Веснавы дзень год корміць

imgpreview— Пасяўная кампанія завершана. Якія плошчы засеяны сёлетняй вясной? — пытанне да начальніка раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Васіля Чарэдніка.
— Усяго ў раёне планавалася засеяць яравымі культурамі 14857 гектараў, з іх 8390 гектараў адводзіліся пад яравыя зерневыя: авёс, пшаніцу, ячмень, зернебабовыя; 1920 га — пад яравы рапс; 3300 га — пад кукурузу. Аднымі з першых далажылі аб выкананні планаў сяўбы зерневых такія гаспадаркі, як СВФ “Заазер’е”, ААТ “Лядна”, КУВСГП “Лепельскае”. Калі заданне па сяўбе зерневай групы раслін, рапсу — на сто працэнтаў, а ў некаторых гаспадарках нават з перавышэннем, то па сяўбе кукурузы некаторыя адстаюць. Гэта, напрыклад, такія гаспадаркі, як КУВСГП “Баброва”, ААТ “Ладасна”, ААТ “Лепельрайаграсэрвіс”.
— У чым, на вашу думку, асноўныя прычыны адставанняў?
— Неаператыўнасць кіраўнікоў, якая перарастае ў бескантрольнасць спецыялістаў і абыякавасць саміх працаўнікоў. Ранняя вясна давала дастаткова часу, каб падрыхтаваць глебу, унесці неабходную колькасць угнаенняў і засеяцца. Вядома, да гэтага трэба было падрыхтаваць, адрамантаваць тэхніку: трактары, глебаапрацоўчыя і пасяўныя агрэгаты. Трэба было назапасіць дызельнае паліва, змазачныя матэрыялы, мінеральныя ўгнаенні, вывезці арганіку. Дбайныя гаспадары сустрэлі вясну ў поўнай гатоўнасці.
Некаторыя, канечне, наракалі: маўляў, не хапае грошай. Аднак недахоп грошай вынікае з неэфэктыўнасці працы. На крайні выпадак, трэба было зага­дзя паклапаціцца пра афармленне крэдытаў, тым больш, што мэтавыя крэдытныя лініі былі адкрытыя ў ААТ “Белагра­прамбанк”. Нягледзячы на гэтыя і іншыя цяжкасці, сяўбу правялі ў спрыяльныя агратэхнічныя тэрміны.
— Ці шмат давялося перасяваць азімых?
— Сёлетняя зіма была анамальная, па крайняй меры, такую капрызную цяжка прыпомніць. Амаль два месяцы тэмпература трымалася каля нуля, потым на тры тыдні ўдарылі маразы пад 20 градусаў, а закончылася зноў нулявымі паказчыкамі. Пры гэтым ападкаў выпала зусім мала, вышыня снегавога покрыва вагалася ад пяці да дзесяці сантыметраў. Добра перазімавала азімае жыта, у яго амаль нулявыя страты. А вось азімы рапс на некаторых участках загінуў. Яго давялося адсяваць рапсам яравым на гектарах. А гэта дадатковыя расходы.
— На бліжэйшай павестцы дня — корманарыхтоўка…
— У выйгрышы будзе той, хто зноў не змарнуе час, а пастараецца выкарыстаць яго з максімальным эфектам. Бо перад працаўнікамі вёскі стаіць няпростая задача — скасіць травы на шасці тысячах гектараў, нарыхтаваць не менш за тры тысячы тон сена, 75 тысяч тон сенажу.
Для выканання задачы тэхнічныя магчымасці ёсць. У гаспадарках у наяўнасці больш за 241 трактар, з іх 36 — энерганасычаныя. Ёсць 39 касілак розных тыпаў і канструкцый. Дастаткова і корманарыхтоўчых комплексаў. Дарэчы, за апошнія гады парк корманарыхтоўчай тэхнікі істотна абнавіўся. СВФ “Заазер’е” закупіў комплекс Krone, які з’яўляецца высокапрадукцыйным агрэгатам. Гэтай гаспадарцы такая высокапрадукцыйная тэхніка вельмі дарэчы, бо ў яе — самае вялікае пагалоўе­ буйной рагатай жывёлы і самыя вялікія плошчы.
Самая вострая праблема, якая зноў паўстала перад гаспадаркамі, — недастатковая колькасць дызельнага паліва. Аднак у тых гаспадарках, дзе наладжаны вытворчы працэс, ідзе рэгулярная рэалізацыя прадукцыі, ёсць і грошы.
Васіль МАТЫРКА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.