Весткі з лепельскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя

Пакаранне
за парушэнні

Супрацоўнікамі інспекцыі ў першым паўгоддзі 2016 года было зроблена 27 праверак суб’ектаў гаспадарання па захаванні патрабаванняў прыродаахоўнага заканадаўства. Толькі за парушэнні, звязаныя з забруджваннем атмасфернага паветра, аштрафавана чатыры прадпрыемствы і ўстановы на 2,2 мільёна рублёў (сума ўказана ў рублях да дэнамінацыі), неналежнае выкарыстанне земляў і нетраў — дзесяць на 12,6 мільёна рублёў, шкоднае для прыроды абыходжанне з адходамі — дванаццаць на 13,8 мільёна рублёў.

Баршчавік Сасноўскага — шкодная расліна

Асаблівая ўвага надаецца стану сельскагаспадарчых аб’ектаў і прылеглых да іх тэрыторый, міні-палігонаў цвёрдых бытавых адходаў, грамадзянскіх могілак, унутрыгаспадарчых кар’ераў, тэрыторый населеных пунктаў. Прынамсі, выяўляюцца месцы распаўсюджвання баршчавіка Сасноўскага, неналежнай барацьбы з гэтай шкоднай раслінай. Толькі за гэта сёлета ўжо прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу адкрытыя акцыянерныя таварыствы “Чарэйшчына”, “Ладасна”, “Лядна”, а таксама сялянскія фермерскія гаспадаркі “Азімка” і “Паземшчына”.

Накладзены штрафныя санкцыі

Гаражныя кааператывы — паўсядзённасць нашага жыцця. Аднак некаторыя з іх становяцца сапраўднымі расаднікамі пустазелля. Каб спыніць гэтую адмоўную з’яву, навесці на тэрыторыях гаражных кааператываў належны парадак, у бягучым годзе ўжо накладзены штрафныя санкцыі ў памеры адзінаццаці базавых велічынь на гаражны кааператыў №1 горада Лепеля.

Незаконная высечка дрэў

У апошні час усё больш фіксуецца выпадкаў незаконнай высечкі дрэў прадпрыемствамі, установамі і асобнымі грамадзянамі. За такое правапарушэнне сёлета аштрафаваны на 20 базавых велічынь ААТ “Лепельлён” і на дзесяць базавых велічынь — адзін з жыхароў Старога Лепеля.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.