Ва ўласнасці і арэндзе ў жыхароў Лепеля і раёна зараз больш за шэсць тысяч гектараў зямлі

Ва ўласнасці і арэндзе ў жыхароў горада і раёна зараз больш за шэсць тысяч гектараў зямлі. Зямельныя ўчасткі, а таксама размешчаныя на іх пабудовы павінны выкарыстоўвацца ў адпаведнасці з мэтавым прызначэннем. Аб гэтым гутарым з галоўным спецыялістам землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Сяргеем Кульбам.

shtrafi-po-kreditu— Перш за ўсё землекарыстальнікі на працягу двух месяцаў з дня прыняцця рашэння аб прадастаўленні ім зямельных участкаў або падпісання дагавора арэнды абавязаны звярнуцца за дзяржаўнай іх рэгістрацыяй у Лепельскі філіял РУП “Віцебскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры”, — адзначыў Сяргей Аляксандравіч. — І, канешне ж, яны пасля гэтага павінны ажыццяўляць мерапрыемствы па ахове земляў, у тым ліку па добраўпарадкаванні, знішчэнні пустазелля, выконваць патрабаванні заканадаўства па тэрмінах заняцця зямельных участкаў, узвядзенні капітальных пабудоў.
— А калі гэта не робіцца?
— Заканадаўствам прадугледжана строгая адміністрацыйная адказнасць.
— У чым яна заключаецца?
— Прынамсі, землеўпарадкавальнай службай рэгулярна праводзяцца рэйды-праверкі па падтрыманні ў належным стане ворыўных, іншых апрацоўваемых земляў, асаблівая ўвага пры гэтым надаецца рацыянальнаму іх выкарыстанню, барацьбе з пустазеллем. Сёлета ўжо вынесена 47 пастаноў у адносінах фізічных асоб, якія дапусцілі зарастанне пустазеллем зямельных участкаў, непрыняцце мер па навядзенні элементарнага парадку на замацаванай за імі зямлі. Кожны аштрафаваны на 0,5 базавай велічыні.
Калі ж чалавек не згаджаецца з нашымі патрабаваннямі, складаем пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні і звяртаемся ў суд, які можа вынесці больш строгае пакаранне аж да накладання штрафных санкцый у памеры да 20 базавых велічынь.
— Прывядзіце прыклады…
— Лепяльчанін Фёдар Міснік, які мае свой дом сядзібнага тыпу ў вёсцы Пунішчы Стайскага сельсавета, своечасова не абкошваў прысядзібны зямельны ўчастак. Судом быў аштрафаваны на адну базавую велічыню з кампенсацыяй усіх судовых выдаткаў. Прыкладна такое ж пакаранне было вынесена судом і жыхару горада Лепеля Алегу Крыўко, які не падтрымліваў у належным стане свой зямельны ўчастак у аграгарадку Вялікі Поўсвіж.
— Ці мелі месца выпадкі парушэння заканадаўства пры будаўніцтве на зямельных участках?
— На працягу аднаго года не прыступілі да выканання будаўнічых работ на зямельных участках два чалавекі ў раёне, а менавіта ў вёсках Вялікае Жэжліна і Казіншчына, адзін — у горадзе Лепелі на вуліцы Коцарава. Кожны аштрафаваны на 0,5 базавай велічыні.
Матэрыялы аб злосным ігнараванні патрабаванняў аб пачатку на працягу года будаўніцтва можам накіраваць у суд, які мае права накласці на вінаватага штраф у памеры да 10 базавых велічынь.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.