Вальшчык лесу

406З левага боку ад асфальтаванай шашы, якая ідзе ад вёскі Звязда па накірунку на Пышна, у прыдарожным лясным масіве рупліва працаваў вальшчык лесу Стайскага лясніцтва Аляксей Вініцкі. Ён умелымі, дакладна выверанымі рухамі зразаў бензапілой сухія і пашкоджаныя дрэвы, у тым ліку вырваныя прама з карэннем моцным штармавым ветрам, а таксама хмызняк і кустоўе, складваючы асобна дзелавую драў­ніну і звычайныя паленні, якія можна выкарыстаць на дровы. А сучча, адыходы вытворчай дзейнасці, драўляныя рэшткі Аляксей Мікалаевіч акуратна зносіў у іншыя месцы, размяшчаў у пэўныя кучы, прызначаныя для ўтылізацыі. Такім чынам ён ачышчаў лясныя ўгоддзі ад захламленасці. Міжволі залюбаваўся вынікамі работы вальшчыка, пасля якой лясныя наса­джэнні набылі прыгожы, добраўпарадкаваны выгляд. Шэрагі стромкіх, здаровых дрэў, якія засталіся пасля ачысткі, як па ранжыры выстраіліся па ўсім наваколлі, упэўнена пацягнуліся ў вышыню.
— Выконваю гэтую работу ў 195-ым квартале лесу Стайскага лясніцтва ўжо на працягу двух тыдняў, — паведаміў Аляксей Мікалаевіч. — Аплата маёй працы напрамую залежыць ад канчатковых вынікаў дзейнасці. Таму некалі “перакурваць”, прахало­джвацца. Больш папрацуеш — больш атрымаеш грошай.
— Дзе жывеце?
— У бацькоўскім доме ў вёсцы Поплаўкі.
— Ці вялікая падсобная гаспадарка?
— Трымаю каня і жарабя. Дзякуючы гэтаму маю магчымасць добра апрацаваць прысядзібны зямельны ўчастак, у дастатковай колькасці заправіць глебу арганічнымі ўгнаеннямі, атрымаць высокі ўраджай бульбы, гародніны, самых розных сельскагаспадарчых культур. Ды і аднавяскоўцам дапамагаю ў ворыве, пасадцы і ўборцы бульбы. Акрамя таго, на сваёй вясковай сядзібе ўтрымліваю дзясятак курэй, сабаку-ахоўніка.
— А як наконт сям’і?
— Няпроста знайсці спадарожніцу жыцця. Гэта як у горадзе — лю­дзей на вуліцы побач бачыш шмат, а ўсе — чужыя. Вымушаны шукаць сабе жонку ўжо за межамі раёна. Такую дзяўчыну, здаецца, усё ж напаткаў. Падабаецца мне яна, можа, і ажанюся.
Патэлефанаваў майстру лесу Стайскага лясніцтва Сяргею Ганчару.
— Аляксей Вініцкі працуе ў нашым лясніцтве каля дзесяці гадоў, — паведаміў ён. — Спачатку быў лесарубам, а потым, пасля адпаведнага навучання ў Бешанковіцкім вучылішчы, стаў выконваць абавязкі вальшчыка лесу. Як добрасумленнага работніка, што, акрамя ўсяго іншага, строга выконвае патрабаванні аховы працы і тэхнікі бяспекі, яго ў апошні час перавялі працаваць індывідуальным вальшчыкам лесу. Штомесяц у сярэднім ён нарыхтоўвае каля 100 кубаметраў дзелавой драўніны і дроў. За высокія вытворчыя паказчыкі Аляксей Мікалаевіч неаднаразова заахвочваўся грашовымі прэміямі.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.
На здымку: Аляксей Вініцкі — майстар сваёй справы.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.