Вечер в диспетчерской сельскохозяйственного производственного филиала «Заозерье» ОАО «Витебский мясокомбинат» выдался очень напряженным

img_1144 Вечар дзявятага жніўня ў дыспетчарскай сельскагаспадарчага вытворчага філіяла “Заазер’е” ААТ “Віцебскі мясакамбінат” выдаўся вельмі напружаным, чакалі і пераправяралі кожную навіну з зернятока: вось-вось экіпаж Леаніда Аляксеенкі і Паўла Ханяка павінен быў узяць планку ў тры тысячы тон намалочанага збожжа. З аднаго боку, усе, ад дырэктара да дыспетчара, былі перакананыя, што чарговы працоўны рубеж будзе ўзяты. Інтрыга заключалася ў іншым: ці здолее экіпаж захаваць за сабой першынство ў вобласці, заваяванае раней, ці не паспеюць апярэдзіць яго камбайнеры-калегі з Аршанскага, Сеннескага, Талачынскага раёнаў, якія з даўніх часоў па праве лічацца жытніцай Віцебшчыны. І калі прыйшло паведамленне: “Ёсць 3000 тон!” — усе з палёгкай уздыхнулі.

Не меншае напружанне было і ў дыспетчарскай інтэграванай структуры ААТ “Віцебскі мясакамбінат”. За два гады ў вытворчасць сельгаспрадукцыі былі ўкладзены значныя сродкі, набывалася навейшая імпартная сельгастэхніка: трактары, касілкі, корманарыхтоўчыя комплексы, прэс-падборшчыкі, камбайны; у гаспадаркі накіроўваліся мінеральныя ўгнаенні, сродкі аховы раслін, куплялася насенне гібрыднае і элітных рэпрадукцый — і вось вынік, ураджай, якім поўняцца зернятокі і засекі.
Як толькі атрымалі інфармацыю, яе тут жа накіравалі ў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. Там праверылі, пераправерылі паўторна.
Аказалася, што экіпаж Леаніда Аляксеенкі і Паўла Ханяка з СВФ “Заазер’е” ААТ “Віцебскі мясакамбінат” першым у рэспубліцы дасягнуў намалоту збожжа ў тры тысячы тон! Бліжэйшыя канкурэнты адстаюць літаральна на дзве гадзіны.
Назаўтра павіншаваць перадавікоў на поле ля вёскі Мацюшына Сцяна прыехала прадстаўнічая дэлегацыя на чале з генеральным дырэктарам ААТ “Віцебскі мясакамбінат” Віктарам Пазняком. Камбайн убіраў яравую пшаніцу сорту “васіліса”, камп’ютар паказваў ураджайнасць каля 34 — 38 цэнтнераў з гектара. Галоўны аграном гаспадаркі Уладзімір Судак каменціруе:
— Сёлета ўраджайнасць неблагая. У сярэднім па гаспадарцы маем па 35,4 цэнтнера на круг. Зжалі азімы рапс, азімыя збожжавыя культуры, узяліся за яравыя. Убралі больш за 60 працэнтаў зерневага кліна. Так што у аптымальныя агратэхнічныя тэрміны ўкладваемся.
— Як думаеце, на чатыры, пяць тысяч тон хлопцы змогуць выйсці сёлета?
— Пажывём — пабачым, я быў бы вельмі асцярожным у прагнозах, — адказаў спецыяліст. — Зараз намалоты аб’ектыўна меншыя, чым у пачатку кампаніі. Па-першае, яравыя зерневыя культуры па вызначэнні менш ураджайныя, чым азімыя. Успомніце, гектар азімага жыта і трыцікале даваў па 60 — 70 цэнтнераў, месцамі даходзіла да 100. Яравыя зараз даюць па 34 — 38 ц/га. Ды фактар нябеснай канцылярыі — надвор’я — ніхто не адмяняў. Пакуль што яно спрыяе правядзенню ўборачных работ, але ж у прыродзе ўсё ўзаемазвязана, сухмень калісьці павінна быць кампенсавана дажджамі. У любым выпадку будзем спадзявацца на лепшае і максімальна выкарыстоўваць пагодлівы час.
Камбайн прыпыніўся. Вадзіцель Сяргей Чуес падаў МАЗ пад выгрузку бункера.
Між тым лепельскія артысты наладзілі імправізаваны канцэрт. У гонар перадавікоў гучалі песні, цёплыя словы віншаванняў, дзяўчаты ўручылі ім сімвалічныя снапы. Госці віншавалі перадавікоў, уручалі ім падарункі. Кожны пажадаў не спыняцца на дасягнутым, а штурмаваць новыя вяршыні ў чатыры, пяць тысяч тон.
img_1065Разам з камбайнерамі віншаванні прымалі таксама вадзіцелі Сяргей Чуес і Уладзімір Парфяновіч. Першы перавёз дзве тысячы тон, другі — больш за тысячу. Хлопцы перавезлі б і больш, але па патрэбах гаспадаркі іх часам накіроўваюць на іншыя транспартныя работы: то зерне на камбінат хлебапрадуктаў адвезці, то трэба даставіць камбікармы для кароў і цялят, то тэрмінова запчасткі для трактароў спатрэбяцца. Як кажа Сяргей, спакой ім толькі сніцца.
Шчырыя словы ўдзячнасці следам за Віктарам Пазняком выказвалі старшыня абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК Віктар Гутараў, начальнік райсельгасхарчу Міхаіл Кісялевіч, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Сяргей Марціновіч. Кожны прыйшоў не з пустымі рукамі.
Пасля ўрачыстай часткі Віктар Пазняк пагадзіўся адказаць на некалькі пытанняў.
— Віктар Васільевіч, навіну аб лідарстве ў межах усёй рэспублікі менавіта лепельскага экіпажа ўспрыняў з радасцю, захапленнем, але і разам з тым, не хаваю, з некаторай доляй недаверу. Няўжо нам удалося апярэдзіць шматгадовых лідараў з Брэсцкай, Гродненскай, Гомельскай абласцей?
— Я і сам спачатку не дужа паверыў. Але нашы звесткі былі правераны і пераправераны ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання. Бліжэйшы канкурэнт адстае літаральна на дзве гадзіны. Лідарства лепяльчан абумоўлена шэрагам аб’ектыўных і суб’ектыўных фактараў. Па-першае, сёлета вясна пачыналася амаль што экстрэмальна, пасяўная кампанія ва ўсёй Беларусі пачалася пазней за шматгадовыя агратэхнічныя тэрміны на тыдзень-два, і тая ж самая Брэстчына сеяла амаль што разам з Віцебшчынай. Па-другое, значныя ўкладанні ў тэхнічнае перааснашчэнне, у забеспячэнне мінеральнымі ўгнаеннямі, сродкамі аховы раслін дае свой станоўчы вынік. Па-трэцяе, самі людзі адчуваюць адказнасць за канчатковыя вынікі працы і, адпаведна, свой даход, заработную аплату. Таму стараюцца, шчыруюць. Яшчэ хацеў бы заўважыць, што намалоты, ураджай — вынік працы не толькі Леаніда Аляксеенкі і Паўла Ханяка. Гэта толькі вяршыня. Аснова ўраджаю закладвалася кожным працаўніком, спецыялістамі. Бо калі б не ўзаралі, не ўнеслі ўгнаенні, не засеялі і не даглядалі б за пасевамі, калі б на адным якім-небудзь этапе здарыўся б правал — ні пра які добры вынік немагчыма было б весці гаворку! Таму і апраўданым выступае патрабаванне аб жорсткай тэхналагічнай дысцыпліне.
— У склад інтэграванай структуры ААТ “Віцебскі мясамбінат” уваходзяць гаспадаркі сямі раёнаў вобласці. Як на іх фоне выглядае Лепельшчына, СВФ “Заазер’е”?
— Даваць агульную адзнаку, на мой погляд, пакуль што рана, бо з некаторымі гаспадаркамі, як з “Заазер’ем”, плённа супрацоўнічаем другі год, з іншымі толькі пачалі сумесную працу. Магу толькі сказаць, што пасяўныя плошчы структуры вельмі вялікія, ворыва сёлета апрацоўваем 72 тысячы гектараў — утрая больш, чым увесь Лепельскі раён. Так, у гаспадаркі ўкладзена шмат, але, бачыце самі, ёсць і адпаведная аддача. Аднак дасягнутае — не мяжа. Нашы гаспадаркі, нашы землі могуць даваць значна больш. Сёлета, напрыклад, надвор’е не дало нам дабраць, мы атрымалі б яшчэ больш збожжа.
Падарункі ўручаны, фота на памяць зроблена, камбайн запускае рухавік і зноў вяртаецца да сваёй надзённай працы.
Васіль МАТЫРКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.