята, сустрэлі Езуса як месію, прарока і вялікага цудатворцу. Дарослыя і дзеці спявалі і радаваліся, высцілалі дарогу пальмавымі галінамі, якія сімвалізуюць вялікую радасць. Цяпер іх замяніла вярба, адсюль і назва – Вербная нядзеля.
Ва ўсіх касцёлах у гэты дзень адбыліся службы, на якія вернікі прыносілі асвячаць вербачкі, а ў літургіі ўзгадвалі ўрачысты ўваход Езуса Хрыста ў Ерузалем за пяць дзён да Яго ўкрыжавання. Не стаў выключэннем і касцёл Святога Казіміра ў Лепелі.
***
У нядзелю каталіцкія вернікі будуць адзначаць Вялікдзень. Гэта свята з’яўляецца старажытным і самым галоўным у хрысціян — у гонар Уваскрэсення Езуса Хрыста.
Пальмовая ж нядзеля распачынае Вялікі Тыдзень, дзе кожны дзень выключны і непаўторны. Асабліва выдзяляюць Святы Пасхальны Трыдуум, які пачынаецца з Вялікага Чацвера, калі мы ўзгадваем Вячэру Пана, устанаўленне сакрамантаў святарства і Эўхарыстыі. У Вялікую Пятніцу перажываем Хрыстовы пакуты і смерць на крыжы. У суботу ў цішыні молімся ля сімвалічнай магілы Божага Сына, чакаючы яго Уваскрэсення, якое пачнём святкаваць увечары Велікоднай Вігіліяй і працягнем у Велікодную Нядзелю.
Давайце ж да гэтага часу падрыхтуем не толькі свае дамы і святочныя сталы, але перш за ўсё зробім парадак у сваім сэрцы! Адкрыемся на дзеянне Божай ласкі, дазволім, каб Хрыстус мог да нас дакрануцца.
— Святочныя богаслужэнні ў касцёле Святога Казіміра пачнуцца ў Вялікую суботу а 22-й гадзіне. Уначы ў храме запаляць жыватворны агонь. На службе вернікі таксама будуць асвячаць традыцыйныя велікодныя стравы – фарбаваныя яйкі і кулічы, якія ў нядзелю паставяць на святочны стoл.
Дзеля нашага збавення Бог правёў Езуса праз пакуты і смерць да радасці новага жыцця ў васкрэсенні з мёртвых. Сваёй любоўю Ён ачысціў нас ад грахоў, праліў Кроў Адзінароднага Сына.
Гэта свята прыносіць нам упэўненасць, што ўсе цяжкасці могуць быць пераадоленыя сілаю веры, праўды і добрых спраў. Няхай светлыя дні Вялікадня напаўняюць ваш дом цеплынёй і спакоем, падораць радасць сустрэчы з роднымі і сябрамі!
У гэтыя ўрачыстыя велікодныя дні няхай супакой Хрыстовы пранікне нашыя светлыя памкненні ў будучых стараннях, каб мы, дбаючы аб здароўі фізічным, не забываліся і аб духоўным. Няхай святочны стол з вялікоднымі стравамі і чырвонымі яйкамі нас яшчэ больш з’яднае паміж сабою і дапоўніць надзеяй, якой так часта не хапае ў паўсядзённасці. Поўных Божай ласкі, духоўнай радасці і супакою ўсім, – пажадаў пробашч парафіі Святога Казіміра ксёндз-дэкан Уладзімір Заянчкоўскі.
Наталля ХРАПАВІЦКАЯ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.