Валейбольныя паядынкі

199Валейбол — адзін з найбольш масавых відаў спорту, які карыстаецца шырокай папулярнасцю ў аматараў здаровага ладу жыцця. Гэтай гульнёй захапляюцца дарослыя і дзеці, прызнаныя мэтры спартыўнага алімпу і маладыя фізкультурнікі, вучні агульнаадукацыйных школ. Таму не выпадковай была вялікая цікаўнасць да адкрытага чэмпіянату раёна па валейболе сярод мужчынскіх каманд прадпрыемстваў, арганізацый і навучальных устаноў. На ўдзел у чэмпіянаце падалі заяўкі шэсць каманд: раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, цэнтральнай раённай бальніцы, аграрна-тэхнічнага каледжа, дзяржпрафліцэя, Пышнянскай дзіцячы сад-сярэдняй школы і Стайскай дзіцячы сад-сярэдняй школы. Балельшчыкі, якія сабраліся ў зале раённага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра, каб убачыць незабыўнае відовішча спартыўнага супрацьстаяння, актыўна падтрымлівалі бескампра­місную барацьбу, што разгарнулася на валейбольнай пляцоўцы.
— Сапраўдная інтрыга ў ходзе гэтых спаборніцтваў закруцілася тады, калі каманда дзяржпрафліцэя выйграла ў спартыўнай дружыны аграрна-тэхнічнага каледжа, а валейбалісты раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях нанеслі паражэнне дзяржпрафліцэю, — адзначыў галоўны сакратар спаборніцтваў Анатоль Красніцкі. — Адразу стала зразумела, што менавіта гэтыя каманды зоймуць першыя тры месцы, ніхто ўжо больш не зможа ўклініцца ў высвятленне адносін паміж гэтымі самымі моцнымі сапернікамі. Пытанне было толькі ў тым, як размесцяцца ў выніковай турнірнай табліцы спаборніцтваў гэтыя спартыўныя дружыны.
Вырашальнай сустрэчай у канчатковым вызначэнні пераможцы і прызёраў чэмпіянату стаў паядынак паміж валейбалістамі аграрна-тэхнічнага каледжа і раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Абодва сапернікі старанна рыхтаваліся да гэтага матча, выставілі на яго лепшых ігракоў. Відавочнай перавагай выратавальнікаў быў добра падрыхтаваны, вопытны, зла­джаны спартыўны калектыў, нацэлены на перамогу, барацьбу з поў­най аддачай сіл да самых апошніх момантаў гульні. На баку ж аматараў здаровага ладу жыцця аграрна-тэхнічнага каледжа была студэнцкая маладосць, поў­ная энергіі і здаровых амбіцый, жадання быць заўсёды наперадзе, у лідарах спартыўнай барацьбы.
У першай партыі лік на працягу амаль усяго часу змагання заставаўся прыкладна роўным, аб чым сведчыць і канчатковы вынік 27:25 на карысць спарт­сменаў аграрна-тэхнічнага каледжа. Ды і ў другой партыі ўдача аказалася на баку валейбалістаў сярэдняй спецыяльнай навучальнай установы (25:17). Такім чынам, чэмпіёнам раёна па валейболе сярод мужчынскіх каманд стала спартыўная дружына аграрна-тэхнічнага каледжа. Другое месца занялі прадстаўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, трэцяе — дзярж­прафліцэя. Каманда-пераможца ўзнагароджана Кубкам, дыпломам і медалямі, а прызёры спаборніцтваў адзначаны дыпломамі і медалямі.
Лепшым іграком чэмпіянату прызнаны навучэнец аграрна-тэхнічнага кале­д­жа Віталь Мілаш, які быў заахвочаны каштоўным прызам за сваё ўдалае выступленне ў гэтых спаборніцтвах.

На здымку: каманда аграрна-тэхнічнага каледжа — пераможца чэмпіянату раёна па валейболе.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.