Ведется в Заслоново реконструкция жилого дома

 

img_2573 Амаль год вядзецца ў Заслонаве рэканструкцыя жылога дома насупраць універмага. Больш за дзесяць гадоў прастаяў будынак з забітымі аконнымі праёмамі, пакуль дачакаўся прыходу будаўнікоў. Аднак аб усім па парадку.

Жылыя шматкватэрныя дамы для сем’яў каманднага складу Чырвонай арміі ў населеным пункце 116-ты кіламетр (такая першая назва цяперашняга Заслонава) пачалі ўзводзіцца яшчэ напрыканцы 1920-х гадоў, калі пачаўся рэгулярны рух па чыгунцы Орша — Лепель і на Лепельшчыне на пастаяннай аснове былі раскватараваны вайсковыя часці. У савецкія часы армія была настолькі вялікай, што для сем’яў афіцэраў і прапаршчыкаў часта не хапала жылля. Ва ўсялякім выпадку, пры СССР свабодных кватэр не было ні ў Бароўцы, ні ў Межыцы, ні ў Заслонаве.
У 1990-я гады сітуацыя мяняецца кардынальна. Скарачэнне колькасці арміі парадзіла непрывычную на той час з’яву — незаселеныя кватэры ў вайсковых гарадках. Пуставалі цэлыя дамы, аконныя праёмы, каб туды не патрапілі вандалы, забівалі дошкамі. Утрымліваць іх у прыгодным стане было занадта дорага, а адрамантаваць — яшчэ даражэй. У Заслонаве некалькі закінутых дамоў нават разбурылі.
Дзесяць гадоў таму было прынята прынцыпова важнае рашэнне аб перадачы жыллёвага фонду і ўсёй інфраструктуры з ведання Міністэрства абароны ў камунальную ўласнасць. Жыхарам Лепеля, навакольных вёсак, якія мелі патрэбу, былі прапанаваны кватэры ў Заслонаве. І многія раней пустыя кватэры атрымалі сваіх гаспадароў.
Разам з гэтым кіраўніцтвам Узброеных сіл быў узяты курс на паступовае павелічэнне колькасці ваенаслужачых у 19-й гвардзейскай механізаванай брыгадзе. Сітуацыя зноў перамянілася, з’явілася патрэба ў жыллі. Маладыя афіцэры з сем’ямі прасілі выдзеліць ім кватэры, а свабоднага жылля не было.
Такім чынам, было прынята рашэнне аб рэканструкцыі закансерваваных жылых дамоў. Актыўныя рамонтна-будаўнічыя работы на першым доме распачаліся летась у жніўні. Зараз яны выходзяць на фінішную прамую. Праходзім па будаўнічай пляцоўцы з майстрам КУВП “Бароўка” Аляксандрам Варошкам.
— Пад час рэканструкцыі ад будынка засталіся сцены, перакрыцці, балконы, лесвічныя пралёты, у многіх кватэрах захавалася падлога. МАЗамі вывозілі будаўнічы друз: кавалкі тынкоўкі, бітую цэглу, аконныя рамы і шмат іншага. Над домам найперш зрабілі новы двухскатны дах, які надзейна засцерагае ад ападкаў і зберагае цяпло. Металічнымі канструкцыямі былі ўмацаваныя амаль усе балконы, звонку іх абшылі металапрофілем. У кватэрах сцены патынкаваныя, устаўлены новыя шклопакеты. Адначасова з гэтым былі заменены ўсе інжынерныя сеткі і камунікацыі: сістэмы гарачага і халоднага водазабеспячэння, каналізацыі, ацяплення, уся электраправодка. Адметны факт. Раней у гэтым доме для падагрэву вады выкарыстоўваліся індывідуальныя газавыя воданагравальнікі, а зараз падведзена цэнтралізаванае гарачае водазабеспячэнне.
Прайшліся па кватэрах. У іх няма пакуль што ні ўваходных, ні міжпакаёвых дзвярэй, няма і электрычных разетак з выключальнікамі, сантэхнікі, аднак цёпла, батарэі грэюць, а капітальныя сцены і перагародкі патынкаваныя.
— З тынкоўкай было вельмі шмат працы, — кажа Аляксандр Варошка. — Кладка цэглы шмат дзе няроўная, гэтыя няроўнасці трэба было выпраўляць. Месцамі таўшчыня тынкоўкі даходзіць да пяці сантыметраў і больш. Дом ацяпляецца, хутка прасыхае.
— Якія маленькія, цесныя кухні! Санвузлы і ванныя таксама цесныя! А ў цяперашніх кватэрах ставяцца халадзільнікі, мікрахвалевыя печкі, тэлевізары ў кухнях. У цесных ванных не будзе месца для пральнай машынкі-аўтамата.
— Вымушаны з вамі пагадзіцца. У гэтым доме двух- і трохпакаёвыя кватэры. Жылыя пакоі адносна прасторныя, а вось службовыя… Кватэры рабіліся па старых савецкіх стандартах, калі на такія памяшканні, як кухня, санвузлы, адводзіўся мінімум карыснай плошчы. Пры рэканструкцыі, наколькі разумею, планіроўка кватэр не мянялася, бо для гэтага трэба было б пераносіць капітальныя, нясучыя сцены, што ніяк немагчыма. Хаця пры гэтым размясціць і падключыць пералічаныя вамі электрычныя прыборы і шмат іншых цалкам мажліва — новая медная электрычная праводка гэта дазваляе. Яна здольная вытрымаць значную нагрузку. У ванных прадугледжана ўстаноўка новых акрылавых ваннаў. У будучым жыхары могуць іх замяніць на душавыя кабіны, якія займаюць нашмат менш месца, а на вызваленым можна паставіць машынку.
— Якія работы выконвае на аб’екце КУВП “Бароўка”?
— Самая галоўная — тынкоўка вонкавых сцен, выраб адкосаў, лесвічныя пляцоўкі і шмат іншага. Акрамя нас зараз і на ранейшых этапах працавалі субпадрадныя арганізацыі, якія выконвалі розныя спецыялізаваныя работы: пракладку электрасетак, мантаж водаправода і сантэхнікі, ацяплення.
— Калі мяркуецца ўвядзенне дома ў эксплуатацыю?
— Канкрэтных тэрмінаў называць не магу, бо не валодаю ўсёй інфармацыяй. Спадзяюся, што да канца лета першыя сем’і справяць наваселлі. Дарэчы, афіцэры, іх жонкі час ад часу прыходзяць сюды, прыглядаюцца да кватэр, ацэньваюць іх вартасці. Дзеляцца планамі, як у далейшым мяркуюць зрабіць свае кватэры яшчэ больш утульнымі.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: рэканструкцыя дома ў Заслонаве.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.