ВІЧ — не прысуд

Першы выпадак захворвання на СНІД у Лепельскiм раёне быў зафіксаваны ў 2001 годзе, гэта быў малады чалавек, які ўжываў наркотыкі. Потым толькi ў 2005 і 2006 гадах былі зарэгiстраваны тры выпадкі.

Да 2010 года на Лепельшчыне было ціха, пакуль не з’явіўся так званы завазны ВІЧ. У гэты год былі выяўлены два выпадкі ВІЧ-інфекцыі, прычым абодва чалавекі прыбылі з Расіі. Як вядома, многія лепяльчане ездзяць на заробкі да нашых усходніх суседзяў. Мужчыны, бывае, месяцамі жывуць асобна ад сваіх сем’яў, без жонак. Натуральна, што некаторыя спрабуюць знайсці ўцеху, карыстаюцца паслугамi жанчын, сэкс-бiзнесу. 2012 год даў яшчэ тры выпадкі ВІЧ, i таксама прывезенныя.

Летась зафіксаваны два выпадкі ВІЧ-інфекцыі, адзін з іх — мужчына, які пераехаў да нас з іншага раёна і быў заражаны, бо жыў з хворай жанчынай.

Сёлета медыкі Лепельшчыны б’юць трывогу, з пачатку года выяўлены шэсць ВІЧ-інфекаваных, ва ўсіх выпадках заражэнне адбылося палавым шляхам. У трох выпадках інфекцыяй заразіліся мужчыны, у трох — жанчыны. Прычым калі раней у пераважнай большасці гэта была моладзь, то цяпер — асобы сярэдніх гадоў. Самы малады — 1990-га года нараджэння, старэйшы — 1969-га. Чацвёра носьбітаў былі выяўлены пры зваротах у медыцынскія ўстановы за дапамогай, не звязанай з ВІЧ, яшчэ двое — так званыя кантактныя.

Сярод усіх 18 зарэ­гiстраваных выпадкаў ВIЧ выяўлены ў 6 жанчын і аднаго дзiцяці.

Самае небяспечнае тое, што ВІЧ-інфекцыю адразу немагчыма выявіць, праходзіць некалькі месяцаў, пакуль арганізм выпрацуе антыцелы, але ж iнфекцыя ўжо перадаецца ад чалавека да чалавека.

З 2001 года памерлі тры чалавекі. Двое памерлi ад прычын, не звязаных з хваробай, яшчэ адзін памёр ад інфекцыі, выкліканай СНІДам, бо сам не хацеў лячыцца.

Кожны чалавек ад нараджэння мае прыродны імунітэт — здольнасць супрацьстаяць інфекцыям, хваробам, пераадольваць іх. У навакольным асяроддзі (вадзе, паветры, на прадметах) жывуць мільёны мікробаў, якiя трапляюць у арганізм чалавека. Аднак пераважная колькасць гіне пад уздзеяннем імуннай сістэмы. Вірусы імунадэфіцыту чалавека мэтанакіравана знішчаюць імунную сістэму, у выніку чаго арганізм становіцца безабаронным нават перад самымі, на першы погляд, слабымі і простымі хваробамі. Звычайная прастуда, на якую большасць людзей не звяртае ўвагі, у выпадку аслаблення імуннай сістэмы пераносіцца вельмі цяжка, а калі ВІЧ ужо развіўся ў арганізме, то можа адбыцца і смяротны зыход. Менавіта з-за аслабленага імунітэту ВІЧ-носьбіты часта хварэюць на іншыя цяжкія інфекцыі. Паводле статыстыкі, больш за палову інфекаваных акрамя ВІЧ маюць туберкулёз або гепатыт.

Нягледзячы на гэта, ВІЧ нельга ўспрымаць як прысуд. Усім выяўленым інфекаваным і хворым аказваецца ўся магчымая медыцынская дапамога за дзяржаўны кошт — айчынныя і імпартныя медыкаменты. Пры ўмове правільнага лячэння, выканання рэкамендацый урачоў ВІЧ-інфекаваны чалавек можа пражыць дзясяткі гадоў поўным, насычаным жыццём. У жанчыны-носьбіта ВІЧ пры правільным лячэнні і доглядзе можа нара­дзіцца здаровае дзіця. Дарэчы, такі выпадак зафіксаваны на Лепельшчыне. Дзіця было цалкам забяспечана штучным харчаваннем, бо малако маці супрацьпаказана. І цяпер дзіця расце здаровым, пад доглядам медыкаў і пры выкананні бацькамі належных правілаў.

У рэспубліцы ў 2011 — 2015 гадах дзейнічала дзяржаўная праграма па прафілактыцы ВІЧ-СНІД, на рэалізацыю выдзяляліся фінансавыя сродкі. На наступную пяцігодку гэтай праблемай будуць таксама займацца на высокім узроўні, бо распаўсюджанне ВІЧ-інфекцыі — пагроза для нацыянальнай бяспекі.

Наталля

ПАБОРЦАВА,

загадчыца аддзела эпідэміялогіі ДУ “Лепельскі райЦГЭ”.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.