Ва ўтульным двары Бароўскай сярэдняй школы немагчыма не звярнуць увагу на прыгожы сад

IMG_0014 Ва ўтульным двары Бароўскай сярэдняй школы немагчыма не звярнуць увагу на прыгожы сад. У майскія дні маладыя яблынькі, слівы і грушы патанаюць у квецені, а ў канцы лета прыносяць плады. Сад быў закладзены адзінаццаць год таму ў гонар 60-годдзя Перамогі выпускнікамі Бароўскай сярэдняй школы і ветеранамі Вялікай Айчыннай вайны. Сёлета ж па ініцыятыве старшыні раённага Савета дэпутатаў Мікалая Місюры, старшыні райвыканкама Барыса Яфрэмава, намесніка старшыні райвыканкама Віктара Азаронка, які шмат год узначальваў Бароўскую сярэднюю школу, было прынята рашэнне напярэдадні Дня Перамогі павялічыць сад — пасадзіць тут яшчэ дзевяноста маладых дрэўцаў.
Маладыя дрэўцы былі набыты пры дапамозе індывідуальных прадпрымальнікаў Быкава і Славецкага. Раніцай у школьным двары разам з настаўнікамі сабраліся вучні дзявятых, адзінаццатых класаў. Менавіта яны атрымалі права прымаць удзел у пасадцы дрэў.
Перад пачаткам пасадкі цёпла прывіталі вучняў і настаўнікаў Мікалай Місюра і Віктар Азаронак. У пасадцы маладых дрэўцаў прынялі ўдзел таксама старшыня Бароўскага сельвыканкама Валерый Кляшторны, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Таццяна Шчэрбач і другі сакратар РК ГА “БРСМ” Андрэй Краўцоў.
— Пасадзіўшы дрэва, мы робім высакародную справу і пакідаем памяць аб сабе любімай школе, — адзначыла дырэктар Бароўскай сярэдняй школы Дзіяна Мысіна. — Я сама ў свой час вучылася ў Бароўскай сярэдняй школе, скончыла яе ў 1988 годзе. Развітваючыся са школай, мы пасадзілі ў яе двары бярозавую алею. З цягам часу дрэвы набралі моц і радуюць прахожых сваёй прыгажосцю. Разам са мной калісьці ўдзельнічала ў пасадцы бяроз выпускніца Святлана Гладкая. Зараз Святлана Станіславаўна — настаўніца Бароўскай сярэдняй школы. Вельмі сімвалічна, што разам са сваімі вучнямі-выпускнікамі яна прымае ўдзел у пасадцы маладых яблынь…
Работа закіпела. Першымі маладыя яблынькі пасадзілі ганаровыя госці школы. Тут жа да работы далучыліся вучні і настаўнікі. Літаральна за паўгадзіны сад павялічыўся на дзевяноста саджанцаў яблынь. Грунт для пасадкі дрэўцаў выдзелілі дырэктар ААТ “Чарэйшчына” Станіслаў Раманенка, дырэктар ААТ “Лядна” Іван Бабовіч, а насенне газоннай травы было выдзелена кіраўніком КУВСГП “Баброва” Вячаславам Храмцовым.
— Вельмі прыемна паглядзець на гэтыя прыгожыя пышныя яблынькі і ўспомніць, як адзінаццаць год таму на пасадцы дрэў рупіліся вучні, — кажа Дзіяна Мысіна. — На ўчастку перад школай было вырублена кустоўе, а затым пасаджана 80 саджанцаў яблынь, пятнаццаць — груш і дзесяць — сліў. Праз тры гады дрэвы ўжо далі свае плады, а праз пяць год сад быў увесь запоўнены яблыкамі.
У летні час імі ахвотна частуюцца выхаванцы школьнага лагера. Прыгожыя наліўныя яблычкі мы збіраем для ўдзелу ў раённым свяце ўраджаю, што праводзіцца штогод сярод школ горада і раёна. Дарэчы, у 2012 годзе наша “Яблычная лэдзі”, зробленая рукамі вучняў, на свяце ўраджаю ўразіла членаў журы і была ўдастоена першага месца.
Рабоце па добраўпарадкаванні мы ўдзяляем асаблівую ўвагу і далучаем да гэтай высакароднай работы дзяцей. З 2012 года мы актыўна рэалізуем праект “Школьны двор маёй мары”. У рамках праекта актыўна вядзецца добраўпарадкаванне тэрыторыі школы: абкошваем пустазелле, займаемся пабелкай дрэў, рыхтуем прыгожыя клумбы. Вельмі прыемна, што ў свой час наш праект заняў другое месца ў абласным конкурсе і трэцяе — у рэспубліканскім.
Мэтанакіравана працуем таксама і ў рамках Праграмы другаснай занятасці. Ля памяшкання сталовай раней знаходзіўся модуль. Ён быў закладзены цэглай, а зараз мы збіраемся там стварыць прыгожую алею дэкаратыўных раслін. На пятнаццаць мільёнаў рублёў закуплена 50 саджанцаў ядлоўцу, туі заходняй “смарагд”, “голдэн смарагд” з лісцем жоўтага колеру, “мінт джулеп”, “блю швед” і г.д.
Актыўная работа вучняў і настаўнікаў прынесла плён. З усіх бакоў Бароўская сярэдняя школа патанае ў зеляніне дрэў, вакол яе акружаюць пышныя клумбы. Акрамя сада Памяці на тэрыторыі школы размешчаны алея Спартыўнай Славы, створаны шэсць год таму.
…Пакуль яшчэ маладзенькія, крыху кволыя дрэўцы хутка набяруць моц, расквітнеюць, а затым і дадуць першыя плады. Разам з імі сталеюць і робяць поспехі вучні. Няхай жа з кожным годам яблыневы сад толькі расце і прыносіць новыя плады!
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.
На здымку: першымі прыступілі да пасадкі маладых яблынь намеснік старшыні райвыканкама Віктар Азаронак і старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Місюра.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.