Вадзіцелі-тысячнікі

IMG_7377 Яшчэ ў пачатку тыдня былі вызначаны два вадзіцелі, кожны з якіх адвёз ад камбайнаў больш за тысячу тон зерня: Уладзімір Парфяновіч з СВФ “Заазер’е” і Андрэй Пшонка з ААТ “Лядна”. Толькі сабраліся выехаць, каб павіншаваць, аказалася, што Уладзімір павёз зерне на Полацкі камбінат хлебапрадуктаў — здача дзяржаўнага заказу. Па дарозе назад патэлефанаваў, сустрэліся разам на полі ААТ “Лядна” за вёскай Залучына. Там якраз камбайны дажыналі апошнія соткі, выгружалі збожжа ў машыну ды збіраліся пераязджаць на наступны палетак.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ігар Урбан уручыў лепшым работнікам граматы і памятныя падарункі і падкрэсліў:

— Вельмі прыемна вітаць вас на гэтым палетку, віншаваць вас з такім выдатным працоўным дасягненнем. Радуе, што ў першых шэрагах моладзь. За вамі — будучыня беларускай вёскі, усёй Беларусі. Жадаю, каб мы яшчэ сустрэліся, калі вы перавезяце яшчэ і па паўтары, дзве тысячы тон. Поспехаў вам, здароўя вашым сем’ям!

Папрасіў маладых кіроўцаў крыху затрымацца, каб распавялі пра сябе, сваю працу.

— Як даўно працуеце ў “Заазер’і”? — пытаюся ва Уладзіміра.

— Ужо пяць гадоў.

— А машына з якога года?

— З 2010-га.

— Дык вы, напэўна, яе новай атрымалі?

— Не, на гэтай працую толькі год.

— А як з жыллёвымі ўмовамі?

— Мне ад прадпрыемства далі новы дом у Старым Лепелі, жывём у ім усёй дружнай сям’ёй: я, жонка Кацярына і наш сын Антон.

— Чуў, што вы з Андрэем Пшонкам — радня.

— Так, Кацярына і Андрэй — родныя сястра і брат. Акрамя гэтага, я хросны бацька яго сына, а ён — майго. Кумы. Так што сёння на полі, лічыце, сустрэча радні.

— Які ж цесны свет! А вы пра сям’ю распавядзіце, — звяртаюся да Андрэя Пшонкі.

— З жонкай Марынай жывём у новым доме ў Старым Лядне. Атрымалі яго перад Новым годам, зрабілі рамонт. Дарэчы, гаспадарка дапамагла, аплаціла набытыя будматэрыялы. А засяліліся ўжо ў лютым. Арцёму яшчэ восем месяцаў, Марына пакуль у дэкрэтным водпуску.

— Як працуецца на новай машыне?

— Гэты МАЗ-зерневоз рабіўся па заказе Украіны. Аднак украінцам стала не да іх, ад заказу адмовіліся, машыны прапанвалі беларускім гаспадаркам. Што пра яе сказаць? Новая машына — галоўны паказчык. Рухавік у яе яраслаўскі V-8, турбіраваны, зроблены пад стандарт еўра-3. У кузаў грузіцца да 22 тон збожжа, у прычэп — яшчэ столькі ж. Па трасе, па ржышчы ідзе роўна, без асаблівай нагрузкі. У Полацк збожжа вазіў на КХП — нібы на самалёце ляцеў. Самыя прыемныя ўражанні. За два тыдні працы па палях і мясцовых дарогах ужо праехаў тры тысячы кіламетраў. Ганяў МАЗа ў Віцебск на сэр­віснае абслугоўванне, там па­дзівіліся выдатнаму стану тэхнікі. Асабліва парадавала наяўнасць кандыцыянера. У летнюю спёку — самая неабходная опцыя ў любой тэхніцы.

— Якая расцэнка працы?

— Паколькі тэхніка прынцыпова новая, стандартных расцэнак на яе няма. У бухгалтэрыі сказалі, што пры налічэнні будуць прымяняць расцэнку для аўтамабіля грузападымальнасцю 20 тон.

— Якія далейшыя планы?

— У мяне новы дом, новая машына, маладая жонка, маленькі сын, таму пакуль што кардынальна мяняць нічога не збіраюся.

Васіль МАТЫРКА.

 На здымку: Уладзімір Парфяновіч (злева) і Андрэй Пшонка.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.